Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для "Народнай волі" прыдумалі іншае пакараньне


Ёсіф Сярэдзіч і Анатоль Лябедзька
Ёсіф Сярэдзіч і Анатоль Лябедзька
Міністэрства інфармацыі Беларусі адклікала свой пазоў аб закрыцьці газэты "Народная воля", Вышэйшы гаспадарчы суд спыніў разгляд справы. Аднак газэту спрабуюць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці.

Сёньняшняе судовае пасяджэньне нагадала ўчорашняе — над газэтай "Наша ніва". На пачатку працэсу ўзяла слова прадстаўніца Міністэрства інфармацыі і заявіла пра адкліканьне пазову аб закрыцьці "Народнай волі":

"Міністэрства інфармацыі, кіруючыся 151-м артыкулам Гаспадарча-працэсуальнага кодэксу, просіць вярнуць пададзеную пазоўную заяву аб спыненьні выпуску газэты "Народная воля" і сплачаную дзяржпошліну ў памеры 700 тысяч рублёў. Такім чынам, пакінуць заяву без разгляду".

У залі прагучалі апладысмэнты. Судзьдзя Алена Маёрава, аднак, спыталася, ці ня супраць такой прапановы прадстаўнікі газэты. Галоўны рэдактар Ёсіф Сярэдзіч сказаў, што ня супраць: ён тры месяцы чакаў гэтых словаў, і гэта ўжо "дастаткова". Наконт вяртаньня дзяржпошліны судзьдзя параіла чытаць закон аб дзяржпошліне і ня стала камэнтаваць сытуацыю. Пасьля перапынку яны вынесла пастанову, што пазоў Міністэрства інфармацыі вырашана пакінуць без разгляду. У залі пачуліся воклічы "Жыве Беларусь!" і "Народная воля"!

Ёсіф Сярэдзіч адзначыў, што цягам трох месяцаў рэдакцыя не вылазіла з судоў. Некалькі пазоваў ініцыявала газэта. Відавочна, што сур'ёзных падставаў для закрыцьця газэты няма, і кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі нарэшце сказала сваё справядлівае слова. Аднак ціск на газэту не спыніўся.

"Учора ў рэдакцыю зьявілася група супрацоўнікаў унутраных спраў, якія склалі пратакол аб адміністрацыйнай адказнасьці. Таму я не выключаю, што нас чакае яшчэ менавіта суд, але ўжо зь іншым падыходам. Нельга ж несьці нават пакараньне за адно і тое ж некалькі разоў. Мабыць, таму міністэрства прыйшло да высновы, што лепей няхай іх пакараюць фінансава, але газэта застаецца на плыву.Таму і прынялі такое рашэньне".

Рэдакцыю вінавацяць, што яна парушала заканадаўства. Літаральна на днях, як і "Нашай ніве", газэце "Народная воля" вынесьлі папярэджаньне. Маўляў, няправільна ставіцца дата на першай паласе. Спадар Сярэдзіч лічыць такое папярэджаньне беспадстаўным.

Камэнтуючы рашэньне суду, сябра БХК Гары Паганяйла адзначыў, што яно не пазбаўляе права прасіць суд зноў вярнуцца да вытворчасьці па гэтай справе.

Гары Паганяйла

"Таму гэта не зусім спыненьне вытворчасьці па абставінах, да якіх ужо немагчыма будзе вярнуцца. Усе папярэджаньні застаюцца. І калі будзе яшчэ адно папярэджаньне, а зусім нядаўна мы яго атрымалі, то Міністэрства інфармацыі можа зьвярнуцца з просьбай аб аднаўленьні вытворчасьці па справе".

У залі суду прысутнічалі экс-кандыдаты ў прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў і Рыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, праваабаронца Валеры Шчукін і іншыя.

Спадар Лябедзька, камэнтуючы рашэньне ўладаў не закрываць "Народную волю", адзначыў, што пакуль рана рабіць высновы на доўгатэрміновую пэрспэктыву. З аднаго боку, рашэньне лібэральнае, а з другога — сытуацыя застаецца ў падвешаным стане.

"Улада не настолькі моцная, каб зараз направа і налева раздаваць аплявухі — СМІ, палітычным партыям, звычайным грамадзянам. Усё ж ёсьць нейкі калідор. Улада ўвесь час імкнецца яго пашырыць. А разам з тым грамадзтва, міжнародная супольнасьць усё ж хоча, каб гэтага калідору наагул не існавала і Беларусь была такой, як усе. Добра, што на магільніку незалежнай прэсы, які ўжо і так за 17 гадоў проста здаравенны, не зьявілася чарговая магіла. Пакуль гэта самы вялікі пазытыў".

Уладзімер Някляеў, які прысутнічаў на працэсах па закрыцьці газэтаў "Наша ніва" і "Народная воля", адзначыў, што адкліканьне пазоваў — гэта змушаны крок уладаў.

"Гэтыя рашэньні — не судовыя, а ўладныя, канечне, — усё ж першыя знакі таго, што рэжым пры ўсім сваім зьнешнім антуражы моцнага, нязломнага, перакананага ў сабе пачынае даваць трэшчыны слабасьці.І гэта надзея на тое, што ён у хуткім часе ўсё ж лясьнецца".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG