Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У якасьці сьведак – толькі міліцыянты


У менскіх судах прайшлі працэсы над людзьмі, якіх затрымалі 22 чэрвеня ў цэнтры гораду падчас акцыі маўклівага пратэсту.

Студэнт Аляксей Дварэцкі на працэсе зьмяніў свае ранейшыя паказаньні. Да суду ён прызнаваўся ў адміністрацыйным парушэньні — што нібыта на вуліцы лаяўся матам і размахваў рукамі. А на працэсе заявіў, што нічога гэтага не было, што ён паддаўся на ўгаворы міліцыянтаў у Ленінскім РАУС, якія раілі прызнавацца. Маўляў, тады адпусьцяць ужо ўвечары, і сёньня ён пасьпее на іспыт па ангельскай мове. Міліцыянты падманулі. І Аляксей, і ягоны брат-блізьня Андрэй Дварэцкі правялі ноч у ізалятары на Акрэсьціна. Да абеду іх прывезьлі ў Ленінскі раённы суд, дзе судзьдзя Дзьмітрый Юферыцын прысудзіў абодвум штраф у 25 базавых велічынь. Але цяпер Аляксей не шкадуе: гонар, кажа, даражэйшы. Вось гісторыя затрыманьня Аляксея Дварэцкага, ягонага брата Андрэя і сябра — Максіма Чарняўскага:

Аляксей Дварэцкі

"Мы нават ня пляскалі ў далоні, не крычалі нічога, проста ішлі па
Мы нават ня пляскалі ў далоні, не крычалі нічога, проста ішлі па праспэкце Пераможцаў уніз на Нямігу ...

праспэкце Пераможцаў уніз на Нямігу. Мы былі мэтраў за 70 ад натоўпу, які стаяў на скрыжаваньні зь Нямігай, каля царквы. Там пляскалі, было чуваць. Мы размаўлялі, а потым Максім кажа: пойдзем адсюль. Тут вылезьлі гэтыя амапаўцы. Максім крыкнуў "Пабеглі!" і ўсе пабеглі, мы таксама. Магчыма, дарэмна і мы пабеглі. Хаця... яны б усё роўна нас схапілі. Потым схапілі, пацягнулі ў аўтобус. Я выпусьціў сваю торбу, у якой была залікоўка. Торбу быццам бы падняла сяброўка Максіма, але я ў гэтым ня ўпэўнены".

У судзе Аляксей Дварэцкі заявіў сьведкамі свайго брата Андрэя і сябра Максіма, але судзьдзя Дзьмітрый Юферыцын у гэтым хадайніцтве адмовіў. У выніку пра затрыманьне Аляксея сьведчылі толькі міліцыянты з палку спэцназу Дзьмітрый Сідарук і Міхаіл Размысловіч. Зь іх паказаньняў выходзіла, што затрымлівалі Аляксея ў сквэрыку Дзяржынскага на Камсамольскай вуліцы, што ён пры гэтым нібыта брыдкасловіў, размахваў рукамі і не спыніў свае дзеяньні пасьля заўвагі.

Праз паўгадзіны пасьля Аляксея судзілі і ягонага брата Андрэя. Той таксама віны не прызнаў і таксама атрымаў 25 базавых велічынь штрафу. Для сям'і Дварэцкіх, дзе сыны вучацца на платным аддзяленьні, выходзіць немалая сума — 50 базавых велічынь, або 1 мільён 850 тысяч рублёў.

Ілона Дварэцкая

Маці Ілона, якую, дарэчы, судзьдзя выдаліў з суду за тое, што ў яе зазваніў тэлефон, распавяла, што яе сыноў моцна зьбілі ў аўтазаку пасьля затрыманьня. Ёй пра гэта паведамілі яшчэ ўчора. Сваякі ўсю ноч перажывалі, прабабуля гэтак разнэрвавалася, што сёньня нават трапіла ў шпіталь. Ілона Дварэцкая кажа:

"Адзін з тых, хто выйшаў пазьней, сказаў, што ўсіх моцна зьбівалі ў аўтазаку. А ў Ленінскім РАУС і на Акрэсьціна нам нічога не казалі".

Праваабаронцы зь "Вясны" адсочвалі сытуацыю ў судах Менску 23 чэрвеня. Наста Лойка падсумавала вынікі дня:

Наста Лойка

"Паводле нашай інфармацыі, сёньня асуджаны паводле ўчорашніх падзей 21 чалавек. У чатырох судах. Гэта Партызанскі, Ленінскі, Савецкі і Цэнтральны суды. Праўда, ёсьць пакуль неправераная інфармацыя, што кагосьці судзілі і ў судзе Маскоўскага раёну, пакуль высьвятляем. Асуджаныя атрымалі штрафы ад 2 да 28 базавых велічынь — у залежнасьці ад таго, прызнаваў чалавек сябе вінаватым у дробным хуліганстве ці не. Усяго, паводле нашых ацэнак, у акцыях маўклівага пратэсту ўзялі ўдзел каля 10 тысяч чалавек па ўсёй краіне і каля 500 чалавек былі затрыманыя".

Пазьней стала вядома, што затрыманаму разам з братамі Дварэцкімі Максіму Чарняўскаму прысуджаны штраф 30 базавых велічынь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG