Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Кардынал Казімір Сьвёнтак

абноўлена

Казімір Сьвёнтак
Казімір Сьвёнтак
Паводле інфармацыі курыі Пінскай дыяцэзіі, 21 ліпеня а 9 гадзіне раніцы на 97-м годзе жыцьця памёр кардынал Казімір Сьвёнтак.

Пахаванне кардынала Казіміра Свёнтка адбудзецца 25 ліпеня ў катедральным саборы Пінску, паведаміў БелаПАН адказны за СМІ пры сакратарыяце Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юры Жагарын.

Кардынал Сьвёнтак знаходзіўся ў пінскім шпіталі ад 10 сакавіка.

Кардынал Казімір Сьвёнтак нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 года ў Эстоніі ў Вальку, ахрышчаны быў у Рызе. Калі яму было 3 гады, яго сям’ю саслалі ў Сыбір. Пасьля заканчэньня Вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў Пінску 8 красавіка 1939 года ў тамтэйшай катэдры ён быў высьвечаны на сьвятара і накіраваны на працу ў Пружаны. У выніку перасьледаваньня рэлігіі ён быў арыштаваны і асуджаны на сьмерць. Два месяцы знаходзіўся ў камэры сьмерці. Вайна, якая распачалася ў 1941 г., перашкодзіла выканаць прысуд. Аднак у 1944 годзе малады сьвятар зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лягераў, дзе цяжка працаваў спачатку ў Сыбіры, а потым за Палярным кругам у Інце каля Варкуты, піша партал catholic.by.

Выйшаўшы на волю ў 1954 годзе, ён зноў апынуўся ў Пінску. Дзякуючы самаадданай і ахвярнай працы ксяндза Казіміра Сьвёнтка адбудавана пінская катэдра.

Папа Ян Павал ІІ у 1991 годзе прызначыў Сьвёнтка яго першым Мітрапалітам новастворанай Менска-Магілёўскай Мітраполіі і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Ва ўзросьце 77 гадоў новы Мітрапаліт распачаў сваё біскупскае служэньне. У 1994 годзе Ян Павал ІІ надае яму тытул кардынала — найвышэйшая адзнака, якая можа быць у Касьцёле.

27 верасьня 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ уручыў кардыналу Казіміру Сьвёнтку, спэцыяльную ўзнагароду «Fidei testis» (Сьведка веры), прысуджаную Інстытутам Паўла VI.

14 чэрвеня 2006 г. Сьвяты Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў прашэньне аб вызваленьні ад пастырскага кіраўніцтва Менска-Магілёўскай архідыяцэзіяй.

21 ліпеня 2011 года а 9 гадзіне Кардынал Казімір Сьвёнтак адыйшоў у вечнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG