Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе зь Беларусьсю пасьля Лукашэнкі


Аглядальнік пры галоўным рэдактары расейскай "Независимой газеты" Станіслаў Мінін піша пра будучыню Беларусі пасьля Лукашэнкі. Прапануем гэты артыкул "Стрэлы ў нагу" ў перакладзе.

Навіны зь Менску, словы з высокай трыбуны, супастаўленыя зь лічбамі эканамічнай статыстыкі, пераконваюць у тым, што рэжым Лукашэнкі прайшоў пункт незвароту і павольна, але няўхільна набліжае свой канец.

Рэжым канчаткова траціць шанец на легітымную трансфармацыю. Ён валодаў дастатковым рэсурсам папулярнасьці і мог інвэставаць яго ў неабходныя эканамічныя рэформы. З аўтакратыі ва ўмовах рэліктавай постсавецкай эканомікі магла атрымацца дыктатура ва ўмовах рынку -- сусьветная гісторыя ведае такія прыклады. Лукашэнка на гэта не наважыўся, ускладніўшы самому сабе ўтрыманьне ўлады.

Здаецца, што Лукашэнка паступова губляе кантакт з рэальнасьцю, перш за усё -- эканамічнай. Ён проста не разумее, што адбываецца, і ня здольны на сыстэмны скачок.
Зрэшты, кажучы пра тое, што ў беларускага рэжыму быў (ёсьць?) шанец, мы зыходзім з таго, што аўтакратыя і савецкі рэнэсанс для Лукашэнкі -- рацыянальны выбар. Але што калі гэта мэнтальная адыктыўнасьць? На карысьць другога варыянту сьведчаць словы і ўчынкі беларускага прэзыдэнта. Здаецца, што ён паступова губляе кантакт з рэальнасьцю, перш за усё -- эканамічнай. Ён проста не разумее, што адбываецца, і ня здольны на сыстэмны скачок -- у гэтым драматызм сытуацыі.

Рэжым асуджаны. Калі і як ён спыніць сваё існаваньне -- гэтае пытаньне застаецца адкрытым. Усё залежыць ад сьвядомасьці самога Лукашэнкі, яго унутраных маральных тармазоў, хуткасьці фармаваньня крытычнай пратэстнай масы і здольнасьці рэжыму карміць паліцыю, армію і спэцслужбы.

Аднак ці азначае гістарычная параза мадэлі дзяржавы імя А.Р. Лукашэнкі асуджанасьць рэжыму? Мабыць, гэта адно з галоўных пытаньняў, якімі варта сёньня задацца. Гэта пытаньне пэрспэктывы.

Беларусаў чакае балючы пераход ад грамадзтва гарантыяў і разьмеркаваньня да грамадзтва ініцыятывы і канкурэнцыі.
Цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі параўноўваюць з апошнімі гадамі СССР. Беларусаў чакае балючы пераход ад грамадзтва гарантыяў і разьмеркаваньня да грамадзтва ініцыятывы і канкурэнцыі, і праблема заключаецца ў псыхалягічнай гатоўнасьці грамадзян да фундамэнтальных пераменаў. Дзяржава Лукашэнкі думала катэгорыямі «тут і цяпер», а эфэкт будучых рэформаў будзе адкладзены.

Лукашэнка пазбаўляе створаны ім рэжым магчымасьці быць прызнаным у зьмякчанай, «лібэральнай» форме. Гэта азначае пэрспэктыву рэальнай палітычнай канкурэнцыі і часовую перамогу сілаў, гатовых узяць на сябе адказнасьць за ажыцьцяўленьне рэформаў. Яны змогуць акумуляваць электарат і перамагчы дэмаралізаванага суперніка. Яны атрымаюць падтрымку замежных крэдытораў і грошы. Аднак адкладзены эфэкт рэформаў прывядзе да таго, што палітыка новай эліты ня будзе карыстацца папулярнасьцю.

Фрустрацыя грамадзтва спародзіць патрэбу рэстаўрацыі ранейшай сыстэмы, напрыклад, у фармаце «раньняга Лукашэнкі». Гэты запыт будзе падхоплены ўмоўнай партыяй рэваншу, якая складаецца як з мэнтальных прыхільнікаў старой сыстэмы, так і з палітыкаў, для якіх асядлаць хвалю азначае атрымаць доступ да ўлады. Партыя рэваншу будзе ўзмацняцца, заваёўваць усё больш месцаў у парлямэнце і тармазіць рэформы.

Ці здабудзе партыя рэваншу ўладу і ці адбудзецца рэстаўрацыя «старых добрых лукашэнкаўскіх часоў, калі ва ўсіх усё было»?

Гэта залежыць ад таго, ці зможа новая, рэфармісцкая эліта за кароткі тэрмін выхаваць стабільны электарат.

Гэта залежыць ад здольнасьці новай эліты расставіць прыярытэты. Напрыклад, замест чыста палітычнай барацьбы з прывідамі рэжыму Лукашэнкі весьці адкрыты дыялёг з грамадзтвам, мэтай якога зьяўляецца рэальны кансэнсус адносна каштоўнасьці рынкавых пераўтварэньняў.

Гэта залежыць ад жаданьня замежных кампаніяў інвэставаць у беларускі рынак.

Гэта залежыць ад здольнасьці новай эліты стрымліваць працэс эміграцыі маладых беларусаў, якія зьяўляюцца рухаючай сілай рэформаў. Ці зможа яна пераканаць іх, што яны могуць пасьпяхова жыць і працаваць на радзіме.

Гэта залежыць ад таго, ці зможа беларуская прадукцыя выйсьці на сусьветны рынак.

Зрэшты, нават калі рэфарматары праваляць усе вышэйназваныя «заданьні», паўнавартасная рэстаўрацыя старога рэжыму апынецца цяжкай з дзьвюх прычынаў.

Расея больш ня будзе інвэставаць сродкі ў астравок настальгіі па Савецкім Саюзе.
Па-першае, Расея больш ня будзе інвэставаць сродкі ў астравок настальгіі па Савецкім Саюзе і лячэньне ўласных фантомных постсавецкіх боляў.

Па-другое, беларускі рэваншысцкі рэжым ня зможа скарыстацца кан'юнктурай коштаў на нафту, як гэта зрабіла кіраўнічая эліта нулявых у Расеі. Адзіным эканамічным мэханізмам, што будзе працаваць у Беларусі, будзе рынкавы.

Адбудзецца палітычная маргіналізацыя мэнтальных прыхільнікаў старога парадку, іх электарат паступова будзе скарачацца.

Размова, такім чынам, ідзе сёньня аб тым, наколькі хутка атрымаецца вылечыць беларускую хваробу і якое пакаленьне беларускіх грамадзян зможа адчуць на сабе эфэкт новай эканамічнай палітыкі.

Рэжым Лукашэнкі як мадэль кіраваньня гіне.
Зацягваючы трансфармацыю рэжыму, Аляксандар Лукашэнка ня дзейнічае (несьвядома, канечне) на пэрспэктыву і не гарантуе доўгатэрміновага палітычнага рэваншу ў будучыні партыі сваіх адэптаў. Яго рэжым як мадэль кіраваньня гіне, партыя рэваншу, можа быць, будзе блізкай па сваёй рыторыцы, але іншай у тым, што тычыцца практыкі.

Лукашэнка мог захаваць тое, што, як мне здаецца, зьяўляецца для яго галоўнай каштоўнасьцю, а менавіта пэрсанальную ўладу, калі б ён запусьціў мэханізм асьвечанай дыктатуры. Але ўсе мы бачым, зь якой годнай лепшага ўжываньня зацятасьцю ён страляе сабе ў ногі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG