Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народная Воля» супраць БТ: рашэньне будзе вынесена 5 ліпеня


Сьвятлана Калінкіна
Сьвятлана Калінкіна
30 чэрвеня Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду ў складзе трох судзьдзяў пачала разгляд скаргі рэдакцыі газэты «Народная воля» да Белтэлерадыёкампаніі. Беларускае тэлебачаньне палічыла, што артыкул Сьвятланы Калінкінай «Гаворыць і паказвае Гебельс-ТВ», апублікаваны ў «Народнай волі», нанёс шкоду яго дзелавой рэпутацыі. У судзе ў чацьвер былі заслуханы абодва бакі і прадэманстраваны фільм «Плошча. Жалезам па шкле», з-за якога і разгарэліся жарсьці.

БТ палічыла, што журналістка парушыла артыкул 34 Закону аб СМІ — не падала доказаў сваіх асабістых меркаваньняў. І артыкул Калінкінай «Гаворыць і паказвае Гебэльс-ТВ» быццам бы падрывае дзелавую рэпутацыю Белтэлерадыёкампаніі на міжнародным узроўні.

Сёньня ў судзе выступалі ў асноўным прадстаўнікі аднаго боку — «Народнай волі». У прыватнасьці, Сьвятлана Калінкіна патлумачыла азы журналістыкі, працытаваўшы падручнік «Уводзіны ў тэорыю журналістыкі»:

«Матэрыял «Гаворыць і паказвае Гебэльс-ТВ» не адносіцца да жанру «артыкул». Гэта жанр аўтарскага камэнтару, аўтарскай калёнкі. І, адпаведна, патрабаваньні да гэтага жанру наступныя:

«Галоўнае патрабаваньне ад аўтарскага камэнтару — утрымліваць толькі адзін пункт погляду — асабістае меркаваньне аўтара, характарызавацца сваім голасам і стылем. Мы тут маем справу з жанрам, які адлюстроўвае асабістае меркаваньне аўтара, у дадзеным выпадку маё асабістае меркаваньне. І пазоў — прызнаць, адпавядае ці не адпавядае асабістае меркаваньне рэчаіснасьці, — абсурдны».
Пазоў — прызнаць, адпавядае ці не адпавядае асабістае меркаваньне рэчаіснасьці, — абсурдны.

Дарэчы, Белтэлерадыёкампанія не выказвае ніводнай прэтэнзіі да фактаў, ніводзін з фактаў не аспрэчваецца пазоўнікам. Больш за тое, Калінкіна ў сваім артыкуле адзначае, што ў фільме былі прыведзены ілжывыя меркаваньні, выкарыстоўваліся недапушчальныя і незаконныя мэтады — праслухоўваньне тэлефонных размоваў.

І дзелавая рэпутацыя БТ залежыць не ад меркаваньня журналісткі Калінкінай, а ад якасьці прадукцыі тэлебачаньня.

Прадстаўнік Белтэлерадыёкампаніі, вядучы юрыст Віталь Карплюк на ўсе пытаньні, якія яму задавалі прадстаўнікі «Народнай волі», адказваў, што ён юрыст, а не журналіст. Яго асабіста закранула згадка імя Гебэльса. Сьвятлана Калінкіна патлумачыла, што такое «гебэльсаўская прапаганда», што словазлучэньне «Гебэльс-ТВ» — гэта трапны выраз, які характарызуе менавіта прапагандысцкую журналістыку. І што гэта не вынаходка Калінкінай — пошукавік «Google» сёньня раніцай даў 3 тысячы спасылак на такі запыт.

Потым прысутныя ў судзе глядзелі фільм «Плошча. Жалезам па шкле».

Пасьля палымяных прамоваў галоўнага рэдактара «Народнай волі» Ёсіфа Сярэдзіча, аўтаркі артыкула Сьвятланы Калінкінай і юрыста Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйлы, якія атрымалі сьвежыя ўражаньні ад прагляду фільму, прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі не наважыліся выступаць.

Суд абвясьціў перапынак да аўторка. Рашэньне будзе вынесена 5 ліпеня аб 11-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG