Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі пра акцыю 3 ліпеня


Якое палітычнае значэньне акцыі пратэсту ў Дзень Рэспублікі? Чаму частка грамадзтва пераадолела страх, а іншыя зусім ня схільныя да пратэстаў? Ці ёсьць узаемадзеяньне паміж удзельнікамі акцый маўчаньня і аплядысмэнтаў і традыцыйнай апазыцыяй?

З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да сябра аргкамітэту Беларускага руху Віктара Івашкевіча і старшыні Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.

Юры Дракахруст

Дракахруст: Як вы ацэньваеце палітычнае значэньне ўчорашняй акцыі "маўчаньня і аплядысмэнтаў"?

Івашкевіч: Я б адзначыў два моманты. Першае - улада ў сваіх дзеяньнях дайшла да абсурду, калі людзей затрымлівалі за аплядысмэнты ці проста ні за што, бо міліцыі здавалася, што выраз твару ў людзей апазыцыйны. З другога боку гэтая акцыя паказала, што сіламі адной інтэрнэт-супольнасьці, адной моладзі, якая сядзіць "Вконтакте", мала, каб паламаць дзеяньне рэжымнай машыны. Усім тым людзям, якія былі на гэтай акцыі, і яшчэ большай колькасьці людзей, якія на ёй не былі, трэба ў найбліжэйшы час папрацаваць, каб давесьці інфармацыю да пераважнай большасьці людзей, якія ў інтэрнэце не сядзяць, што трэба змагацца за свае правы. І адным інтэрнэтам тут не абыдзесься, трэба мільёны ўлётак і газэтаў.

Анатоль Лябедзька

Лябедзька: Упершыню за доўгія гады ў Беларусі - гарачае палітычнае лета. Звычайна ў ліпені быў поўны штыль, а тут ёсьць палітычная актыўнасьць. Беларусь робіцца палітычна актыўнай круглы год і можна чакаць нарастаньня гэтай актыўнасьці. Праўда, мова ідзе пра пэўны сэгмэнт беларускага грамадзтва -- гэта актыўныя людзі, гэта тыя, якія ходзяць у інтэрнэт, да гэтага пакуль не далучыліся (і мяркую, што летам не далучацца) тыя, хто працуе на заводах, але зь імі трэба працаваць. І увосень гэтыя сэгмэнты беларускага грамадзтва могуць аб'яднацца.

Дракахруст: Як можна патлумачыць такую зьяву: сур'ёзныя рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцый маўчаньня і аплядысмэнтаў пачаліся яшчэ 2 тыдні таму -- 22 чэрвеня. Людзей білі, штрафавалі, саджалі. І тым ня менш яны, ведаючы, што іх чакае, ізноў і ізноў выходзяць на гэтыя акцыі. Такога не было, напрыклад, пасьля 19 сьнежня. Зь іншага боку іншыя людзі ставяцца да ініцыятывы маўчаньня і аплядысмэнтаў даволі абыякава. Чаму такая розьніца ў паводзінах? Тут справа толькі ў неінфармаванасьці?

Віктар Івашкевіч

Івашкевіч: Шмат людзей насамрэч ня ведае пра гэтыя акцыі. Апроч таго, значная частка людзей гатовыя выйсьці на вуліцу, рызыкнуць тады, калі яны ўпэўненыя, што ў момант гэтага выхаду можна нешта радыкальна зьмяніць. Гэтыя акцыі мелі характар дэманстрацыі пазыцыі і не маглі прывесьці да палітычных зьменаў у Беларусі. На дэманстрацыю маральнай пазыцыі без хуткіх вынікаў большасьць людзей не гатовая.

Лябедзька: Заклікі да рабочых гучаць у Сеціве. Да сярэднестатыстычнага працаўніка Трактарнага ці МАЗу, тым больш да рабочага ў рэгіёне, яны не даходзяць. Тут патрэбны іншы фармат працы, што мы і спрабуем рабіць, ісьці пад прахадныя. І пакуль ня з заклікам выходзіць на вуліцы, а зь інфармацыяй, што людзей чакае, і з нашымі прапановамі. Сярэднестатыстычны рабочы паехаў цяпер на сваё лецішча, і той, хто засеяў у сябе ангельскі газон, зараз ускапаў і пасадзіў бульбу. Гэтыя людзі прагматычныя, яны ўжо не спадзяюцца на ўладу, як раней, яны спрабуюць зрабіць падушкі бясьпекі для сябе і сваіх семьяў. Ад іх нельга чакаць актыўнасьці летам.

Ад іх трэба чакаць актывізацыі увосень, калі яны вернуцца з лецішчаў, калі атрымаюць больш дарагія жыроўкі. І ня толькі чакаць, але і працаваць зь імі, але працаваць праз прахадныя, а не праз Інтэрнэт.

Дракахруст: Ці наладжваецца ўзаемадзеяньне паміж арганізатарамі акцый аплядысмэнтаў і маўчаньня і традыцыйнымі суб'ектамі палітыкі - партыямі, рухамі, кампаніямі, аргкамітэтамі? Здаецца, што арганізатары гэтых акцый самі крыху дыстанцуюцца ад гэтых традыцыйных палітычных суб'ектаў.

Івашкевіч: Ёсьць партыі і партыі, апазыцыя і апазыцыя. Ёсьць арганізацыі, якія ня хочуць пастаўляцца пад рэпрэсіі, вядуць сябе больш абачліва, а ёсьць тыя, якія ўваходзяць у аргкамітэт Народнага сходу. І я думаю, што ў межах падрыхтоўкі да 8 кастрычніка, арганізатары маўклівых акцый і аргкамітэт Народнага сходу правядуць супольную скаардынаваную працу, і 8 кастрычніка выйдзе раз у 10 больш людзей, чым гэта было 3 ліпеня.

Лябедзька: Ёсьць камунікацыі. Які сэнс камусьці ад кагосьці дыстанцыявацца? Актыўнасьць гэтых маладых людзей у Сеціве -- вельмі пэрспэктыўны кірунак і тут не павінна быць рэўнасьці. Мы дапаўняем адны другіх. Мы цяпер, як партыя, занятыя прасоўваньнем антыкрызіснай праграмы. Я лічу, што гэта вельмі важна і што ніхто іншы гэтага ня зробіць. Гэтак жа і тое, што робіць гэтая моладзь у Сеціве, ніхто іншы ня зробіць, хаця калі мы гаворым пра ўдзельнікаў маўклівых акцый. то як тут можна дзяліць? У мінулую сераду нашы людзі прымалі ўдзел у гэтых акцыях у 28 рэгіёнах, у 5 былі затрыманыя. Але яны ішлі на гэтыя акцыі як грамадзяне, а не пад партыйнымі штандарамі. Я лічу, што розныя кірункі дапаўняюць адзін другога, і гэта трэба толькі вітаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG