Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Васілевіч: «Супрацоўнікі органаў унутраных спраў павінны быць у форме»


Рыгор Васілевіч
Рыгор Васілевіч
Сёньня генэральны пракурор Рыгор Васілевіч на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску шмат гаварыў пра посьпехі ў барацьбе са злачыннасьцю: паводле ягоных зьвестак, за паўгода колькасьць злачынстваў у Беларусі скарацілася на 14%. Аднак журналісты найперш папрасілі генпракурора выказаць сваё стаўленьне да шматлікіх парушэньняў іхніх правоў падчас выкананьня прафэсійных абавязкаў: затрыманьняў, зьбіцьця, пашкоджаньня апаратуры.

Генэральны пракурор Рыгор Васілевіч узгадаў Закон аб СМІ і распавёў пра свой зварот да міністра Анатоля Куляшова:

«Такі ліст я накіраваў 15 ліпеня на адрас міністра ўнутраных спраў наконт таго, што ёсьць правы ў журналістаў. Цяпер праводзіцца праверка. Па выніках праверкі будзем вырашаць гэтае пытаньне. Наконт журналістаў — я лічу, што вашы правы павінны выконвацца. Нават лічу, што калі журналіст прысутнічае на такой акцыі, то, можа, неяк і супрацоўнікі праваахоўных органаў будуць больш карэктна дзейнічаць».

Што да грубых дзеяньняў нявызначаных асобаў у цывільным падчас акцыяў, генпракурор патлумачыў:

«Па-першае, супрацоўнікі органаў унутраных спраў павінны быць у форме, але могуць быць і выключэньні ў залежнасьці ад задач, якія ставяцца. Павінны папярэджваць, што парушаецца парадак (калі ён парушаецца). Калі яны ня ў форме, то, прынамсі, вы павінны ведаць, хто выстаўляе вам патрабаваньні».

Цікавіла журналістаў, на якой стадыі расьсьледаваньне тэракту ў сталічным мэтро і ці будзе судовае паседжаньне адкрытым. Генпракурор адказаў так:

«Што тычыцца пытаньня, будзе паседжаньне адкрытым альбо закрытым — я магу толькі меркаваць, таму што вырашае суд. Я думаю, што будзе адкрытым. Гэта маё меркаваньне. Два чалавекі абвінавачваюцца. Сапраўды, сакрэт Палішынэля. Вы хочаце, каб я пацьвердзіў? Канавалаў і Кавалёў. Па-мойму, 1986 году нараджэньня. Яны былі ў Менску ў той дзень і ідуць у пары».

Рыгор Васілевіч заўважыў, што яшчэ ў 2008 годзе адна асоба магла быць выяўлена — хлопец у 2004 годзе ў войску здаваў адбіткі пальцаў. Што тычыцца службовай асобы, з-за дзеяньняў якой гэтых адбіткаў у базе няма, генпракурор дадаў:

«Так, супраць яго заведзеная крымінальная справа. Больш за тое, адна зь мераў стрыманьня абраная ў дачыненьні да яго, не скажу якая. І будзе вызначацца ягоная віна. У сілу таго, што суд пакуль ня вынес прысуду, я магу толькі так мякка сказаць. Прозьвішча магу назваць, але ня буду называць».

Генэральны пракурор паведаміў, што 14 ліпеня падазраваныя пачалі знаёміцца з матэрыяламі справы, і прыкладна празь месяц справа можа паступіць у суд.

Што да іншай гучнай справы — трагедыі на «Пінскдрэве», і наконт таго, ці знаходзіцца ў вышуку былі гендырэктар прадпрыемства, спадар Васілевіч кажа:

«Па Арынічу. Наколькі я ведаю, ён зараз знаходзіцца ў Польшчы. У вышук ён не абвяшчаўся, бо пакуль няма зьвестак, што ён ухіляецца ад яўкі. Што тычыцца выстаўленьня абвінавачаньня, то я не магу проста сказаць, каму яно будзе выстаўлена. Але некалькім чалавекам, відаць, будзе выстаўлена».

Пракуратура дагэтуль ня вызначыла, хто зьбіваў экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева 19 сьнежня:

«Што тычыцца Някляева, то такую праверку праводзіць пракуратура гораду Менску. Пакуль яна яшчэ ня скончана. Па выніках гэтай праверкі будзе адпаведнае рашэньне».

На пытаньне Радыё Свабода, наколькі законна было праслухоўваньне тэлефонных размоваў кандыдатаў у прэзыдэнты, на якія спасылаліся суды, генэральны пракурор адказаў так:

«У справе таго ж Строс-Кана чамусьці выявілася, што гэтую даму таксама слухалі, хоць незразумела, хто яна такая, нейкая пакаёўка. Пацьвердзілі дзякуючы праслухоўваньню, што не такі ён ужо і вінаваты. Калі падсумоўваць, то па кожным канкрэтным факце трэба глядзець і ацэньваць. Я цяпер не адкажу, чым скончыліся гэтыя праверкі. І калі гэтыя асобы ня згодныя зь дзеяньнямі адпаведных органаў, ёсьць права на судовую абарону. Нават асобы, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, маюць права на зварот у суд».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG