Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз ратуе Грэцыю


Краіны эўразоны пагадзіліся ў чацьвер позна ўвечары выдзеліць Грэцыі ўжо другі пакет фінансавай дапамогі, спадзеючыся тым самым прадухіліць пашырэньне крызісу на іншыя часткі грашовага зьвязу.

Кіраўніцтва Эўразьвязу напярэдадні саміту краін эўразоны ў Брусэлі не хавала сваёй занепакоенасьці сытуацыяй у сувязі з грэцкім даўгавым крызісам. Пра яе сур'ёзнасьць гаварыў кіраўнік Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэл Барозу. Старшыня Эўрапейскай рады Гэрман ван Ромпэй падкрэсьліваў на прэс-канфэрэнцыі, што вырашыў склікаць гэты саміт, бо стан рэчаў быў “выразна сур’ёзны”.

Шматгадзінныя дэбаты скончыліся кансэнсусам, і кіраўнікі Эўрапейскай рады і Эўракамісіі ў суправаджэньні прэм'ер-міністра Грэцыі Георгіяса Папандрэу выйшлі на трыбуну прэсавай канфэрэнцыі як трыюмфатары.

Гэрман ван Ромпэй назваў тры важныя пастановы, аднадушна ўхваленыя ўдзельнікамі саміту: палягчэньне даўгавых умоваў для Грэцыі, узгадненьне захадаў для прадухіленьня рызыкі пашырэньня крызісу на іншыя краіны і абавязаньні палепшыць кіраваньне крызіснымі сытуацыямі ў зоне эўра. Ён таксама падкрэсьліў шырэйшае, чым толькі дапамога Грэцыі, значэньне прынятых рашэньняў:

“Нашае паседжаньне было мэтанакіраванае. Мы хацелі аднавіць фінансавую стабільнасьць зоны эўра”.

Як адзначыў ван Ромпэй, нельга было дапусьціць, каб “цяжкая сытуацыя ператварылася ў небясьпечную”. Крызісы ў паасобных краінах сталі пагражаць пераходам ў сыстэмны крызіс зоны эўра. А гэта, паводле старшыні Эўрапейскай рады, магло абярнуцца стратаю даверу да адзінай эўрапейскай валюты і нават падарваць эканамічную адбудову ў Эўропе і ў сьвеце ў цэлым.

Згодна з дасягнутымі дамоўленасьцямі, Эўразьвяз і Міжнародны валютны фонд вылучаць Грэцыі дапамогу ў памеры 109 мільярдаў эўра. Апрача таго, на працягу трох гадоў 37 мільярдаў мае выдзеліць гэтай краіне прыватны капітал. Яшчэ 12 з паловаю мільярдаў паступяць ад куплі грэцкіх аблігацыяў на другасным рынку. Усяго, такім чынам, Грэцыя можа разьлічваць на 158 мільярдаў эўра фінансавай дапамогі.

Выканаўчая дырэктарка Міжнароднага валютнага фонду Крыстын Лягард на сваёй прэс-канфэрэнцыі, аднак, адзначыла, што для яе пытаньне выдзяленьня дапамогі яшчэ ня вырашанае – фонд разглядае праграмы толькі ў тым выпадку, калі тая ці іншая краіна афіцыйна зьвяртаецца з такімі просьбамі, а Грэцыя яшчэ гэтага не зрабіла.

У адрозьненьне ад іншых камэнтатараў вынікаў саміту, сьцісла і ясна выказаўся прэзыдэнт Эўрапейскага цэнтральнага банку Жан-Клёд Трышэ. Ён пералічыў асноўныя дасягненьні сустрэчы: згоду кіраўнікоў і ўрадаў краін эўразоны ўхваліць праграму дапамогі Грэцыі, рашэньне краін эўразоны і Эўракамісіі аказаць тэхнічную дапамогу грэцкаму ўраду для рэалізацыі рэформаў, а таксама выкарыстаньне прыватнага капіталу як асаблівы выпадак у сувязі з выключнай грэцкай сытуацыяй.

“Я задаволены гэтымі абноўленымі абавязаньнямі кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў зоны эўра забясьпечыць фінансавую стабільнасьць у эўразоне”, – заявіў галоўны банкір Эўразьвязу Жан-Клёд Трышэ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG