Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" зьвярнулася да спэцслужбаў Расеі


Суполка "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" накіравала ў Генпракуратуру, ФСБ і іншыя дзяржаўныя органы Расеі зварот з просьбай праверыць факты ціску на адміністрацыю сеткі "Вконтакте" з боку беларускіх уладаў. Пра гэта паведаміў адзін з ініцыятараў суполкі Вячаслаў Дзіянаў.

Старонка групы заблякаваная з учорашняга дня. Даступнай для карыстальнікаў застаецца толькі так званая сьцяна абмеркаваньня. Актывісты суполкі не сумняваюцца, што гэта – праца беларускіх спэцслужбаў з мэтай не дапусьціць арганізацыі ў Беларусі акцый маўклівага пратэсту, ініцыятарам якіх зьяўляецца "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі".

Паводле словаў Дзіянава, зьвязацца з адміністратарамі сеткавага праекту "Вконтакте", якія знаходзяцца ў Санкт-Пецярбургу, пакуль не удалося – яны не выходзяць на сувязь. Дзіянаў спадзяецца, што пагаварыць зь імі атрымаецца ў панядзелак.

Зварот у расейскія дзяржорганы накіраваны 2 ліпеня ў другой палове дня. "Мы просім праверыць факты ціску на найбуйнейшае ў Расіі сацмэдыя", - сказаў Дзіянаў.

Сеткавы праект "Вконтакте" яго стваральнікі называюць "унівэрсальным сродкам камунікацыі і пошуку людзей". Адміністратары сайту сьцьвярджаюць, што "Вконтакте" – самы наведвальны рэсурс рускамоўнага сэгмэнту інтэрнэту, на долю якога прыпадае больш за палову інтэрнэт-трафіку СНД. Штодня рэсурсам карыстаюцца дзясяткі мільёнаў чалавек.

Суполка "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" зьяўляецца ініцыятарам грамадзянскай кампаніі маўклівага пратэсту ў Беларусі. Яе сутнасьць у тым, што людзі рэгулярна зьбіраюцца ў цэнтры сваіх гарадоў. Не скандуючы лёзунгаў і заклікаў, яны проста кантактуюць і час ад часу пляскаюць у ладкі, выказваючы такім чынам сваю нязгоду з палітыкай кіраўніцтва краіны.

З 1 чэрвеня ў Беларусі прайшло ужо пяць такіх акцыяў – яны праводзіліся кожную сераду. Апошнія дзьве скончыліся масавымі затрыманьнямі, штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі ўдзельнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG