Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На стратныя беларускія НПЗ прыйшла азэрбайджанская нафта


Азэрбайджанская лёгкая нафта гатунку "Айзэры лайт" пачала паступаць на станцыю "Мазыр" ААТ "Гомельтранснафта Дружба", адкуль яе па меры назапашваньня будзе браць Мазырскі НПЗ. Як паведамілі БелТА на НПЗ, нафта можа паступіць на прадпрыемства ўжо заўтра-пасьлязаўтра.

Перапампоўка азэрбайджанскай нафты для Мазырскага НПЗ з выкарыстаньнем нафтаправоду Адэса-Броды ў авэрсным рэжыме і ўчастка Мазыр-Броды нафтаправода "Дружба" ў рэвэрсным рэжыме пачалася ў лютым сёлета.

Кантракт на пастаўку нафты з Азэрбайджана заключаны паміж "Беларускай нафтавай кампаніяй" і Дзяржаўнай нафтавай кампаніяй Азэрбайджана. Па гэтым кантракце ў 2011 годзе будзе пастаўлена да 4 млн тон нафты. Дастаўка ажыцьцяўляецца ў порт "Паўднёвы" (Украіна), а затым трубаправодным транспартам Адэса-Броды і "Дружба" -- на Мазырскі НПЗ.

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод уведзены ў эксплюатацыю ў 1975 годзе. У 1994 годзе пераўтвораны ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. У статутным фондзе доля Дзяржаўнага камітэту маёмасьці Беларусі складае 42,76%, ААТ "НГК" Слаўнафта" -- 42,58%, ТАА"МНПЗ плюс" -- 12,25%, фізычных асобаў – 2,41%.

Між тым, паводле зьвестак міністэрства фінансаў, якія абнародавала электроннае выданьне "Ежедневник", сёлета беларускія НПЗ – Мазырскі і Нафтан – узначалілі сьпіс стратных прадпрыемстваў. Іх сукупныя страты у першым квартале 2011 году склалі 363.557 млн рублёў альбо каля 120 млн даляраў. Апошнія гады і яшчэ летась НПЗ былі аднымі з галоўных крыніц паступленьня ў казну замежнай валюты.

«Нафтан» спрацаваў у студзені-сакавіку сёлета са стратай 197731 млн рублёў, Мазырскі НПЗ -- са стратай 165826 млн рублёў.

Канцэрн "Белнафтахім" разьмясьціў на сваім сайце тлумачэньне, чаму «Нафтан» і Мазырскі НПЗ церпяць страты, паводле канцэрна, прычына -- у росьце вытворчасьці любой цаной, паборах дзяржавы і нявыгадных умовах паставак расейскай нафты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG