Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад шклоўскіх палітвязьняў дамагаюцца прашэньня аб памілаваньні


Алеся Кіркевіча ў чацьвер перавялі з карантыну ў атрад, ён зьбіраецца завочна вучыцца ў ЭГУ. Лісты і газэты да Зьмітра Новіка не даходзяць, турэмнае начальства патрабуе ад яго ды іншых палітзьняволеных, якія сядзяць у Шклове, напісаць прашэньне аб памілаваньні. Алесь Квяткевіч у Івацэвіцкай калёніі пасябраваў з Уладзімерам Лобанам.

Алесь Кіркевіч у чацьвер быў пераведзены з карантыну ў 20-ы атрад Наваполацкай калёніі. З новага навучальнага году Алесь зьбіраецца завочна вучыцца ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Пра гэта распавяла ягоная жонка Надзея:

«Алесь у карантыне быў разам зь Ігарам Аленіевічам, які праходзіў па справе менскіх анархістаў. Яны там пасябравалі, шмат размаўлялі.

Алесь піша пра свае ўражаньні, да чаго, напрыклад, падобная турэмная форма. Ён вельмі рады, што цяпер можа выйсьці, прайсьціся, убачыць зелень, неба, заход сонца…

Будзем спадзявацца, што ўдасца ўладкаваць Алеся на завочнае навучаньне ў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт — у ЭГУ ўжо быў такі вопыт, калі студэнты падчас адседкі навучаліся. Для яго, безумоўна, гэта будзе вельмі добра. Адтуль дасылаюць матэрыялы сваякам, мы дасылаем яму, ён робіць заданьні, перадае нам, і мы аддаем у ЭГУ. Вось прыкладна так гэта выглядае».

Прычым у калёніі зьняволены піша заяву, і яму павінны стварыць пэўныя ўмовы і даваць час на вучобу.

Алесь Квяткевіч адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі. Маці Квяткевіча Алена спадзявалася, што сына ў наступны аўторак прывязуць на разгляд касацыйнай скаргі ў Менскі гарадкі суд. Вельмі засмуцілася, што такія справы разглядаюцца, як выявілася, завочна, без саміх асуджаных:

«Піша, два разы тэлефанаваў. Піша, што ўсё добра, ніхто зь іх ня зьдзекуецца. Працы, праўда, няма — па дзьве гадзіны ў дзень на сваёй тэрыторыі робяць прыборку. Працы няма — і час цягнецца доўга… Піша, каб на спатканьне пакуль ня ехалі — калі прысуд уступіць у сілу, тады ён напіша заяву і, магчыма, дадуць спатканьне на суткі. Разам зь ім сядзяць Лобан і Вінаградаў. Яны адзін аднаго падтрымліваюць, сябруюць».
На дзень па два-тры разы выклікаюць у кабінэт начальніка, каб падпісалі паперы на памілаваньне

А вось маці Зьмітра Новіка, які адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі, вельмі ўсхваляваная. Лісты сыну не даходзяць, ад яго — таксама, кантактаваць зь іншымі палітзьняволенымі не дазваляюць:

«Нічога ня піша, лісты не даходзяць. Раней больш-менш рэгулярна даходзілі, цяпер — не. Квітанцыі на падпіску газэт не прыйшлі. Я хачу пісаць скаргу ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, у Генэральную пракуратуру, чаму лісты не даходзяць. 14 ліпеня тэлефанаваў, казаў, што ўсе палітвязьні ў розных атрадах. Ніхто ні з кім ня бачыцца, не дазваляюць.

На дзень па два-тры разы выклікаюць у кабінэт начальніка, каб падпісалі паперы на памілаваньне. Выклікаюць, і выклікаюць, і выклікаюць… Яны ня хочуць, сказалі, што ніхто ня будзе прасіць».

Алесь Кіркевіч

Алесь Кіркевіч
Намесьнік старшыні «Маладога Фронту», кіраўнік яго Гарадзенскай філіі. Яму 21 год. Нарадзіўся ў Гародні ў сям’і гісторыкаў. Паступіў на гістарычны факультэт Гарадзенскага ўнівэрсытэта, аднак вырашыў адкласьці вучобу дзеля палітычнай дзейнасьці.

Арыштаваны 28 студзеня пасьля ператрусу ў яго на кватэры і допыту ў Гарадзенскім КДБ па справе аб масавых беспарадках. Адвезены ў Менск і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Яму прад’явілі абвінавачаньне паводле часткі 2 артыкула 293 крымінальнага кодэксу — актыўны ўдзел у масавых беспарадках.

Аляксандар Квяткевіч

Аляксандар Квяткевіч
Нарадзіўся 4 лютага 1987 году.

Скончыў базавую 168-ю менскую школу, затым прафэсійна-тэхнічную вучэльню па спэцыяльнасьці "сталяр-станочнік". Працаваў на вытворчасьці — вырабляў кампрэсары для машын.

На плошчу прыйшоў выпадкова, пажадаўшы паглядзець, як будуць разгортвацца падзеі.

Быў затрыманы, адбыў 12-суткавы арышт за ўдзел у акцыі 19 сьнежня.

4 студзеня затрыманы як падазраваны. Абвінавачаньне выстаўленае паводле крымінальнага артыкула "масавыя беспарадкі".

Знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.

Дзьмітры Новік

Дзьмітры Новік
Нарадзіўся 16 верасьня 1981 году ў Баранавічах. Скончыў там школу № 13, потым вучыўся ў Менску ў Акадэміі фізычнай культуры, служыў у войску. Ажаніцца зьбіраўся сёлета. Зь сям’і ў яго толькі хворыя маці і бабуля.

Працаваў у ахове: спачатку ахоўнікам у рэстаране, потым — у службе бясьпекі амбасады Аб’яднаных арабскіх эміратаў.

Затрыманы позна ўвечары 23 сьнежня дома ў Баранавічах як падазраваны па крымінальнай справе пра масавыя беспарадкі; абвінавачаньне выстаўленае 30 сьнежня. Знаходзіцца пад вартай у "амэрыканцы" (СІЗА КДБ).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG