Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея па-ранейшаму чакае ад Беларусі грошай за электраэнэргію


27 чэрвеня ў 24 гадзіны завяршаецца тэрмін пагашэньня беларускім бокам запазычанасьці за электраэнэргію расейскай кампаніі «Интер РАО». 9 чэрвеня «Интер РАО» ў два разы скараціла пастаўкі электраэнэргіі ў Беларусь, паколькі «Белэнэрга» не плаціла з сакавіка, а агульная запазычанасьць дасягнула 1,5 мільярда расейскіх рублёў. Тады бакам удалося дамовіцца, што доўг будзе выплачаны некалькімі траншамі, і пастаўкі аднавіліся. Але другі транш зноў ня быў пералічаны своечасова, і 21 чэрвеня расейцы прыгразілі спыніць пастаўкі ў Беларусь. Прайшлі перамовы, і беларусы паабяцалі пагасіць доўг да вечара 27 чэрвеня. Ці ўжо праплочана запазычанасьць «Интер РАО»?

Афіцыйны прадстаўнік «Интер РАО» Мікалай Гарэлаў паведаміў Радыё Свабода ў сярэдзіне дня 27 чэрвеня:

«Мы казалі пра тое, што панядзелак — апошні дзень, калі мы чакаем аплаты. Дзень пакуль ня скончыўся. Мы спадзяемся, што беларускія нашы партнэры аплоцяць».

Карэспандэнтка: «Вось зараз ужо 15 гадзіна па маскоўскім часе. Аплаты пакуль не было?».

«Пакуль не, але яна можа і аб 11 гадзіне вечара прыйсьці. Мы дакладна гэта будзем ведаць у аўторак раніцай».
Дзень пакуль ня скончыўся. Мы спадзяемся, што беларускія нашы партнэры аплоцяць.

У мінулы чацьвер беларускі прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч запэўніў, што доўг будзе пагашаны да 28 чэрвеня. Прэсавы сакратар Савету Міністраў Беларусі Аляксандар Цімашэнка на пытаньне, ці расплаціліся з расейцамі за электраэнэргію, адказаў так:

«У мяне інфармацыі такой пакуль няма».

Карэспандэнтка: «Ну, калі спадар Мясьніковіч абяцаў, то павінны праплаціць?».

«Напэўна, павінны. Я думаю, калі будзе праплочана, паведаміць ці Міністэрства энэргетыкі, ці мы паведамім».

Беларуская энэргасыстэма — даволі самастойная, самадастатковая, яна можа цалкам забясьпечыць патрэбы беларускай эканомікі. Былі часы, калі Беларусь зусім не імпартавала электраэнэргію. Эканамічны аглядальнік тыднёвіка «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак кажа, што нават калі «Интер РАО» і спыніць пастаўкі, гэта амаль ніяк не адаб’ецца на спажыўцах:

«Некрытычна наагул для Беларусі, але ж, асабліва ў сытуацыі такога вострага фінансавага крызісу, трэба лічыць гэтыя капейкі. Але трэба і не перабольшваць гэтую праблему. У любым выпадку, нават калі „Интер РАО“ прыпыніць гэтыя пастаўкі, Беларусь будзе са сьвятлом і прадпрыемствы будуць працаваць, як і працавалі. Але фінансава Беларусь будзе страчваць».

Цяпер, калі Беларусь вядзе вялікую працу на пераабсталяваньні сваёй энэргасыстэмы, дый асабліва летам, калі многім электрастанцыям ня трэба выпрацоўваць цяпло, мэтазгодней іх спыніць і закупляць больш танную энэргію, якую вырабляюць расейскія атамныя станцыі. Беларусь для Расейскай Фэдэрацыі — адзін з найбуйнейшых імпартэраў электраэнэргіі, яна стаіць на другім месцы пасьля Фінляндыі. І расейскі бок разумее, што часам можна пайсьці і на саступкі, кажа экспэрт у пытаньнях энэргетыкі Тацяна Манёнак:
Расейскай кампаніі нявыгадна прыпыняць гэтыя пастаўкі.

«Калі „Белэнэрга“ сутыкнулася зь фінансавымі праблемамі, то адразу ж гэтыя праблемы сталі вядомыя і ўкраінскай кампаніі-імпартэру. Украінская кампанія не пастаўляла ў доўг, а расейская кампанія даволі доўга пастаўляла ў доўг, таму што меркавала, што беларускі бок будзе разьлічвацца і разьлічыцца. І, вядома ж, яшчэ гэта сьведчыць пра тое, што расейскай кампаніі нявыгадна прыпыняць гэтыя пастаўкі».

Афіцыйны прадстаўнік «Интер РАО» Мікалай Гарэлаў усё яшчэ спадзяецца, што беларускі бок пагасіць запазычанасьць:

«Парадак такі: для таго каб адключыць, трэба падаваць заяўку. А гэта нейкі час займае. Таму, калі ў аўторак раніцай мы ўбачым, што аплаты няма, тады, адпаведна, мы пададзім заяўку, і ў ноч на сераду адбудзецца адключэньне. Але, паўтаруся, мы спадзяемся, што гэтага не адбудзецца».

Карэспандэнтка: «А наагул — шмат завінаваціліся?»

«Ну, суму доўгу мы ня можам раскрываць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG