Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ зьвярнулася да Лукашэнкі паводле яго парады


Праўленьне Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) на сваім паседжаньні 21 чэрвеня адрэагавала на заявы Аляксандра Лукашэнкі, зробленыя ім падчас прэсавай канфэрэнцыі 17 чэрвеня 2011 году: прэзыдэнт выказаў пажаданьне, каб БАЖ зьвярнулася да яго асабіста з просьбай аб вызваленьні палітвязьняў.

“Калі міністар замежных спраў палічыць неабходным іх вызваліць, ён матывавана ўнясе прапанову, і прэзыдэнт будзе гэтыя прапановы разглядаць, — сказаў Лукашэнка. — І ня толькі міністар замежных спраў, але і дэпутаты, можа быць, і журналісцкая супольнасьць… Вось гэта журналісцкая супольнасьць (“Белорусы і рынок“, напэўна, уваходзіць туды)… як яна называецца ў нас… дзе там ці то апазыцыйнае, ці то якое… БАЖ, так, БАЖ! Нешта яно не нясе гэтых прапановаў. Няхай уносіць. Гэта іх бізнэс, каб ты ведаў. Гэта іх бізнэс. І БАЖ — таксама…”.

Праўленьне БАЖ прыняло зварот да кіраўніка дзяржавы і накіравала яго на адрас Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Зварот Беларускай асацыяцыі журналістаў да Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А. Р.

Грамадзкае аб’яднаньне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” зьвяртаецца да Вас у сувязі з Вашым выказваньнем на прэсавай канфэрэнцыі 17 чэрвеня гэтага году аб тым, што Вы гатовы разгледзець пытаньне аб вызваленьні ўдзельнікаў падзей 19 сьнежня 2010 г., калі журналісцкая супольнасьць выступіць з такім зваротам.

Сярод асуджаных за арганізацыю і ўдзел у масавых беспарадках, арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, 6 журналістаў і членаў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”: Аляксандр Атрошчанкаў, Дзьмітры Бандарэнка, Павал Севярынец, Ірына Халіп, Сяргей Вазьняк, Аляксандр Фядута.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” лічыць іх крымінальны перасьлед абмежаваньнем свабоды выказваньня меркаваньняў, гарантаванай арт.арт 33, 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і арт. 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.

Заклікаем Вас як гаранта Канстытуцыі, правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна дамагчыся вызваленьня і спыненьня крымінальнага перасьледу ўдзельнікаў падзей 19 сьнежня 2010 г.

Упэўненыя, што такое Ваша рашэньне самым станоўчым чынам было б успрынятае і ўнутры краіны, і за межамі, прывяло б да зьніжэньня сацыяльнай напружанасьці ў беларускім грамадзтве і пазытыўна адбілася б на іміджы дзяржавы.

Зьвяртаем Вашу ўвагу на тое, што сытуацыя са свабодай выказваньня меркаваньняў у Беларусі стала крытычнай, і гэта тычыцца ня толькі асуджэньня ўдзельнікаў падзей 19 сьнежня.

Так, у Горадні адбываецца крымінальны працэс па абвінавачаньні журналіста Андрэя Пачобута ў зьнявазе і паклёпе ў дачыненьні да Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Наколькі нам вядома, Вы не прад’яўлялі да журналіста прэтэнзій у сувязі з парушэньнем Вашых асабістых немаёмасных правоў. Аднак гэтую прэрагатыву ўзялі на сябе супрацоўнікі гродзенскіх пракуратуры і УКДБ.

Нядаўна было спынена вяшчаньне “Аўтарадыё”, уся віна якога заключалася ў тым, што яно выпусьціла ў эфір рэклямны ролік аднаго з кандыдатаў у Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Такім адыёзным чынам скончыліся ўнясеньні зьменаў у Выбарчы кодэкс, якія ўпершыню дазволілі палітычную рэкляму.

Вялікую заклапочанасьць выклікаюць працэсы па закрыцьці газэт “Народная Воля” і “Наша Ніва”. Падобнае ўмяшаньне Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у іх дзейнасьць парушае нават мінімальныя стандарты дапушчальнага абмежаваньня свабоды выказваньня меркаваньняў.

Заклікаем Вас:

- вызваліць журналістаў, роўна як і ўсіх грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці ў сувязі з падзеямі 19 снежня 2010 г.;

- спыніць крымінальны перасьлед Андрэя Пачобута;

- даручыць Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь адклікаць пазовы аб закрыцьці газэт “Народная Воля” і “Наша Ніва”;

- абавязаць Міністэрства інфармацыі адмяніць рашэньне аб спыненьні вяшчаньня “Аўтарадыё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG