Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.Клінтан: ЗША расчараваныя адмовай у рэгістрацыі расейскай партыі



Дзяржаўны сакратар ЗША Гілары Клінтан сёньня заявіла, што Злучаныя Штаты "расчараваныя" тым, што расейскае Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі Партыі народнай волі "За Расею без самаўпраўства і карупцыі". Клінтан адзначыла ў заяве, што гэта перашкодзіць партыі ўзяць удзел у будучых выбарах у Дзяржаўную думу Расеі.

Былы прэм'ер-міністар Міхаіл Касьянаў, былы віцэ-прэм'ер Барыс Нямцоў і шэраг іншых палітыкаў месяц таму падалі дакумэнты для рэгістрацыі новай апазыцыйнай партыі. Міністэрства юстыцыі патлумачыла адмову шэрагам парушэньняў, у тым ліку наяўнасьцю ў сьпісах неіснуючых сяброў партыі.

Нямцоў у інтэрвію радыё "Свабода" назваў адмову ў рэгістрацыі палітычна матываванай:

"Гэта неправавое, незаконнае рашэньне, палітычнае рашэньне. Васьмі апазыцыйным партыям ужо было адмоўлена ў рэгістрацыі на надуманых падставах. Практычна ніводная апазыцыйная партыя не дапушчаная да выбараў. А значыць, гэта ня выбары, а спэцапэрацыя для захопу ўлады".

Раней кіраўніца замежнай палітыкі Эўразьвязу Кэтрын Эштан выказала занепакоенасьць адмовай у рэгістрацыі партыі.
XS
SM
MD
LG