Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайцы ня раяць Беларусі слухаць МВФ


Экспэрты цэнтрабанку Кітая, якія працавалі ў Менску на запрашэньне прэзыдэнта Беларусі, выказаліся супраць прапановы МВФ выкарыстоўваць свабоднае курсаўтварэньне для вырашэньня праблем на валютным рынку. Пра гэта паведаміла агенцтву "Інтэрфакс-Захад" крыніца ў банкаўскіх колах, знаёмая з хадой беларуска-кітайскіх кансультацыяў.

Паводле суразмоўцы агенцтва аналягічнай пазыцыі прытрымліваюцца Нацыянальны банк і ўрад Беларусі.

Экспэрты ЦБ Кітая "ў цэлым ухвалілі ўсе прынятыя антыкрызісныя меры, у тым ліку вызначаны Нацбанкам пасьля дэвальвацыі адзіны і раўнаважны курс, скарачэньне грашовай эмісіі, павышэньне працэнтных ставак".

Крыніца агенцтва таксама паведаміла, што "кітайскія адмыслоўцы выказаліся за максымальна жорсткае рэгуляваньне ўсіх сэгмэнтаў валютнага рынку, мэтай якога зьяўляецца стымуляваньне экспарту".

У прыватнасьці, паводле яе слоў, у сувязі з такім падыходам "свабоднай канвэрсацыі ў абменных пунктах ня будзе, гэта значыць, захаваецца існая сытуацыя, што абумоўлена дэфіцытам валюты пры вялікім ціску з боку спэкуляцыйнага попыту".

"Кітайцы лічаць аптымальным варыянт рэгуляваньня гэтага сэгмэнту, калі насельніцтва ня можа набыць валюту. Яны лічаць, што насельніцтву валюта не патрэбная", -- дадаў суразмоўца агенцтва.

Прэзыдэнт Беларусі А.Лукашэнка даў самую высокую ацэнку рэкамэндацыям, якія былі выказаныя кітайскімі экспэртамі. Сустракаючыся ў панядзелак з дырэктарам дэпартамэнту фінансавага рынку Народнага банка Кітая Се До, А.Лукашэнка сказаў: "Я вельмі рады, што многія пазыцыі, мае і кітайскіх спэцыялістаў, супадаюць".

Спробы беларускіх уладаў скарыстаць кітайскі досьвед пракамэнтаваў у сваім блогу эканаміст Сяргей Чалы:

Сяргей Чалы
Наагул зьвяртацца Беларусі па дапамогу да кітайскіх экспэртаў, гэта прыкладна тое ж самае, як хвораму на анарэксію шукаць рады ў таго, хто змагаецца з атлусьценьнем. Менш падобныя эканомікі ў сьвеце цяжка знайсьці, эканомікі з настолькі прынцыпова рознымі праблемамі:

Кітай утрымлівае штучна заніжаны курс сваёй валюты, РБ -- штучна завышаны,

Кітай мае гіганцкі прафіцыт бягучага рахунку, РБ -- гіганцкі дэфіцыт

Кітай – недаіндустрыялізаваная краіна, якая мае велізарны запас таннай рабочай сілы ў сельскіх рэгіёнах, РБ – пераіндустрыялізаваная і пераўрбанізаваная краіна.

Так цяжкахворы, выслухаўшы рэкамэндацыі многіх лекараў, якія кажуць, што без хірургічнага ўмяшаньня ён гарантавана памрэ, працягвае пошукі "іншых добрых" лекараў. Пакуль не знаходзіць шарлатана, які вымавіць тое, што яму так хочацца чуць -- "не хвалюйся, паступова ўсё само рассмокчацца". А на боль не зьвяртай увагі. Вядома ж, што добра зафіксаваны (народ) пацыент у анэстэзіі ня мае патрэбы. "Правільных дарадцаў" улады ўжо знайшлі. Іншых ужо слухаць няма сэнсу. Далейшае наканавана. Засталося толькі назіраць шоў да канца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG