Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі прапанавалі Лукашэнку выхад з аўтамабільнага калапсу


29 чэрвеня кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку. У ім зьмяшчаюцца прапановы адносна выхаду з сытуацыі, якая складзецца для беларусаў пасьля 1 ліпеня, калі значна ўзрастуць стаўкі мытных пошлін на аўтамабілі, набытыя за мяжой.

"Я разумею важнасьць уніфікацыі ставак мытных пошлін з нашымі партнэрамі па Мытным саюзе, аднак такое павышэньне нэгатыўна адаб'ецца на ўзроўні і якасьці жыцьця беларускіх грамадзян", - заявіў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН лідэр АМІСП.

Паводле яго слоў, у сёньняшніх няпростых эканамічных умовах просты беларускі грамадзянін вымушаны лічыць літаральна кожную капейку, і неабходнасьць выплаты павялічаных мытных пошлін прымушае беларусаў адрываць гэтыя грошы ад іншых патрэбаў сваёй сям'і. Разам з тым, як справядліва лічыць Балыкін, аўтамабіль у сучасных умовах не раскоша, а сродак перамяшчэньня.

Разумным кампрамісам паміж інтарэсамі партнэраў у Мытным саюзе і інтарэсамі беларускіх грамадзян, на яго думку, стала б магчымасьць увозу грамадзянамі аднаго легкавога аўтамабіля на працягу каляндарнага году з выплатай пошлін па стаўках, што існуюць да 1 ліпеня. Пры гэтым магчыма забараніць адчужэньне гэтага аўтамабіля на працягу двух або трох гадоў. Магчыма таксама ўстанаўленьне ільгот для аўтамабіляў зь невялікім аб'ёмам рухавіка.

На думку кіраўніка прадпрымальніцкай асацыяцыі, рэалізацыя гэтых прапаноў дасьць магчымасьць захаваць узровень і якасьць жыцьця простых беларусаў, але ня дасьць магчымасьці нядобрасумленным грамадзянам атрымліваць неабгрунтаваную выгаду за кошт розьніцы ў стаўках мытных пошлін.

Нагадаем, на прэс-канфэрэнцыі 17 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што, набываючы аўтамабіль, беларусы ня будуць абдзеленымі.

"Нічога не хачу абяцаць, але не бывае бязвыхадных сытуацыяў. Знойдзем мы выхад з гэтай сытуацыі. Мы прапрацуем з Расеяй розныя варыянты, і я ў бліжэйшы час займуся гэтымі пытаньнямі, аж да будаўніцтва ў нас аўтамабільнага завода", - заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ня трэба попелам пасыпаць галаву, што будуць вялікія пошліны на ўвоз аўтамабіляў. "Багаты ўсё роўна купіць і з пошлінамі. А для людзей сярэдняга дастатку, бедных мы падумаем, як выйсьці з гэтай сытуацыі. Выхад знойдзем, я гэта гарантую", - падкрэсьліў Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG