Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь застанецца без расейскай электраэнэргіі


Як папярэджвалі раней у расейскай кампаніі "Интер РАО ЕЭС", з нуля гадзін 29 чэрвеня будуць спыненыя пастаўкі ў Беларусь расейскай электраэнэргіі.

Беларускі бок за апошнія месяцы завінаваціўся расейцам некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў, і ў Маскве папярэдзілі: калі грошы ня будуць пералічаныя, паступленьне электраэнэргіі спыніцца цалкам. У сваю чаргу, у канцэрне "Белэнэрга" кажуць, што беларускія спажыўцы не пацярпяць ад зьніжэньня імпарту, бо энэргасыстэма краіны ў стане забясьпечыць бесьперашкодную дастаўку электраэнэргіі.

У офісе "Интер РАО ЕЭС" пацьвердзілі, што з нуля гадзінаў 29 чэрвеня пастаўкі электраэнэргіі з Расеі ў Беларусь будуць спыненыя цалкам. Як кажа прадстаўнік расейскай кампаніі Мікалай Гарэлаў, абяцанага беларускім урадам пагашэньня доўгу за спажытую электраэнэргію так і не адбылося:

"Як раней і казаў наш старшыня праўленьня Барыс Кавальчук, калі сёньня
калі сёньня грошы не паступяць, то, адпаведна, у ноч з аўторка на сераду будзем пастаўкі адключаць ...

грошы не паступяць, то, адпаведна, у ноч з аўторка на сераду будзем пастаўкі адключаць. Калі паступяць — значыць, адключаць ня будзем. Але апошняе ўжо малаверагодна, таму што каб беларускі бок зрабіў аплату ўчора, як і абяцаў, то сёньня раніцай мы гэта ўбачылі б. Але ніякіх плацяжоў няма. Таму да заўтрашняй раніцы нешта пэўнае сказаць досыць складана".

У сярэдзіне чэрвеня, пасьля складаных перамоваў і пагрозы спыненьня паставак расейскай электраэнэргіі, Менск заплаціў "Интер РАО ЕЭС" 600 мільёнаў расейскіх рублёў (у эквіваленце — 20 мільёнаў даляраў) за сакавіцкія запазычанасьці. Аднак засталіся аналягічныя сумы доўгу за красавік, а таксама за травень.

У прэсавай службе Міністэрства энэргетыкі Беларусі ня здолелі сказаць, ці зьбіраецца беларускі бок плаціць за імпартаваную электраэнэргію ўвогуле. Там толькі ўдакладнілі, што да заплянаванага адключэньня ёсьць цэлы сьветлавы дзень, таму аплата можа адбыцца да канца 28 чэрвеня. Дарэчы, падчас папярэдніх санкцый з боку "Интер РАО ЕЭС", калі на пачатку месяца за неплацяжы пастаўкі электраэнэргіі ў Беларусь былі прыпыненыя напалову, у "Белэнэрга" тлумачылі, што праблема перадусім у немагчымасьці канвэртаваць рублі ў замежную валюту. Маўляў, беларускіх рублёў хапае, але браць іх ніхто ня хоча. Іншымі словамі, абяцаная палёгка для пазачарговага набыцьця валюты пад разьлікі за энэргарэсурсы не распаўсюджваюцца нават на дзяржаўныя прадпрыемствы.

Разам з тым яшчэ 23 чэрвеня прэм'ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч заяўляў: у Беларусі дастаткова магутнасьцяў, каб цалкам забясьпечыць унутраны рынак электраэнэргіяй. Праўда, пры гэтым заўважыў, што некаторыя энэргетычныя магутнасьці "ня вельмі эфэктыўныя".

З гэтым удакладненьнем згодны і экспэрт у энэргетычных пытаньнях Аляксандар Мех. Па яго словах, у цэнавым выражэньні расейская электраэнэргія істотна таньнейшая за беларускую, таму, нягледзячы на запэўніваньні чыноўнікаў, што Беларусь мала залежыць ад расейскіх паставак, у грашовым пляне абмежаваньні будуць адчувальныя:

Алесь Мех

"Гэта ж законы рынку. Калі ёсьць суб'екты гаспадараньня, то яны заўсёды выбіраюць тое, што таньнейшае пры адпаведнай якасьці. То бок — той жа самы тавар, але за меншы кошт. У дадзеным выпадку аналягічную карціну мы маем з электраэнэргіяй. Згодна з разьлікамі, кошт электраэнэргіі, якую нам пастаўляла Расея, істотна меншы, чым кошт такой жа электраэнэргіі, якую мы самі выпрацоўваем. Справа ў тым, што нашы электрастанцыі выпрацоўваюць электраэнэргію з той жа самай расейскай нафты, дакладней, мазуту, і з таго ж самага расейскага прыроднага газу, якія пастаўляюцца нам далёка не па ўнутрырасейскіх цэнах".

Аналітыкі адзначаюць, што нават поўнае спыненьне паставак расейскай электраэнэргіі ня будзе катастрафічным для беларускай эканомікі, бо яе доля складае ўсяго 12% у балянсе сутачнага энэргаспажываньня Беларусі.

Так, сёлета паводле кантракту зь "Интер РАО ЕЭС" Беларусь плянавала імпартаваць з Расеі 3 мільярды кіляват-гадзінаў электраэнэргіі. Для параўнаньня, агульнае спажываньне электраэнэргіі за 2010 год перавысіла 37 мільярдаў, зь якіх прадпрыемствы "Белэнэрга" выпрацавалі 32 мільярды кіляват/гадзінаў. Нязначная колькасьць электраэнэргіі пастаўляецца таксама з Украіны. Аднак эканамісты падлічылі, што ў грашовым выражэньні і расейская, і ўкраінская электраэнэргія абыходзіцца бюджэту таньней, чым тая, якая выпрацоўваецца ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG