Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікулаш Дзурында: “Беларускі рэжым ня вытрымае”


Мікулаш Дзурында ў часе сустрэчы з Настасьсяй Клімовіч (зьлева) і Ірынай Віданавай
Мікулаш Дзурында ў часе сустрэчы з Настасьсяй Клімовіч (зьлева) і Ірынай Віданавай
“Рэжым гэтага ня вытрымае, і свабода праб’е сабе дарогу”, – сказаў міністар замежных справаў Славаччыны Мікулаш Дзурында пасьля пятнічнай сустрэчы зь беларускімі грамадзянскімі актывістамі, паведамляе рэсурс webnoviny.sk.

Дзурында спаткаўся ў Браціславе з палітолягам Паўлам Вусавым, шэф-рэдактаркаю інтэрнэт-часопісу 34mag.net Ірынай Віданавай і мэнэджаркаю фонду Belarus Public Policy Настасьсяй Клімовіч. Беларускія госьці знаходзяцца ў Славаччыне на запрашэньне славацкага замежнапалітычнага ведамства і фонду Pontis.

Пасьля сустрэчы кіраўнік МЗС Славаччыны заявіў, што, на яго думку, адвага людзей у Беларусі расьце. “Мы павінны даць людзям у Беларусі ясьней і відавочней зразумець, што мы іх у Эўразьвязе чакаем. Беларусь мы ўспрымаем як адназначна эўрапейскую краіну”, – адзначыў Мікулаш Дзурында.

Паводле кіраўніка славацкага МЗС, яго краіна павінна далей чыніць ціск на Лукашэнкаў рэжым, каб паказаць, што той тып палітыкі, пры якім людзей зьнявольваюць адно за тое, што яны хочуць свабодна выказаць сваю думку, для Славаччыны непрымальны.

“Мы вельмі інтэнсіўна вывучаем магчымасьці, як далей дапамагаць патрэбнаму разьвіцьцю ў Беларусі”, – падкрэсьліў Дзурында.

Часткаю праграмы беларускіх актывістаў у Славаччыне будзе публічная дыскусія ў Трэнчыне на фэстывалі “Pohoda” пад назваю “Bieloruská nepohoda na Pohode” (“Беларуская непагадзь на “Пагодзе”).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG