Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве выступаюць за «маральныя санкцыі» супраць Менску, гатовыя прыняць палітуцекачоў


Lithuania flag, 13Oct2008
Lithuania flag, 13Oct2008
Дэпутат сойму Літвы кансэрватар Эгідзіюс Варэйкіс прапануе прымяняць у дачыненьні да Беларусі «маральныя санкцыі» — выключыць яе зь міжнародных культурных і спартовых арганізацый, а таксама забараніць краіне браць удзел у чэмпіянатах сьвету і Эўропы.

З такой прапановай Варэйкіс выступіў на міжнародным форуме «Альтэрнатыўныя стратэгіі ўдзелу моладзі ў палітыцы», што праходзіць у Троцкім раёне Літвы. Удзел у форуме бяруць актывісты не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі «Малады фронт».

Эгідзіюс Варэйкіс

«Маральныя санкцыі (выключэньне Беларусі з культурных і спартовых арганізацый, забарона на ўдзел у міжнародных мерапрыемствах, чэмпіянатах сьвету, Алімпійскіх гульнях або „Эўрабачаньні“) былі б машмат больш дзейсныя за эканамічныя. Гэта паказвае досьвед санкцый у дачыненьні да былой Югаславіі, Паўднёвай Афрыкі і СССР», — заявіў журналістам літоўскі дэпутат, які працуе ў парлямэнцкіх камітэтах эўрапейскіх справаў і замежных справаў.

«Беларускі дыктатар можа стаць „новым Гарбачовым“ толькі ў тым выпадку, калі Эўропа стане „новым Рэйганам“, а беларускае грамадзтва зразумее, што ў санкцыях вінаваты толькі менскі рэжым», — мяркуе літоўскі дэпутат.

На яго думку, у Эўропе шмат людзей, якія памылкова лічаць, што ў адносінах з афіцыйным Менскам «трэба ісьці на саступкі і ахвяраваць каштоўнаснымі прынцыпамі ў імя эканамічнай выгады». «Вынік такой палітыкі — страта як каштоўнасьцяў, гэтак і эканамічнай выгады», — падкрэсліў Варэйкіс.

Грыбаўскайце надалей супраць эканамічных санкцыяў

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце ў аўторак на прэсавай канфэрэнцыі заявіла:

Даля Грыбаўскайце

«Любыя неабдуманыя санкцыі супраць дзяржавы, супраць людзей Беларусі прывядуць толькі да аднаго — увесь беларускі народ адвернецца ад Захаду і будзе штурхнуты проста ў абдымкі іншай суседняй краіны, стане залежным ад фінансавання іншай краіны і будзе вымушаны за бясцэнак прадаць сваю эканоміку»

Яна падкрэсьліла, што Літва заўсёды падтрымлівала санкцыі ў адносінах да рэжыму, «як палітычныя, гэтак і візавыя і эканамічныя», але «трэба аддзяляць рэжым ад беларускага народу і дзяржавы Беларусь».
«Нідзе ў сьвеце гэтыя санкцыі не далі станоўчых вынікаў. І наш досьвед у пачатку 1990 году, калі Расія прымяніла эканамічныя санкцыі, асабліва ў сфэры энэргетыкі, даў зваротны вынік»,— заявіла Грыбаўскайце.

Літва гатовая даць прытулак беларускім "сьнежнікам"

Зьняволеныя зь Беларусі, якія праходзілі па «справе 19 сьнежня», калі яны гэтага пажадаюць, могуць знайсьці прытулак у Літве.
Як заявіў старшыня парлямэнцкага камітэту па замежных справах (КЗС) Эмануэліс Зінгерыс, Літва гатова іх прыняць.

Паводле яго словаў, КЗС прыняў такую пазыцыю пасьля разгляду заявы прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб перадачы зьняволеных Эўразьвязу.

"КЗС абмеркаваў апошняе выказваньне Лукашэнкі аб палітвязьнях, якія цяпер, мабыць, не безь яго ініцыятывы, знаходзяцца ў турмах Менску. Адносна гэтых палітвязьняў пасьля яго выказваньня, якое, калі гэта праўда, гучыць так: "Калі Эўразьвяз хоча іх забраць, мы іх вышлем заўтра", - наш камітэт кажа, што калі палітвязьні гэтага пажадаюць, мы гатовыя іх прыняць, але толькі з улікам іх жаданьня", - сказаў пасьля пасяджэньня камітэту ў сераду журналістам Э. Зінгерыс.

"На жаль, як бачыце, не суды, а кіраўнікі Беларусі ў аднабаковым парадку вырашаюць лёсы людзей. Калі гэта так, то Літва гатовая быць пасярэднікам", - перадае словы літоўскага парлямэнтарыя interfax.by.

У Літве зарэгістравана Асамблея НДА Беларусі

Тым часам ў Літве была зарэгістраваная Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі. Асамблея НДА аб'ядноўвае 300 грамадзкіх арганізацыяў, фондаў ды іншых некамэрцыйных структураў. Зарэгістравацца на тэрыторыі Беларусі прадстаўнікі асамблеі спрабавалі тройчы, але кожны раз атрымлівалі адмову Міністэрства юстыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG