Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыфмуем свабоду


Новы год заўсёды хочацца пачаць з чаго-небудзь новага.

У 2001-ым пачынаўся ня толькі год, ня проста чарговае дзесяцігодзьдзе, нават ня новае стагодзьдзе, а адразу – тысячагодзьдзье (прашу не пісаць камэнтароў, што усё гэта пачалося ў 2000-м – позна ўжо). Мы на Свабодзе вырашылі зрабіць нешта, што захавала б вартасьць і праз 10, і праз 100, і праз 1000 гадоў – папрасілі слухачоў напісаць верш на свабоду, пра сваё асабістае адчуваньне і разуменьне.

Рэдакцыя атрымала больш за тысячу вершаў. Штодня ў эфіры гучаў голас аўтара – самай маладой паэтцы было дзесяць гадоў, найстарэйшаму за дзевяноста, праз Пэн-цэнтар мы запрасілі да ўдзелу замежнікаў, і паэты з 36 краінаў прыслалі свае вершы, у тым ліку два Нобэлеўскія ляўрэаты.

Кніга “Верш на Свабоду” у 2002 годзе адкрыла выдавецкую сэрыю “Бібліятэкі Свабоды”.

Выбраныя вершы выйшлі па-ангельску ў бліскучым перакладзе незабыўнай Веры Рыч (а калі забыліся – набярыце ў пошуку на сайце Свабоды яе імя – не пашкадуеце).

Сёлета, празь дзесяць гадоў, мы ізноў папрасілі слухачоў напісаць і прыслаць новы верш на тую ж тэму.

Прысылайце і вы, паважаны чытач – у канцы году параўнаем рыфмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG