Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: да палітычнай дзейнасьці прыдатны


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
27 чэрвеня споўнілася 50 гадоў старшыні АГП Анатолю Лябедзьку. Як адзначае юбілей апазыцыйны палітык?

Карэспандэнт: «Я жадаю вам здароўя і — напэўна, як для палітыка, гэта самае галоўнае — стаць прэзыдэнтам?».

Лябедзька: «Не, я думаю, для палітыка самае лепшае, калі палітыка ўжо няма, а яго ўзгадваюць добрым словам і кажуць, што ён зрабіў нешта добрае, пакінуў пасьля сябе. Вось гэта самае галоўнае. А колькі мы ведаем прэзыдэнтаў, якія ў гісторыі пакінулі крывавы сьлед! Многія палітыкі абсалютна не займалі ніякіх вялікіх пасадаў, але іх і па сёньняшні дзень памятаюць».

Карэспандэнт: «Чым адметны ваш юбілей? Як апазыцыйны палітык адзначае яго ў нашай краіне?».

Лябедзька: «Я не сказаў бы, што для мяне гэта нейкая дата. Я сёньня ўстаў як заўсёды, зрабіў актыўную зарадку. Той жа пэйзаж на вуліцы вакол. Нічога такога, што вось учора заснуў, а сёньня прачнуўся — і нейкі новы этап жыцьця. Для мяне адзіная прыемная нечаканасьць — гэта велізарная колькасьць тэлефанаваньняў. Вось чым займаюся — крыху стаміўся, па-добраму, размаўляючы, адказваючы на віншаваньні. Яны ідуць ад людзей вядомых і абсалютна мне невядомых з Амэрыкі, Бэльгіі, Швэцыі. Гэта прыемна. Вось адметнае — велізарная колькасьць людзей памятаюць і хочуць сказаць добрыя словы.
Пасьля такіх віншаваньняў хочацца займацца справай, якой я пакуль займаюся — палітыкай.
Я ўсьцешаны, дзякуй Богу, што жывыя мае бацькі, я зь імі сустрэўся. Што жывыя мае другія бацькі — бацькі маёй жонкі. І гэта вельмі прыемна дажыць да 50 гадоў, да гэтага юбілею, і адсьвяткаваць са сваімі бацькамі і роднымі. Гэта мяне цешыць больш за ўсё. Усё астатняе нармальна. Я ўжо крыху адзначыў, і мне кажуць, што тыдзень буду адзначаць, бо велізарная колькасьць людзей хоча прыйсьці і пабачыць, паціснуць руку. Так што я шчасьлівы чалавек. Пасьля такіх віншаваньняў хочацца займацца справай, якой я пакуль займаюся — палітыкай».

Карэспандэнт: «А вы сёньня ў Менску?».

Лябедзька: «У Менску. Я ж такі палітык з абмежаванымі магчымасьцямі. Я адпрасіўся ў КДБ. У Берасьце мяне не пусьцілі, але дазволілі зьезьдзіць на вёску, да бацькоў. Якраз адтуль толькі зранку і вярнуўся».

Карэспандэнт: «Як вы адчуваеце сябе ў свае 50? Ці ёсьць нейкая стомленасьць, або, наадварот, усё толькі пачынаецца?».

Лябедзька: «Я не дзяліў бы сваё жыцьцё на „да“ і „пасьля“. Мой фізычны тонус абсалютна нармальны. Вымушаны быў пасьля СІЗА КДБ схадзіць да мэдыкаў. Яны мне вынесьлі такі вэрдыкт, што палітычнай дзейнасьцю ў беларускіх умовах магу займацца. Так што, як кажуць, прыдатны. Што да маральнага, псыхалягічнага стану, то тут у мяне поўны камфорт. Усе, хто мяне акружае, мае родныя і блізкія, — абсалютныя аднадумцы. І да таго ж мяне цешыць, што ёсьць такая моцная каманда ў АГП. Гэта тыя, на каго я магу абапірацца правай і левай рукой».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG