Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыскатэка і хапун – адказ на маўчаньне


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

У чым былі асаблівасьці маўклівай акцыі 29 чэрвеня ў Менску і іншых гарадах Беларусі? Наколькі на яе ход паўплывалі новыя прыёмы ўлады і арганізатараў? Якое значэньне мае сёньняшняя дэклярацыя аб адзінстве, абвешчаная статуснай палітычнай апазыцыяй? Пра гэта ў Экспэртызе Свабоды разважаюць аглядальнік нашага радыё Валер Карбалевіч і рэдактар Інтэрнэт-выданьня “Белмы” Кірыл Пазьняк.

Дракахруст: Якімі асаблівасьцямі, ў параўнаньні з папярэднімі, вызначаліся сёньняшнія маўклівыя акцыі?

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Першае – гэта новая тактыка ўладаў, якія згулялі на аперажэньне, прызначылі на плошчы канцэрт і захапілі яе для свайго мерапрыемства. Другое – гэта тое, што колькасна акцыі маўклівага пратэсту не растуць. Нельга сказаць, што сёньня на вуліцы і плошчы беларускіх гарадоў выйшла больш людзей, чым тыдзень таму. Нарастаньня пакуль няма.

Дракахруст: Кірыл, вы згодныя з такой ацэнкай? Некаторыя назіральнікі наогул кажуць, што гэтая акцыя не атрымалася, што хваля пайшла на спад...

Кірыл Пазьняк

Пазьняк: Сапраўды, сёньня не было ня тое што геамэтрычнай прагрэсіі, не было нават арытмэтычнай... Сёньня людзей прыйшло меней. Ясна, што абодва бакі разглядалі пратэст 29 чэрвеня як рэпэтыцыю сьвята 3 ліпеня. І тут ясна, што ўлады перайгралі арганізатараў маўклівага пратэсту. Мне здаецца, што ўлады яшчэ і здабылі некалькі плюсаў. Сярод іх такі – улады стварылі пазытыўны кантраст, раней натоўп пратэстуючых вылучаўся, а цяпер былі два натоўпы, і значнасьць і выразнасьць “рэвалюцыянэраў” была нівэляваная. Думаю таксам, што моцны ўплыў на колькасьць пратэстуючых мела залева, якая абрынулася на Менск. Ну і падчас ранейшых акцыяў яшчэ мела значэньне такая пэўная мода, флэшмобаўскі стыль акцыяў, якія так любіць інтэрнэт-публіка.

Дракахруст: Чаму такая ўвага надаецца альтэрнатыўнай праўладнай акцыі? І падчас ранейшых акцыяў людзей на плошчу ўсё роўна не пускалі. Дык якая роля тых БРСМэмаўцаў, якія запоўнілі плошчу? І ці выкзвалі члены БРСМ нейкую агрэсію адносна ўдзельнікаў маўклівага пратэсту?

што да сэнсу альтэрнатыўнай акцыі ўладаў, дык я думаю, што яна разбурае фармат рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі

Карбалеваіч: Агрэсію праяўлялі найперш сілавікі. А што да сэнсу альтэрнатыўнай акцыі ўладаў, дык я думаю, што яна разбурае фармат рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі. Воплескі пратэстоўцаў не даюць такога эфэкту, калі на плошчы адбываецца яшчэ нейкая дзея. А па ходзе перабудавацца і прапанаваць нейкія іншыя формы арганізатары маўклівага пратэсту пакуль не змаглі.

Дракахруст: Гэтым разам абодва бакі ўжывалі новыя тэхналягічныя хады: ініцыятары акцыі заклікалі ўдзельнікаў станавіцца ў чэргі ў аўтазакі, тым самым дэманструючы, што яны не баяцца і зводзячы рэпрэсіі да абсурду. Наколькі эфэктыўнымі аказаліся гэтыя навацыі, што яны зьмянілі?

Карбалевіч: Я такія выпадкаў ня бачыў, але наогул такія навацыі, магчыма, маюць сэнс. Калі людзі ідуць, сьмяюцца і пляскаюць у ладкі – тут ёсьць элемэнт нейкагат дзеяньня. Калі ж людзі сядаюць на зямлю і проста сядзяць, ці становяцца ў чэргі да аўтазакаў – тут ужо нешта іншае, у гэтым выпадку, калі іх будуць хапаць, грамадзкая думка можа стаць на бок пратэстуючых, паколькі міліцыя хапае не вінаватых ні ў чым людзей.

Дракахруст: Кірыл, а вы адзначылі нейкія навацыі з боку арганізатараў пратэсту?

Шырока рэклямаваны ў апошнія дні заклік станавіцца ў чэргі да аўтазакаў, цалкам не спрацаваў

Пазьняк: Не, я не заўважыў навацыяў. Шырока рэклямаваны ў апошнія дні заклік станавіцца ў чэргі да аўтазакаў, цалкам не спрацаваў. Сам ён сягае да практыкі польскай “Салідарнасьці”, чым, відаць, і тлумачыцца яго паходжаньне, бо арганізатары пратэсту, як вядома, цяпер знаходзяцца ў Польшчы. А тое, што ён не спрацаваў, відаць, тлумачыцца разгубленасьцю арганізатараў і ўдзельнікаў, бо яны не чакалі такіх захадаў з боку ўладаў.

Дракахруст: Напярэдадні сёньняшняй акцыі каардынатары “маўклівых акцыяў” зьвярнуліся да рабочых з заклікам далучацца да іх ініцыятывы? Ці меў гэты заклік плён? Паводле дадзеных апошніх апытаньняў НІСЭПД расчараваньне ўладай у беларусаў даволі вялікае.

На маю думку, іх зварот да работнікаў – быў пасьпешлівы. Яны зарана вырашылі свой пратэст палітызаваць. Яшчэ не насьпеў час масавага пратэсту

Пазьняк: Арганізатара і ўдзельнікі маўклівых пратэстаў – людзі інтэрнэтныя. Пра іх нічога ня ведае самы глыбокі пратэстны слой насельніцтва, тыя самыя работнік. На маю думку, іх зварот да работнікаў – быў пасьпешлівы. Яны зарана вырашылі свой пратэст палітызаваць. Яшчэ не насьпеў час масавага пратэсту. Тое самае можна сказаць і пра зварот арганізатараў да апазыцыі. Яшчэ няма крытычнай масы пратэстнага настрою нават сярод інтэрнэтчыкаў, каб зьвяртаццуа да шырокіх слаёў рабочых. Наконт апытаньняў НІСЭПД можна сказаць, што незадавальненьне ўжо даволі вялікае, але пратэстных настрояў яшчэ мала.

Дракахруст: А ваша думка, Валер? Паводле дадзеных апытаньняў, незадавальненьне ўладай даволі вялікае, але калі паглядзець на вуліцу – дык там яно амаль не праяўляецца.

Карбалевіч: Справа ў тым, што народ ня бачыць альтэрнатывы ў самым шырокім сэнсе гэтага слова. Ня бачыць людзей і структур, якія маглі б узяць сытуацыю ў свае рукі і арганізаваць пратэст. Ня бачыць і мэханізмаў, з дапамогай якіх пратэстны настрой мог бы быць рэалізаваны. Для моладзі шпацыр па плошчы, гэта экстрэмальная форма адпачынку, гэта “прыкол”, для работнікаў жа гэта незразумела. Я чакаў ад сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі лідэраў апазыцыі, што яны дадуць адказы на гэтыя пытаньні, але яны казалі зусім пра іншае.

Дракахруст: Сёньня ж адбылася прэсавая канфэрэнцыя асноўных апазыцыйных сілаў краіны, на якой было абвешчана пра дасягненьне адзінства. Гэта важная падзея ці маргінальная зьява – кшталту сёньня аб'ядналіся, заўтра ізноў пагрызуцца? Многія заўважалі, што апазыцыя не прымала выразнага ўдзелу ў “маўклівых акцыях”. Ці зьмянілася сёньня гэтая сытуацыя?

Раней казалі, што як толькі зьявіцца рэальная магчымасьць змаганьня з уладай, то апазыцыя адразу аб’яднаецца, а цяпер вось гэтая магчымасьць зьявілася, а апазыцыя няздольная прапанаваць нейкі рэальны альгарытм дзеяньняў

Карбалевіч: Я, шчыра кажучы, не зразумеў, навошта яны сабраліся і пра што яны там заявілі. Яны заявілі, што ў іх ёсьць адзінства ў пытаньні вызваленьня палітвязьняў і правядзеньня ў Беларусі вольных выбараў. Але тут нічога новага. Тут у апазыцыі адзінства існуе даўно. А грамадзтва даўно чакае адказаў на пытаньне, што рабіць. Раней казалі, што як толькі зьявіцца рэальная магчымасьць змаганьня з уладай, то апазыцыя адразу аб’яднаецца, а цяпер вось гэтая магчымасьць зьявілася, а апазыцыя няздольная прапанаваць нейкі рэальны альгарытм дзеяньняў.

Дракахруст: А як вы ацэньваеце сёньняшнюю прэс-канфэрэнцыю, і як вы ацэньваеце магчымасьць аб’яднаньня статуснай апазыцыі і сацыяльнага пратэсту ў форме “Стоп-бэнзіну” і маўклівага пратэсту?

Пазьняк: Тут мае месца і дэфіцыт зьмястоўнасьці, і дэфіцыт лідэрства. Новыя акцыі пратэсту новых лідэраў не вылучаюць, а старыя лідэры апазыцыі да новых акцыяў ставяцца скептычна і прэтэнзіяў на лідэрства ў іх не выстаўляюць. Мне таксама здаецца, што сёньняшняя прэс-канфэрэнцыя нічым не адрозьніваецца ад таго, што было ў студзені, калі была створана нейкая Рада і прынятая нейкая дэклярацыя... Гэта такі шаблонны экспартны варыянт дзеяньняў, каб паказаць, што апазыцыя аб’ядноўваецца, а ўнутры краіны няма з чым ісьці да народу і сказаць, што мы аб’ядналіся па тым, тым і па гэтым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG