Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ні валюты, ні Пракаповіча...


Нацыянальны банк
Нацыянальны банк
Пётар Пракаповіч, які ад канца 1990-х займаў пасаду кіраўніка Нацыянальнага банку Беларусі, выпраўлены ў тэхнічную адстаўку. На час пасьляапэрацыйнай рэабілітацыі Героя Беларусі яго месца зойме Юры Алымаў, які прыйшоў у Нацбанк разам з Пракаповічам і даслужыўся да пасады першага намесьніка. Ці прынясе кадравая ракіроўка зьмены на фінансавым рынку краіны?

Пётар Пракаповіч кіраваў Нацбанкам 13 гадоў і фармальна застаецца на пасадзе старшыні. Як паведамілі ў Нацбанку, адпачынак зойме тры месяцы, пасьля чаго ён павіне вярнуцца на пасаду. У студзені Аляксандар Лукашэнка працягнуў паўнамоцтвы Пракаповіча да 2015 году, і цяперашні перапынак, як падае прэзыдэнцкая прэс-служба, вымушаны: Пётар Пятровіч мусіць прайсьці курс рэабілітацыі пасьля апэрацыі на сэрцы. Дый на пятнічнай прэс-канфэрэнцыі Лукашэнка заявіў, што ня мае галоўнаму банкіру альтэрнатывы.

Аднак экспэрты не выключаюць, што Пракаповіча, які столькі гадоў выконваў усе пажаданьні вышэйшых уладаў, ціха выправілі на пэнсію. Хоць пры гэтым, як лічыць кандыдат эканамічных навук Людміла Гразнова, людзям далі зразумець, каго лічыць адказным за эканамічныя хібы:

Людміла Гразнова

"Я мяркую так, што Пракаповіча зьнялі як "ахвярную авечку", бо трэба ж хоць так паказаць, хто ўва ўсёй гэтай гісторыі вінаваты. Таму што людзі хвалююцца, людзі вельмі нэрвуюцца, і наш "галоўны" вырашыў згуляць такім чынам... Я ня вельмі ўпэўненая ў тым, што Нацбанк зможа весьці самастойную палітыку і гэты новы чалавек здолее насамрэч рабіць тое, што зараз патрабуецца. А патрабуюцца вельмі абмежавальная грашовая палітыка ў сэнсе друкаваньня грошай і захады ў сэнсе дэвальвацыі беларускага рубля".

Карэспандэнт: "Вы неяк не зусім верыце, што Пракаповіч вернецца назад…".

"Не, Пракаповіч ня вернецца, вядома. З розных крыніц ведаю, што ён хворы чалавек, што ён ня пойдзе ў зваротным кірунку ў Нацбанк. І будуць, натуральна, сядзець у ягоным крэсьле ўжо іншыя людзі. Але ж гэта ня самае галоўнае. Галоўнае тое, каб у нашай краіне адбываліся падзеі, якія былі б на карысьць людзям. А гэта сёньня і дэвальвацыя беларускага рубля, і гэта, вядома, абмежавальная грашова-крэдытная палітыка".

Ці варта разьлічваць, што часовы выканаўца абавязкаў старшыні Нацбанку Юры Алымаў, які на працягу 10 гадоў фактычна быў правай рукой Пятра Пракаповіча, у адсутнасьць начальніка здолее выправіць складанае становішча ў галіне манэтарнай палітыкі? Доктар эканамічных навук Генадзь Лыч ня верыць у тое, што са зьменай асобаў Нацбанк атрымае дадатковыя функцыі, каб самастойна прымаць рашэньні:

"Мая думка такая: можна аздаравіць фінансавую сыстэму, калі аздаравіць рэальную эканоміку. Але пакуль рэальная эканоміка будзе такая, якая яна застаецца сёньня, то яе аздаравіць можна толькі часова, на пэўны адрэзак
Ну вось прызначылі ва ўрад Мясьніковіча: ён жа і ўладалюбны, і як чыноўнік моцны, а ён жа нічога ня здольны зрабіць ...

часу, да наступнага горшага моманту. Аздаравіць эканоміку — гэта вельмі вялікае напружаньне. Ва ўсялякім выпадку, пры той мадэлі, якая ў нас існуе, наўрад ці гэта будзе мажліва. Вось і ўсё. Таму каго б ні прызначылі на пасаду, толку ня будзе. Ну вось прызначылі ва ўрад Мясьніковіча: ён жа і ўладалюбны, і як чыноўнік моцны, а ён жа нічога ня здольны зрабіць. Ён толькі выконвае тыя "указіўкі", якія ідуць ад першай асобы. І з Пракаповічам было тое ж самае. Разумееце, у нас настолькі ўсё завязана на адну асобу, што я ня ведаю, хто тут і што можа зрабіць, застаючыся ў нашай дзяржаве на другіх-трэціх ролях. І гэта наша трагедыя, вялікая трагедыя".

Сёньня міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын пацьвердзіў, што на рахункі Нацбанку пераведзены першы транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС памерам 800 мільёнаў даляраў. Цяпер ад наступніка Пракаповіча чакаюць, як ён распарадзіцца пазыкай. Між тым, на думку прафэсара Генадзя Лыча, наўрад ці гэты ды магчымыя іншыя крэдыты беларускае кіраўніцтва зможа пусьціць на стабілізацыю валютнага рынку:

"Да прыкладу, атрымаем мы ўсе гэтыя крэдыты. Але ўзяць той жа Міжнародны валютны фонд — пад што ён нам можа даць гэтыя грошы? У
Усе даюць крэдыты дзеля таго, каб вырашаць уласныя пытаньні ...

асноўным яны хочуць захаваць твар і даюць крэдыты, каб Беларусі было за што пагашаць крэдыты, атрыманыя раней. Пасьля гэтага пагашэньня застаюцца толькі нейкія дробязі дзеля таго, каб вырашаць свае фінансавыя праблемы. Куды пойдзе крэдыт з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС? Перш за ўсё на тое, каб пагашаць запазычанасьці па зьнешнім гандлі, якія ў нас ёсьць з Расейскай Фэдэрацыяй. Дасьць Кітай крэдыт. Пад што? Дзеля таго, каб у нас было за што купляць кітайскія тавары — "самай высокай якасьці ў сьвеце". Усе даюць крэдыты дзеля таго, каб вырашаць уласныя пытаньні".

Тым часам паводле афіцыйнага бачаньня Нацбанку, беларускі рубель умацоўваецца і падставаў да яго пераацэнкі няма. Вызначаны на заўтра курс — 4970 рублёў за даляр. Сёньня даляр каштаваў на пяць рублёў меней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG