Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майкл Скэнлан: «Палітычныя свабоды цесна зьвязаны з эканамічнымі посьпехамі ...»


Майкл Скэнлан
Майкл Скэнлан
Часовы павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Майкл Скэнлан, адказваючы на пытаньні газэты "Народная Воля", падзяліўся развагамі аб цяперашнім стане амэрыканска-беларускіх дачыненьняў.

- На прыёме ў гонар Дня незалежнасьці ЗША Вы сказалі, што 235 гадоў таму Злучаныя Штаты ажыцьцявілі радыкальную ідэю, якая прывяла да высокіх дасягненьняў. Што гэта была за ідэя?

- Гэта ідэя аб тым, што кожны павінен мець неад'емнае права выбіраць свой урад на свабодных і справядлівых выбарах. Будучы рэалізаваным, гэта права адкрывае дарогу іншым правам і свабодам, безь якіх грамадзтва ня можа квітнець - такім, напрыклад, як права свабодна зьбірацца і выказваць сваё меркаваньне бяз страху перасьледу.

Каб урад быў "ад народу і для народу", павінна быць сыстэма стрыманьняў і проціваг унутры самога ўраду, а таксама актыўная грамадзянская супольнасьць і сродкі масавай інфармацыі, якія гарантуюць, што голас народу ў вызначэньні шляху разьвіцьця краіны будзе пачуты.

Без свабодных сродкаў масавай інфармацыі ня будзе вольнага абмеркаваньня шляху, па якім павінна ісьці грамадзтва. Прэса павінна служыць плятформай для выказваньня ўсіх магчымых меркаваньняў і не павінна прызывацца да адказнасьці за выкананьне сваіх абавязкаў. Калі ўсьведамленьне гэтага стала для беларускіх уладаў падставай для адкліканьня пазоваў супраць "Нашай Нівы" і "Народнай Волі" - мы вітаем гэта.

Я ўжо казаў раней, што палітычныя свабоды цесна зьвязаны з эканамічнымі посьпехамі. Эканамічнае разьвіцьцё немагчыма без сапраўдных палітычных рэформаў, якія ўключаюць у сябе вяршэнства закону, незалежную судовую сыстэму, свабодныя сродкі масавай інфармацыі і права народу выбіраць сваіх кіраўнікоў.

- Нядаўна прэзыдэнт Абама зрабіў заяву з нагоды палітычных асуджаных у Беларусі. Ці існуе адзінства поглядаў па гэтым пытаньні паміж рознымі палітычнымі сіламі ў ЗША?

- Прэзыдэнт асудзіў прысуды апазыцыйным кандыдатам у прэзыдэнты і падкрэсьліў, што ЗША лічаць іх і больш за 40 іншых сьмелых актывістаў палітычнымі зьняволенымі. Ён адзначыў, што суды былі відавочна палітычна матываванымі і не адпавядалі нават мінімальным стандартам, неабходным для справядлівай і незалежнай судовай сыстэмы.

Выканаўчая і заканадаўчая галіны ў ЗША падзяляюць меркаваньне аб Беларусі як аб краіне, дзе правы чалавека знаходзяцца пад пагрозай. Нядаўна Кангрэс прыняў новы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. Прэзыдэнт пашырыў заканадаўчыя рамкі для санкцый у дачыненьні да Беларусі.

Больш за тое, прэзыдэнт адзначыў у сваёй заяве, што існуе "шырокі міжнародны кансэнсус у асуджэньні дзеяньняў Аляксандра Лукашэнкі і ўраду Беларусі".

- Прэзыдэнт ЗША накіраваў ліст Кангрэсу з нагоды рэжыму надзвычайнага становішча ў дачыненьні да Беларусі. Што азначае гэты рэжым і якія прычыны яго абвяшчэньня?

- Рэжым дазваляе прэзыдэнту аддаваць ўказаньні аб замарожваньні актываў асоб, якія нясуць адказнасьць за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі, і прычыны гэтага выкладзены ніжэй: "... праведзеныя з парушэньнямі ў сьнежні 2010 года прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі і іх наступствы - жорсткі гвалт у дачыненьні да мірных дэманстрантаў; далейшыя затрыманьні, пераслед і турэмныя зьняволеньні апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты і іншых асоб, а таксама далейшыя рэпрэсіі супраць незалежных СМІ і актывістаў грамадзянскай супольнасьці - усё гэта паказвае, што ўрад Беларусі распачаў рух назад у разьвіцьці дэмакратычнага кіраваньня і павагі да правоў чалавека. Дзеяньні і палітыка членаў ураду Беларусі і іншых асоб, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты, якія парушаюць правы чалавека, зьвязаныя з палітычнымі рэпрэсіямі, і якія ўдзельнічаюць у карупцыі, працягваюць уяўляць сабою надзвычайную пагрозу для нацыянальнай бясьпекі і зьнешняй палітыкі Злучаных Штатаў. З гэтай прычыны я палічыў неабходным прадоўжыць нацыянальныя надзвычайныя паўнамоцтвы, каб змагацца з гэтай пагрозай і ўжываць захады, зьвязаныя з блякаваньнем уласнасьці некаторых асобаў".

- Беларускія ўлады настойваюць на тым, што санкцыі з боку ЗША накіраваны супраць народу Беларусі. Ці так гэта?

- Як адзначыў прэзыдэнт Абама ў сваёй заяве 27 траўня, "гэтыя захады накіраваныя супраць асобаў, адказных за рэпрэсіі, у прыватнасьці Аляксандра Лукашэнкі, а ня супраць народу Беларусі. Мы каардынуем дзеяньні зь іншымі зацікаўленымі ўрадамі, каб з дапамогай рэжыму гнуткіх міжнародных санкцый прыцягнуць да адказу тых беларускіх чыноўнікаў, якія прымалі ўдзел у рэпрэсіях. Мы таксама павялічылі нашу падтрымку дэмакратычных рэформаў у Беларусі. Мы далучаемся да Эўрапейскага Зьвязу і іншых нашым саюзьнікаў і партнэраў у падтрымцы імкненьня народу Беларусі жыць у сучасным, дэмакратычным і квітнеючым эўрапейскім грамадзтве ".

Заява прэзыдэнта Абамы адказвае на Ваша пытаньне. Я толькі хацеў бы нагадаць, што Злучаныя Штаты і ЭЗ увялі санкцыі ў адказ на парушэньні правоў чалавека ўрадам Беларусі, накіраваныя як раз супраць беларускага народу і грамадзянскай супольнасьці. Я хачу яшчэ раз паўтарыць, што наша палітыка ў сфэры санкцый наўпрост зьвязана з сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Палітычная і эканамічная сыстэма, якая пашырае свабоду беларусаў па рэалізацыі сваіх талентаў і не абапіраецца на зьнешнія субсыдыі, зьяўляецца найлепшай гарантыяй сувэрэннай і квітнеючай будучыні для Беларусі. Там, дзе ўрад Беларусі гатовы прыняць эўрапейскія і міжнародныя стандарты, мы ўзаемадзейнічалі і будзем працягваць ўзаемадзейнічаць, у тым ліку праз нашы праграмы дапамогі. Тое, як хутка і шырока мы будзем разьвіваць гэта ўзаемадзеяньне, залежыць ад ураду Беларусі, што і застаецца пакуль галоўнай перашкодай.

Гэта справядліва і для ЭЗ. Краіны ЭЗ, якія мяжуюць зь Беларусьсю, горача зацікаўленыя ва ўвядзеньні бязьвізавага рэжыму для прыкладна чатырох мільёнаў чалавек, якія жывуць па абодва бакі межаў ЭЗ зь Беларусьсю. Гэта будзе спрыяць двухбаковым кантактам і гандлю. Наколькі я разумею, рэалізацыю гэтай цудоўнай магчымасьці для беларусаў зацягвае менавіта ўрад Беларусі.

- За апошнія гады ЗША і ЭЗ зрабілі даволі жорсткія заявы з нагоды парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. Аднак беларускія ўлады практычна не зьвяртаюць на іх увагі. Якія далейшыя крокі могуць зрабіць ЗША супраць беларускага рэжыму?

- Я зноў хацеў бы працытаваць заяву прэзыдэнта Абамы, дзе гаворыцца, што, "ў адпаведнасьці з нашымі каштоўнасьцямі і прынцыпамі, урад Злучаных Штатаў будзе ўводзіць новыя санкцыі ў дачыненьні да асобных беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў у дадатак да санкцый, візавых абмежаваньняў і замарожваньня актываў, абвешчаных 31 студзеня".

Як я ўжо неаднаразова заяўляў, нашы эканамічныя санкцыі зьвязаныя з сытуацыяй з правамі чалавека і дэмакратызацыяй у Беларусі. Гэта простае матэматычнае раўнаньне: калі сытуацыя з правамі чалавека пагаршаецца, санкцыі становяцца цьвярдзейшымі і наадварот.

У цяперашні час дзеяньні ўраду Беларусі не даюць нам падставаў для зьмякчэньня санкцый. Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі ў пытаньнях правоў чалавека, выходзіць за рамкі здаровага сэнсу і міжнародных нормаў і стандартаў. Невядомыя людзі ў цывільным наўздагад хапаюць на вуліцах людзей, якія проста шпацыруюць або пляскаюць у далоні ў грамадзкіх месцах. Гэтыя абуральныя паводзіны прымусілі нават генэральнага пракурора нагадаць супрацоўнікам міліцыі аб неабходнасьці выконваць закон, ідэнтыфікаваць сябе і дзейнічаць у адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам, што павінна быць само сабой зразумела. Як мы маглі меркаваць з паводзінаў гэтых нявыяўленых асобаў, занепакоенасьць генэральнага пракурора мала паўплывала на сытуацыю. Грамадзтва павінна спытаць у сябе: ці гэта вяршэнства закону? Ці задумаліся людзі над тым, як такая лінія паводзін адаб'ецца на аўтарытэце і іміджы супрацоўнікаў міліцыі, якія добрасумленна выконваюць сваю працу? Калі нехта занепакоены, што нешта "накіравана супраць беларусаў", то прадметам занепакоенасьці мусіць стаць менавіта гэтая сытуацыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG