Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Барысік — пра казачны сьвет для ўсіх


Тацяна Барысік
Тацяна Барысік

У старажытныя часы казкі прызначаліся для дарослых, яны перадавалі жыцьцёвы досьвед продкаў, тлумачылі пабудову сьвету. А жанрам пераважна дзіцячай літаратуры зрабіліся намнога пазьней. Ці існуюць у сучасным сьвеце беларускія казкі, здольныя заваражыць сваёй мудрасьцю ды стацца добраю падказкаю для маленькіх і сталых адначасова? Ці можна адшукаць на кніжных паліцах чароўныя гісторыі і міты, якія добра пачытаць услых дарослымі і дзецьмі на сямейных летніх вакацыях? Тацяна Барысік — пра казачны сьвет для ўсіх.



Пятро Васючэнка. Страшнік Гам. Казка.

Сучасная беларуская п’еса. Менск, «Мастацкая літаратура», 1997

Кожны раз перачытваючы гэты твор, не перастаю зьдзіўляцца аўтарскай задуме. Калі чую радыёпастаноўку паводле яго, дык павялічваю гучнасьць на ўсю моц. Страшнік Гам —пачварны грыб, што вырас зь цемры і страху, у атачэньні якой жывуць галоўныя героі п’есы. Карова, баран, сьвіньня, сабака, кот уцяклі ад гаспадароў, незадаволеныя іхным стаўленьнем да сябе, і пасяліліся ў лясной хатцы. Вы ж хаця не падумайце, нібыта п’еса — забаўка для малятаў накшталт Церамка. Бо жывёлы — акурат людзі нашага грамадзтва. Маюць вычварны сьветапогляд, жывуць па недарэчных законах, ва ўсім шукаючы дробязнай выгады для сябе, не зважаюць на галоўнае. Але нягледзячы на сваю празьмерную практычнасьць, атрымліваецца тое, што атрымліваецца. Сьвіньня рые грады ў хаце, каб у гарод па моркву не хадзіць. Баран марыць стаць сьпеваком, хоць мае кепскі голас, але перакананы: «У сьпевакоў галоўнае не голас, а прычоска. Вось я і падумаў: навяду сабе прычоску. Цэлы год гадаваў. А людзі да мяне з нажніцамі. Не паглядзелі, што талент. А з лысага які сьпявак?»

Вы нязгодныя з бараном? Дарэмна. БТ уключыце.

Уладзімер Караткевіч. Лебядзіны скіт. Казкі.

Менск, «Мастацкая літаратура», 2009

Такая чытанка карысная і патрэбная і старому, і малому. Бо зьмяшчае казкі рознага ўзроўню складанасьці, поўніцца разумнымі думкамі, гумарам, цудоўна аздобленая, абуджае любоў да роднага краю, цікавасьць да яго легендаў і паданьняў. А дзецям кажа праўду жыцьця простымі словамі:

«Дзеці не ведаюць, як дарослым хлеб дастаецца. Цяжкай працай, часам прыніжэньнем. Калі зразумеюць — пашкадуюць». (Кацёл з каменьчыкамі).

Беларускія народныя казкі.

Укладальнік Уладзімер Казьбярук. Менск, «Юнацтва», 1990

Вартасьць зборніка менавіта ў ягонай унівэрсальнасьці. Чалавек любога ўзросту й густаў знойдзе тут нешта сваё. Бо казкі ў кнізе розныя: чароўныя, побытавыя, прысьвечаныя жывёлам. І ў кожнай —мудрасьць стагодзьдзяў. Дзеці зьдзівяцца, як даведаюцца, што казка «Курка Рабка» мае іншы фінал і што каб стаць сапраўдным асілкам, неабавязкова быць дужым. А дарослыя яшчэ раз пераканаюцца — за апошнія два стагодзьдзі сьвет ня надта зьмяніўся. Прачытаўшы казку «Як Сьцёпка з панам гаварыў», атрымаюць гатовы рэцэпт размовы з дурным начальствам, каторага з тых часоў нашмат паболела.

Чароўны сьвет. Зь беларускіх міфаў, паданьняў і казак.

2-е выданьне. Менск, «Беларуская Энцыкляпэдыя», 2010

Гэтае навукова-папулярнае выданьне чытаецца лёгка, нязмушана, зразумелае шырокаму колу чытачоў. Старонка за старонкаю падрабязна знаёміць з нашымі нячысьцікамі, іхнімі звычкамі, характарам, выбрыкамі, месцам і ўмовамі пражываньня, нібыта зь блізкімі сваякамі. Апівень, Валасень, Малочныя Ведзьмы ня горшыя за старажытнагрэцкіх герояў. Яны такія ж усемагутныя і вынаходлівыя, апроч гэтага свае родныя, а не набрыдзь якая! Ілюстрацыі ды апісаньні настолькі рэалістычныя, што зусім малых могуць напалохаць. А старэйшыя ня толькі пакінуць сумнеў у праўдзівасьці іхняга існаваньня, а і прыгадаюць, што таго-сяго зь нячысьцікаў сустракалі на сваім жыцьцёвым шляху. Я, напрыклад, Бадзюлю бачыла. «У цёплы час Бадзюля туляецца вакол дарог, а бліжэй да зімы ўвязваецца за чалавекам, у хаце якога і пасяляецца. З гэтага моманту там назіраюцца ўсялякія беды: чалавек пачынае піць, спускае на вецер увесь свой набытак». Істота мае выгляд немаладой, непрыгожай жанчыны: пукатыя вочы, валасы, зьбітыя ў каўтун, з адзеньня — брудная падраная посьцілка. Стрэнецеся — перадавйце прывітаньне.

Пятро Васючэнка. Каляровая затока. Экалягічная казка,

Менск, «Мастацкая літаратура», 2008

Сапраўдная казка XXI стагодзьдзя, бо з’явіцца раней такі твор ня мог. Нашы продкі не змаглі б ані напісаць такую казку, ані зразумець яе з тае прычыны, што каляровай затока зрабілася праз забруджаньне вады хімічнымі рэчывамі. Менавіта ў такіх умовах жывуць пэрсанажы казачнай аповесьці Вадзяны Клоп, Шчупачыха, Сьлімак. Твор мае захапляльны сюжэт, знаёміць з жыхарамі воднага сьвету, вучыць любіць прыроду і шукаць выйсьце з безнадзейнага становішча. Будзе асабліва карысным дзецям і падлеткам, старэйшым за сем-восем год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG