Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве будуць судзіць журналістку Ільіну


4 ліпеня ў Ленінскім судзе Магілёва маюць разгледзіць адміністрацыйныя справы супраць пяці затрыманых на маўклівай акцыі “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”, якая адбылася напярэдадні. Сярод затрыманых журналістка Ганна Ільіна.

Ноч яна знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Ёй супрацоўнікі спэцназу, які разганяў акцыю, інкрымінуюць парушэньне двух артыкулаў адміністрацыйнага кодэкса – удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве й непадпарадкаваньне міліцыі.

Ганна Ільіна здымала на камэру саму акцыю, а потым маўклівае шэсьце пасьля яе. Затрымала журналістку з гвалтам некалькі міліцыянтаў. У міліцэйскім аўтобусе ёй зрабілася кепска, але мэдыкаў не выклікалі. Дазволілі толькі падыхаць праз фортку. З аўтобуса выпусьцілі толькі на падворку Ленінскага аддзелу міліцыі.

Акрамя Ільіной у ізалятары ўтрымліваецца па такім жа абвінавачваньні яшчэ адна дзяўчына – Аліна Скрабінова. Яе затрымалі за тое, што яна нібыта здымала акцыю пратэсту на мабільны тэлефон. Яе таксама гвалтам заштурхнулі ў аўтобус. У ізалятары правялі ноч трое хлопцаў – імя аднаго з іх Андрэй Шалабодаў.

Усяго на акцыі пратэсту затрымалі дванаццаць чалавек. Сямёра зь іх абвінавачваюцца ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Сярод іх праваабаронца Барыс Бухель й незалежны журналіст Аляксандар Асіпцоў. Пасьля складаньня пратаколаў ноччу затрыманых адпусьцілі да суда. Пра яго паведамяць позвамі.

3 ліпеня маўклівую акцыю пратэсту, на якую традыцыйна зьбіраецца пераважна моладзь у сквэры насупраць плошчы Леніна, разагнала міліцыя. Прыкладна каля двухсот удзельнікаў пасьля выцясьненьня са сквэру рушылі калёнай па пешаходнай вуліцы Ленінскай. Да яе сталі далучацца яшчэ людзі. Калёна вырасла да 500 чалавек. Людзі не выкрыквалі лёзунгаў, а пляскалі ў ладкі. На перакрыжаваньні вуліцы Ленінскай і Пажарнага завулка міліцыянты калёну расьсеклі, але некаторыя пратэстоўцы дайшлі да Савецкай плошчы, дзе разышліся. На гэтай плошчы перад ратушай у той момант магілёўцы зьбіраліся на салют.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG