Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маўчуны» падаюць скаргі на дзеяньні спэцназу


Затрыманьні ў Менску 29 чэрвеня.
Затрыманьні ў Менску 29 чэрвеня.
У пракуратуру Менску накіравана некалькі скаргаў тых, каго міліцыянты ў цывільным затрымлівалі 29 чэрвеня як удзельнікаў акцый «маўклівага пратэсту».

Паводле зьвестак менскай міліцыі, усяго 269 удзельнікаў акцыі маўклівага пратэсту былі затрыманыя 29 чэрвеня, зь іх на 130 былі складзеныя пратаколы за дробнае хуліганства. Каля 30 чалавек 30 чэрвеня былі засуджаныя да штрафаў і арышту — максымум да 15 сутак. Суды над астатнімі перанесеныя на няпэўны тэрмін.

Затрыманыя ня згодныя з пратаколамі і абураныя тым, як з імі абыходзіліся міліцыянты ў цывільным.

Паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», на 1 ліпеня сама меней тры скаргі ў пракуратуру Менску ўжо пададзеныя, некалькі скаргаў рыхтаваліся цягам 1 ліпеня. Людзі скардзяцца на тое, што іх беспадстаўна затрымлівалі асобы ў цывільным, якія не называлі сябе, нічога не тлумачылі і пры гэтым дзейнічалі вельмі груба ці нават гвалтоўна.

Паводле тых, хто трапіў пад «хапун» 29 чэрвеня, гэта былі не асобныя выпадкі, а масавая зьява. 25-гадовая жыхарка Полацку Вольга Варфаламеева прагульвалася зь сябрам каля Сьвіслачы. Калі зьвярнулі да выставачнага павільёну, трапілі ў натоўп, а адтуль у аўтазак — як хуліганы, якія нібыта «брыдкасловілі». У Ленінскім РАУС Вольга абвяргала гэтыя паказаньні міліцыянтаў. Тых, хто яе затрымліваў, Вольга добра запомніла:
Калі мяне спыталі, ці бачыла я тых міліцыянтаў, я адказала, што магу іх нават намаляваць.

«Калі мяне спыталі, ці бачыла я тых міліцыянтаў, я адказала, што магу іх нават намаляваць, бо добра іх запомніла пры затрыманьні. Тым больш што яны і потым „мільгацелі“ ў бамбасховішчы ў Ленінскім РАУС, куды нас, усіх 46 чалавек затрыманых, адвезьлі».

Але міліцыянта, які вёў размову з Вольгай, гэта не зацікавіла. На яе думку, яе пакінулі сярод затрыманых таму, што яна ня мела пашпарту. Ноч на 30 чэрвеня Вольга правяла ў адзіночцы ізалятара на Акрэсьціна, побач зь дзяжуркай. Дзяўчына распавяла, як чула размовы міліцыянтаў зь людзьмі, што званілі на Акрэсьціна, шукаючы сваякоў:

«Потым яны падымалі слухаўку праз раз, а потым увогуле перасталі падымаць, бо нібыта стаміліся казаць, што нічога ня ведаюць, дзе людзі».

Пасьля абеду 30 чэрвеня ў камэру, дзе трымалі Вольгу Варфаламееву, прывялі моладзевую актывістку Паліну Кур’яновіч. Дзяўчына абуралася, што ёй, адзінай з затрыманых, у тым ліку мужчын, у Савецкім судзе далі адміністрацыйны арышт —15 сутак. Самой Вользе пашанцавала больш — увечары яе вызвалілі, але папярэдзілі, што пазьней паклічуць у суд у Полацку, па месцы жыхарства. Вольга перакананая, што туды на суд над ёй сапраўдныя сьведкі-міліцыянты зь Менску не паедуць. Прызнаваць сябе вінаватай Вольга Варфаламеева не зьбіраецца.

Гэтаксама як і Павал Бургун, якога затрымалі каля МакДональдса разам зь яшчэ некалькімі юнакамі. Усе яны проста стаялі пад аркай, хаваючыся ад дажджу. Потым, калі яны супаставілі дадзеныя пратаколаў аб іх затрыманьні, узьнікла ўражаньне, што іх затрымлівалі сапраўдныя «бэтманы», якія могуць лётаць у паветры:
Аказалася, што нас усіх затрымлівалі тыя ж два супрацоўнікі ў адзін час, але ў розных месцах.

«Аказалася, што нас усіх затрымлівалі тыя ж два супрацоўнікі ў адзін час, але ў розных месцах. Аднаго — на праспэкце Незалежнасьці, другога — на Янкі Купалы, некага — на Інтэрнацыянальнай. Няйнакш яны лёталі ў паветры».

Праваабаронца зь «Вясны» Наста Лойка кажа пра яўныя парушэньні закону супрацоўнікамі міліцыі падчас разгону «маўклівых пратэстаў»:

«Міліцыянты былі бяз формы, бяз картак з прозьвішчамі. Было незразумела, што гэта за людзі, чаму яны ўжываюць фізычную сілу і кудысьці валакуць. У большасьці людзей было ўражаньне, што гэта проста хуліганы, якія іх выкрадаюць. Пры гэтым яны не тлумачылі падставы затрыманьня і надалей толькі грубілі, у тым ліку ўжывалі нецэнзурную лаянку. Мы на ўсё гэта зьвяртаем увагу ў скаргах і будзем чакаць выніку іх разгляду».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG