Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзясяткі эўрапейскіх NGO пратэстуюць супраць рэпрэсіяў у Беларусі


Нямецкая праваабарончая арганізацыя "Libereco — Partnership for Human Rights" і 37 іншых арганізацыяў з розных краін накіравалі напярэдадні чарговай акцыі ў Беларусі ліст пратэсту ўладам РБ. Яны асуджаюць працяг рэпрэсіяў у дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці і нядаўнія арышты цывільных дэманстрантаў. Адзначаецца, што ад 15 чэрвеня ў Беларусі падчас мірных акцыяў былі затрыманыя сама меней 1730 чалавек.

Арганізацыі заклікаюць улады РБ неадкладна спыніць перасьлед асобаў, якія ажыцьцяўляюць сваё права на свабоду сходаў і свабоду думкі, вызваліць з турмаў арыштаваных дэманстрантаў і спыніць прэвэнтыўныя арышты журналістаў і праваабаронцаў.

"Libereco — Partnership for Human Rights" вядомая тым, што некалькі месяцаў таму ініцыявала кампанію "Шэфства над палітвязьнямі". Мэта кампаніі — забясьпечыць кожнаму палітзьняволенаму ў Беларусі і яго сям’і маральную ды іншую падтрымку з боку нямецкіх парлямэнтароў. Тыя бяруць на сябе абавязак сачыць за праблемамі "падшэфнага" палітвязьня, дапамагаць, у тым ліку і матэрыяльна, ягонай сям'і, распаўсюджваць інфармацыю пра палітзьняволеных у Беларусі, каб дамагчыся іх вызваленьня.

Свае подпісы пад лістом паставілі вядомыя ў Эўропе і былым СССР праваабарончыя ініцыятывы з Азэрбайджану, Армэніі, Бэльгіі, Вялікабрытаніі, Грузіі, Літвы, Малдовы, Нарвэгіі, Нідэрляндаў, Нямеччыны, Польшчы, Расейскай Фэдэрацыі, Украіны, Харватыі, Чэхіі, Швэйцарыі, Швэцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG