Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіроўца на мяжы: "За гэтую ноч я пабываў у пекле"


Чатыры дні застаюцца ў грамадзянаў Беларусі, каб да ўвядзеньня ад 1 ліпеня новага мыта на ўвезеныя з-за мяжы аўтамабілі пасьпець абнавіць прыватны аўтапарк. У выніку ўніфікацыі ў рамках Мытнага саюзу беларускіх тарыфаў з расейскімі кошт машынаў істотна вырасьце. Ахвотныя прыгнаць навейшае аўто бачаць на памежных пераходах сапраўдны хаос.

Уезды ў Беларусь з польскага і літоўскага напрамкаў практычна блякаваныя перагоншчыкамі аўтамабіляў. У кілямэтровых чэргах стаяць сотні машынаў, людзі намагаюцца любым спосабам пасьпець прыгнаць аўто да 1 ліпеня. Лічыцца ўдачай, калі афармленьне дакумэнтаў займае меней чым суткі. Як кажа спадар Андрэй, які вырваўся з мытнага "палону" на пераходзе "Варшаўскі мост" пасьля 24-гадзіннага стаяньня, сытуацыя там — на мяжы страты кантролю:

"Калі я 1,5 месяца таму машыну вёз празь Бераставіцу, то прайшоў усё
Машыны бампэрамі стукаюцца, людзі матам лаюцца ...

нашмат хутчэй, дзесьці гадзінаў за 6. І нават тады думаў, што стаяў вельмі доўга. Цяпер было, канечне, шалёна. Але мы пасьпелі яшчэ больш-менш: тым, хто пасьля нас прыехаў, давядзецца на мяжы да 2 сутак прастаяць. Абстаноўка вельмі нэрвовая. Машыны бампэрамі стукаюцца, людзі матам лаюцца. Мы спрабавалі неяк людзей супакоіць, але і самі ўжо нэрваваліся, пачалі пераходзіць на мацюкі. Таму што калі так суткі пастаіш, то, натуральна, нэрвы не вытрымліваюць.

Усе нэрвуюцца, бо гэтага Мытнага саюзу ніхто ня хоча, абсалютна нікому ён не патрэбны; нармальна праз 3—4 гады мянялі б свае аўтамабілі і сёньня б тут не штурхаліся. Людзі быццам жывуць апошні дзень. Усе грошы, якія былі па банках, па кішэнях, дастаюць і літаральна апошняе аддаюць на аўто. Бо разумеюць: калі ня зробяць гэта сёньня, заўтра гэта будзе ўжо немагчыма".

Сёньня раніцай пераехаў польска-беларускую мяжу і наш калега Вячаслаў Ракіцкі. Ён таксама расказвае, што ніколі і нічога падобнага ў жыцьці ня бачыў:

"Безумоўна, у апошнія дні людзі сьпяшаюцца купіць аўтамабілі па старым
Узьнікалі страшныя спрэчкі, скандалы, людзі абражалі адзін аднаго, кожны змагаўся за сваё месца ў чарзе ...

мыце. Я размаўляў з многімі, і амаль усе казалі, што плаціць новае мыта — гэта зьдзек, таму ўсе проста сьпяшаюцца. Больш за тое, калі мы былі на "Варшаўскім мосьце", то бачылі, што ідуць і ідуць невялікія трэйлеры на Польшчу, каб яшчэ набыць і загрузіць іншыя машыны. Што тычыцца чаргі ў бок Беларусі, то машынаў было так шмат, што яны літаральна церліся, некалькі разоў мы чулі, як машыны сутыкаліся, бо не маглі выстраіцца ў нейкую калёну, каб перайсьці мяжу. Узьнікалі страшныя спрэчкі, скандалы, людзі абражалі адзін аднаго, кожны змагаўся за сваё месца ў чарзе. Гэта быў нейкі страшны хаос.

А калі ўжо аформілі дакумэнты, далей уезд у мытную зону быў папросту перакрыты: пачала неверагодна расьці чарга, кілямэтраў, мабыць, да 10 яна вырасла з польскага боку — не прапускалі беларусы, ніхто ня мог выехаць з гэтай зоны. І далей адбываліся самыя непрадказальныя рэчы: людзі па прыкладзе акцыі "Стоп-бэнзін" пачыналі дзіка сыгналіць. Стаяў страшэнны гул: напэўна, людзі спадзяваліся, што іх пачуюць праз Буг. То бок такім чынам выказвалі свой пратэст... Магу сказаць, што за гэтую ноч я пабываў у пекле".

Тым часам у Дзяржаўным мытным камітэце заяўляюць пра "спакойную сытуацыю" на пунктах афармленьня аўтамабіляў па зьнешнім контуры Мытнага саюзу. Паводле афіцыйнай інфармацыі на раніцу панядзелка, значныя чэргі на ўезд у Беларусь ёсьць на адзінкавых пунктах на мяжы з Польшчай. На літоўска-беларускім памежжы чарга на ўезд складае ў сярэднім паўсотні аўтамабіляў, на латвійска-беларускім напрамку ніякіх затораў няма.

Сярод тых, хто "марынуецца" ў чэргах, ня толькі шараговыя аўтааматары, але і людзі, каму пастаўка аўтамабіляў доўгія гады забясьпечвала сродкі да існаваньня. Цяпер жа, як перакананы экспэрт у аўтамабільнай галіне Аляксей Бабайцаў, "аўтачаўнакі" папросту зьнікаюць як кляс:

"Што тычыцца неарганізаваных каналаў паставак — а гэта перадусім людзі, якія ўвозілі аўтамабілі ў выглядзе "чаўнакоў", альбо так званая напаўарганізаваная частка тых, хто фактычна спэцыялізаваўся на другасным рынку, — то зразумела, што гэты сэгмэнт у тым выглядзе, у якім ён пакуль што існуе, зьнікне цалкам. Альбо ён будзе вымушаны вельмі істотным чынам перабудаваць свае каналы — скажам, на расейскі рынак, якісьці яшчэ. То бок яны, як і асноўная маса шараговых спажыўцоў, ад захадаў дзяржавы абсалютна пацярпелі".

Аналітыкі адзначаюць, што эканамічны разьлік ад ўвядзеньня новага мыта не прынясе чаканага эфэкту, бо спадзяваньні эканоміць 3,5—4 мільярды даляраў ад паставак нафты па ўнутрырасейскіх коштах ня спраўджваюцца. Новыя эканамічныя ўмовы, выстаўленыя Масквой, у лепшым выпадку дадуць падставу казаць пра 1,5 мільярда даляраў эканоміі. Роўна столькі ж, колькі дзяржава мела ад "растаможкі" аўтамабіляў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG