Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю»


Падчас прэзэнтацыі.
Падчас прэзэнтацыі.
У Менску адбылася прэзэнтацыя грамадзкай праваабарончай арганізацыі «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю». Яе заснавальнік — прыватная асоба, а партнэры — вядомыя ў Беларусі праваабаронцы і грамадзкія арганізацыі.

Галоўная задача «Офісу па правах людзей з інваліднасьцю» — юрыдычная і праваабарончая падтрымка людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, а таксама практычная дапамога ў сацыялізацыі і стварэньні так званых безбар’ерных асяродкаў. Патрэбу ў такой дапамозе маюць больш як 504 тысячы інвалідаў, паведаміў заснавальнік арганізацыі і намесьнік кіраўніка грамадзкай арганізацыі інвалідаў-вазочнікаў Сяргей Драздоўскі:

«Ад грамадзкай арганізацыі мы амаль нічым не адрозьніваемся, бо мы некамэрцыйная, недзяржаўная арганізацыя, і гэта прынцыповая пазыцыя, бо мы хочам гаварыць ад імя грамадзтва. І сёньня мы маем магчымасьць ня толькі гаварыць аб праблемах, але рабіць захады па іх вырашэньні».

Людзі з абмежаванымі магчымасьцямі ўспрымаюць «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю» як арганізацыю, якая дапаможа даводзіць праблемы інвалідаў да вышэйшых эшалёнаў улады і спрыяць іх вырашэньню. А гэта — надзвычай важна і патрэбна, кажа старшыня грамадзкай арганізацыі людзей з абмежаванымі магчымасьцямі Ўладзімер Патапенка:
Калі быў распушчаны Вярхоўны савет 13-га скліканьня, у Палаце прадстаўнікоў ужо не працаваў і не працуе ніводзін чалавек з інваліднасьцю.

«У Вярхоўным савеце 12-га скліканьня працаваў 21 чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі. Аднак пасьля таго, калі быў распушчаны Вярхоўны савет 13-га скліканьня, у Палаце прадстаўнікоў ужо не працаваў і не працуе ніводзін чалавек з інваліднасьцю. І ўсе нашы праблемы вырашаюць тыя людзі, якія ніякім чынам іх не адчуваюць. Таму дзякую Сяргею Драздоўскаму, які адважыўся ў нашай краіне гаварыць аб правах чалавека так адкрыта і сумленна».

Падчас прэзэнтацыі «Офісу па правах людзей з інваліднасьцю» арганізатары прапаноўвалі ўдзельнікам надзець на вочы чорныя павязкі, на вушы навушнікі і сесьці ў інвалідныя вазкі, каб зьведаць, як адчувае сябе чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі. Да супрацоўніцтва далучаецца праваабарончая арганізацыя «Беларускі Хэльсынскі камітэт», а таксама іншыя грамадзкія арганізацыі, кажа дырэктарка офісу Эніра Браніцкая:

«Гэта асьветніцкая праваабарончая арганізацыя. У нас іх ня так шмат, і тое, што зьявілася яшчэ адна, — гэта добры знак для Беларусі. Яны таксама выказвалі нам жаданьне супрацоўніцтва і падтрымку ў тым, што зьявілася яшчэ адна арганізацыя, якая асобна будзе займацца правамі чалавека і правамі інвалідаў у Беларусі».

На міжнародны ўзровень «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю» плянуе выйсьці ўжо сёлета: у сьнежні праваабарончая арганізацыя ўпершыню падрыхтуе альтэрнатыўную справаздачу аб выкананьні Канвэнцыі аб правах інвалідаў у рэспубліцы Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG