Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Будславе — фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай


Фота Кастуся Шыталя.
Фота Кастуся Шыталя.
У вёсцы Будслаў Мядзельскага раёну адбылася штогадовая ўрачыстасьць у гонар абраза Маці Божай Будслаўскай. Удзел у малітоўнай урачыстасьці прынялі тысячы вернікаў і сьвятароў, а таксама госьці з-за межаў Беларусі.

2 ліпеня у вёсцы Будслаў і навакольлі — выходны дзень для ўсіх жыхароў незалежна ад дня тыдня. Тут — сьвята абраза Маці Божай Будслаўскай. Але Будслаўскі фэст — адна з найгалоўнейшых урачыстасьцяў усіх беларускіх каталікоў, кажа прэсавы сакратар каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, ксёндз Юры Жэгарын:

«Гэта агульнанацыянальны санктуарый, дзе ўся каталіцкая Беларусь яднаецца тут на малітве. Будслаўскі фэст набыў вялікую папулярнасьць у нашыя часы, пасьля таго, як Беларусь атрымала рэлігійную свабоду. Некаторыя пілігрымкі, да прыкладу, катэдральная пілігрымка зь Менску, адзначае 21-ы прыход сюды, у Будслаў».

Па традыцыі Будслаўскі фэст доўжыўся цягам сутак: першыя пілігрымы пачалі прыбываць да касьцёлу, дзе разьмешчаны абраз Маці Божай Будслаўскай, каля 13-й гадзіны напярэдадні. Пехатою, на роварах і матацыклах цягам некалькіх дзён яны ішлі і даяжджалі з гарадоў і мястэчак усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама па традыцыі — зь Літвы, Польшчы і Расеі. Пра пачуцьці ад кілямэтраў малітоўнага шляху ад Менску да Будслаўскай сьвятыні кажа адна зь менскіх пілігрымаў Маша Карповіч:
Мы вельмі ўражаныя вялікай колькасьцю людзей тут — з Жодзіна, Маладэчна, Барысава і многіх іншых гарадоў.

«Мы вельмі ўражаныя вялікай колькасьцю людзей тут — з Жодзіна, Маладэчна, Барысава і многіх іншых гарадоў. Усе людзі вельмі вясёлыя, узьнёслыя, акрамя малітваў сьпяваюць таксама рэлігійныя песьні. І гэта так узмацняла, што вельмі лёгка было ісьці да Марыі, каб прасіць за сям’ю і нашу Беларусь. І яна дае — мы верым, што будзе так, як мы просім, так, як яна таго хоча».

Цэнтральнай часткай урачыстасьцяў стала сьвятая Імша, якая распачалася апоўначы масавай працэсіяй удзельнікаў сьвята вакол будслаўскай сьвятыні з запаленымі сьвечкамі. Адначасова ў малітве удзельнічалі каля трохсот сьвятароў і некалькі тысяч вернікаў, а ўзначаліў яе мітрапаліт менска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Затым цягам ночы доўжыліся малітоўныя чуваньні, якія перамяжоўваліся з канцэртнымі выступленьнямі касьцёльных хораў з усёй Беларусі, а таксама праграмамі для моладзі. Галоўны ж зьмест Будслаўскага фэсту — духоўны, кажа ксёндз Юры Жэгарын:

«Адметнасьцю штогадовага сьвяткаваньня Будслаўскай сьвятыні ёсьць тое, што прыходзяць новыя людзі, што кожны раз гэтае сьвята перажываецца па-іншаму. Але перадусім будслаўскія ўрачыстасьці — гэта малітва за Беларусь, за тое, каб як мага больш людзей паверылі ў Бога, каб мы ўсе сталі лепшымі, каб мы былі таксама патрыётамі сваёй радзімы».

Урачыстасьці ў нацыянальным санктуарыі ў Будславе завершыліся сьвятой імшой днём 2 ліпеня. Жывую відэатрансьляцыю ўрачыстасьцяў сёлета можна было таксама назіраць праз інтэрнэт.
Апошнімі гадамі на Будслаўскім фэсьце ўсіх вернікаў, у тым ліку сьвятароў і законных сясьцёр, кантралююць супрацоўнікі спэцслужбаў, прапускаючы да месца ўрачыстай малітвы праз мэталашукальнікі і пасьля догляду асабістых рэчаў. З гэтай нагоды сёлета пілігрымы Віцебшчыны правялі акцыю пратэсту. Вернікаў абурылі дзеяньні міліцыянтаў, якія забаранялі людзям мець пры сабе парасоны. Каля тысячы чалавек сталі на калені і прасьпявалі малітоўны гімн «Магутны Божа», не падыходзячы да міліцэйскага ачапленьня. Гэтак яны выказалі свой пратэст супраць умяшальніцтва сілавікоў у хаду рэлігійнага сьвяткаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG