Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні адзначылі 180-я ўгодкі Панарскай бітвы


10 гадоў таму помнік Панарскай бітве адкрываў Браніслаў Камароўскі, тагачасны міністар абароны, а цяперашні прэзыдэнт Польшчы
10 гадоў таму помнік Панарскай бітве адкрываў Браніслаў Камароўскі, тагачасны міністар абароны, а цяперашні прэзыдэнт Польшчы
У панядзелак на месцы найбуйнейшай бітвы паўстаньня 1831 году каля помніку бітве за Вільню адбылася ўрачыстасьць з удзелам прадстаўнікоў літоўскіх уладаў і польскай амбасады, перадае ПАП.

«Лістападаўскае паўстаньне было адным з супольных нацыянальных уздымаў у гісторыі Польшчы і Літвы. Яно было скіраванае супраць найвялікшай мілітарнай агрэсіі ў тагачаснай Эўропе. Доўжылася толькі 10 месяцаў і скончылася паразай. Аднак яно засталося сымбалем мараў нашых нацыяў пра свабоду і незалежнасьць» -- сказаў амбасадар Польшчы ў Вільні Януш Скалімоўскі.

«Падзеі тых дзён дазваляюць усьвядоміць значэньне суседзтва літоўцаў і палякаў, нагадваюць, як важна аб'яднацца перад агульнай пагрозай» -- сказала міністар абароны Літвы Раса Юкнявічэне.

Помнік на месцы Панарскай бітвы, якая адбылася 19 чэрвеня 1831 году, быў усталяваны дзесяць гадоў таму. На ім надпіс па-польску і па-літоўску «За нашу і вашу волю».

У бітве за Вільню з боку паўстанцаў удзельнічала 15 тысяч чалавек, расейскае царскае войска налічвала 22 тысячы.

Панарская бітва, як і паўстаньне 1831 году ў цэлым, мае непасрэднае дачыненьне да беларускай гісторыі. Шмат нашых продкаў паклалі галовы ў бітве за тагачасную сталіцу ўсяго краю -- Вільню.


Прапануем Вашай увазе тэкст перадачы Сяргея Дубаўца "Вострая Брама", якая выйшла ў эфір Свабоды ўвесну 1999 году:

Панарская бітва (1831)


Адкрыцьцё адбылося надоечы на ўскрайку Вільні, у Панарскіх гарах. Тут, на невялікіх каталіцкіх могілках у 1991 годзе мы пахавалі віленскую пісьменьніцу-мэмуарыстку Зоську Верас, а сёньня вырашылі разам са шваграм па дарозе адведаць яе магілу. Пакуль швагра разглядаў надпісы на помніках самых розных часоў, маю ўвагу прыцягнуў немалы гранітны куб, перагорнуты дагары нагамі. Надпісы давялося чытаць, нахіліўшы галаву. Помнік належаў штабс-капітану і ад’ютанту рэзэрвовага корпусу войскаў Ягору Васілевічу Сьвечыну. Абставіны ягонае гібелі ўразілі настолькі моцна, што я паклікаў швагру і мы прачыталі разам: “Убит у подошвы сей горы в сражении 7 июня 1831 года, где русския войска разбили мятежников, понеся потерю в 364 человека”. На фоне бязьлюдных, вясковых з выгляду могілак, разьмешчаных на высокай, густа зарослай лесам гары, інфармацыя пра пабоішча зь неверагоднымі чалавечымі стратамі выглядала дзьвярыма ў прадоньне гістарычнага часу, у космас мінуўшчыны. “А што гэта было за паўстаньне?” -- спытаўся швагра. Я пачаў распавядаць, адчуваючы, наколькі мне бракуе фактаў і як няпроста ўвязаць іх ва ўцямную карціну. Пасьля кожнага слова можна было ставіць пытальнік. Стала зразумела, што вырашальнае ў нашым нацыянальным лёсе антырасейскае паўстаньне 1831 году, у адрозьненьне ад паўстаньня Касьцюшкі або Каліноўскага, ніякім чынам не ўпісанае ў беларускі культурны кантэкст 20-га стагодзьдзя. Такія высновы звычайна робяцца балюча, калі ўявіш сабе сотні і тысячы жыцьцяў, пакладзеных тады дзеля будучыні. Асабліва калі зусім выпадкова трапляеш да помніка, на якім стаіць лічба 364. 364 акупанты. Колькі палегла паўстанцаў, ніхто ўжо не даведаецца ніколі.

Але два словы пра помнік. Расейскі гранітны куб патрапіў на каталіцкія могілкі адкульсьці з падножжа гары, дзе, відавочна, стаяў асобным мэмарыяльным знакам. Хутчэй за ўсё, яго зацягнулі наверх дзеля якаснага матэрыялу, зь якога нехта меркаваў або мяркуе зрабіць новыя помнікі. Пакуль жа ён проста валяецца сярод магіл. Пройдзе яшчэ крыху часу, і зьнікне з твару зямлі апошняе сьведчаньне найбуйнейшай, як мы высьветлім пасьля, бітвы беларускіх паўстанцаў з расейскім акупацыйным войскам 1831 году.

Чаму такое магчыма ў сёньняшняй Літве, дзе зь піетэтам ставяцца да памятак мінуўшчыны? Таму што гэтае паўстаньне не займае ў этнічнай літоўскай гісторыі якога-кольвек заўважнага месца. Палякам помнік не патрэбны, бо гэта помнік ворага. Мясцовыя расейцы ўшаноўваюць свае мэмарыялы, зьвязаныя з гонарам, а не з пакаяньнем. Беларусы толькі часам выпадкова натыкаюцца на памяткі свае гісторыі ў гэтых мясьцінах, як мы са шваграм. І тады зьяўляецца нагода ўзгадаць -- што гэта было за паўстаньне і ўва што яно абышлося нашай культуры.

Сяргей Харэўскі: "Вайна 1831 году дзеліць гісторыю нашае культуры на “да” і “пасьля”. “Да” існавалі ўнівэрсытэт, кляштары, магнацкія рэзыдэнцыі, пры якіх былі калегіюмы, школы, бібліятэкі, тэатры, музэі, шпіталі... “Пасьля” ўсяго гэтага ня стала. Засталася дата -- 1831 год і пытаньні. Першае зь іх -- як называць тую вайну?

У Польшчы яе называюць Лістападаўскім паўстаньнем, маючы на ўвазе лістапад 1830 году. У Беларусі яна пачалася толькі ў сакавіку 1831-га, а скончылася ў 1833-м. Палякі змагаліся за сваю канстытуцыю й дзяржаўнасьць. Яны мелі аўтаномію, сэйм і нават войска... Беларусы ня мелі нічога і змагаліся “за нашу і вашу свабоду”... Стары расейскі слоўнік Бракгаўза спасылаецца на кнігу нейкага Пузырэўскага “Польская война 1831”... Гэтак яна і ўвайшлі ў эўрапейскую гісторыю. Чужая вайна... Але кроў была наша. Атрымалася, што беларусы падарылі тую вайну палякам, якія пасьпелі эміграваць, французам, супраць якіх Расея не адправіла тады войскі, Каўказу, зь якога тыя войскі таксама былі адцягнутыя ў наш край. Беларусы сталі героямі... Безь перамогі, бяз славы, без імёнаў.

Паспрабуем усё ж пэрсаніфікаваць вайну 1831 году. Сёньня б тых змагароў назвалі інтэлігентамі. Прафэсар Яўхім Лялевель, філёляг і гісторык, колішні загадчык катэдры ў Віленскім унівэрсытэце, стаў ідэйным правадыром для паўстанцкай моладзі. Уся культурная эліта Беларусі спрычынілася да вайны. Адныя яе рыхтавалі і былі сасланыя крыху раней, другія ў эміграцыі зьбіралі апошнія сілы й апошнія грошы, трэція біліся са зброяй у руках... Кампазытары Агінскі і Абрамовіч, вучоныя Балінскі й Дамейка, літаратары Ходзька і Гарэцкі, мастакі Сухадольскі і Дмахоўскі, ды шмат, шмат іншых... Хто стаў героем? Паэтка й зьбіральніца беларускага фальклёру, дваццаціпяцігадовая графіня Эмілія Плятэр камандавала паўстанцамі. Міхал Валовіч, малады філёзаф і эканаміст, студэнт Лялевеля браў у вайне чынны ўдзел, эміграваў у Парыж, тэарэтычна абгрунтаваў адмену прыгону і стварэньне Беларуска-Літоўскай рэспублікі. У сакавіку 1833 году вярнуўся нелегальна ў Беларусь. Вёў агітацыю на Слонімшчыне й Навагарадчыне, стварыў партызанскі сялянскі атрад. Напрыканцы траўня атрад разьбілі. Гэта быў апошні, трагічны акорд вайны. Валовіч ва ўзросьце 27 гадоў быў павешаны. Дзьве згаслыя зоркі -- дзяўчына й хлапец...

Дзе ж слава? Адам Міцкевіч прысьвяціў падзеям тае вайны сваю паэму “Дзяды”. Магутным творам, зьвязаным з вайною, стаў палянэз “Разьвітаньне з Радзімаю” Агінскага, напісаны ў 1831 годзе. Сусьветная клясыка... Большага ў беларускай культуры пра тыя падзеі не сказана й дасёньня. Напачатку 20 стагодзьдзя “Наша Ніва” згадала аднаго з натхняльнікаў таго вызвольнага руху, Сымона Канарскага, расстралянага ў Вільні. А зусім нядаўна скульптар Павал Лук стварыў невялікі барэльеф у гонар Эміліі Плятэр. Колькі словаў у кнігах Мальдзіса, Александровіча, Тарасава... Вось, бадай, і ўсё.

Чаму? Па-першае, усё ж польская традыцыя, узьнятая на шчыт “Вялікай эміграцыяй”, аказалася вызначальнаю. Гэта было на руку й расейцам, якія разьдзімалі “польскую ідэю”, пераконваючы тым самым беларусаў у тым, што іхная гісторыя -- зусім ня іхная, а чужая, польская. Менавіта пасьля тае вайны расейцы забаранілі нават згадваць назвы Беларусь і Літва. Па-другое, за савецкім часам гэтая вайна таксама атаясамлялася са шляхецкім закалотам, але выстаўлялася чужою нам ужо з сацыяльных прычынаў.

Чым стала вайна для нашай культуры? Наступствы паразы былі катастрафічныя. Тысячы людзей былі расстраляныя, павешаныя, сасланыя на катаргу. Дзясяткі тысячаў былі пазбаўленыя маёмасьці і шляхецкіх правоў. У князя Яўстаха Сапегі канфіскавалі маёнткі ў Ружанах і Дзярэчыне. Там былі велізарныя кнігазборы і ўнікальныя мастацкія калекцыі. Пры канфіскацыі толькі сьпіс карцінаў склаў 22 аркушы, а ювэлірных вырабаў з срэбра -- 18...

Былі скасаваныя й выгнаныя ўсе каталіцкія кляштары. Ліквідаваная царкоўная вунія. Спынена дзеяньне Вялікага Статуту і зруйнаваныя многія старасьвецкія ратушы. Зачынены Віленскі ўнівэрсітэт. У мусульманаў скасавалі ўсе правы, забараніўшы нават рамантаваць мячэці. Палова нашых татараў загінула ў той вайне. Даверлівых сялянаў напаткаў прыгон новых, расейскіх паноў і рэкрутчына ў “маскалі”... Культурны й духоўны фон зьмяніўся непазнавальна менавіта пасьля 1831 году. Тыя калясальныя страты нічым не замененыя дасёньня".

Дубавец: Такім чынам, часавы фон, на якім адбывалася Панарская бітва, стаў больш-менш праясьняцца. Што да самой бітвы, дык у спрошчаным выглядзе сытуацыя выглядала так. Паўстанцы захапілі Коўна і рушылі на Вільню, куды расейцы падцягнулі рэгулярныя войскі. І тут, пад сталіцай Вялікага Княства, яны сустрэліся. Мяркуючы па ахвярах, сеча была страшная. У найбуйнейшай бітве паўстаньня 1863-64 гадоў -- пад Мілавідамі -- загінула 80 паўстанцаў. У найбуйнейшай сечы апошняй чачэнскай вайны палегла 120 чалавек. Панарскае пабоішча забрала 364 жыцьці толькі з аднаго боку.

Аднак спынім гэты папулярны пераказ і зьвернемся да спэцыяліста-гісторыка. На мае пытаньні адказвае Генадзь Сагановіч.

-- Генадзь, з трох найбуйнейшых антырасейскіх паўстаньняў 18-19 стагодзьдзяў два замацаваліся ў сьвядомасьці публікі імёнамі правадыроў -- Тадэвуша Касьцюшкі і Кастуся Каліноўскага. Магчыма, дзеля гэтага пра тыя паўстаньні і болей вядома, яны лягчэй затрымліваюцца ў памяці жывымі вобразамі. Якім імем можна было б акрэсьліць у беларускай гісторыі паўстаньне 1831 году?

-- Паўстаньню 1831 году фатальна бракавала адзінага лідэра. Інсургенты дзейнічалі па паветах аўтаномна і разрозьнена. Паўстаючы, кожны павет ствараў свой паўстанцкі камітэт, зьбіраў войска і ставіў свайго камандзера. Акцыі не былі ні скаардынаванымі, ні адначасовымі. У паўночна-заходняй Беларусі дзейнічалі аддзелы Радзішэўскага, Барткевіча, Важынскага, у Наваградзкім павеце паўстанцамі кіраваў Кашыц, у Пінскім – Пуслоўскі, на Мазыршчыне – Кеневіч, у Белавескай пушчы – Ронка ды іншыя. Агульны Часовы паўстанцкі ўрад быў утвораны толькі ў чэрвені, і Тышкевіч, што яго ачоліў, зусім не зьяўляўся лідэрам. Роля ж такіх паўстанцаў, як вядомы гісторык Міхал Балінскі, пісьменьнік Ян Ходзька, мастакі Напалеон Орда і Вікенці Дмахоўскі, не настолькі істотная, каб зь іх імёнамі атаесамляць увесь рух. Не надаецца тут і яркая постаць праслаўленай гераіні тых дзён Эміліі Плятар. Думаю, паўстаньне 1831 так і застанецца ў нашай гісторыі “безыменным”...

-- Наступнае маё пытаньне -- пра бітвы 1831 году, у прыватнасьці, пра тую, якую я назваў Панарскай, і пра маштабы чалавечых стратаў.

-- Паколькі сілы інсургентаў заставаліся разрозьненымі, дык паўстаньне стала своеасаблівай “малой вайной” -- сэрыяй лякальных бітваў і сутычак з расейскім войскам. І калі ў красавіку яны часта перамагалі, дык потым усё больш саступалі перасяжным сілам карнікаў. Згадаю тут бітву пад Аўсянішкамі ля Вільні 20 красавіка, бітву ашмянскіх паўстанцаў з генэралам Атрошчанкам пад Вішневам 23 красавіка, бітву пад Румам на Ашмяншчыне 29 красавіка, бітву пад Глыбокім 15 траўня, а таксама бітву над ракой Ганьчай 28 і пад Лідай 31 траўня. Цяжкой была сеча пад Мазыром 11 чэрвеня. Адным з самых крывавых стаў міжбой аддзелу Пуслоўскага з рэгулярным расейскім войскам пад Невелем (на Піншчыне) 8 жніўня, у якім з тысячы інсургентаў палегла амаль палова. Але вырашальнай і, думаю, найбольш стратнай была бітва за Вільню 19 чэрвеня на Панарскіх гарах. У ёй упершыню аб'яднана выступілі інсургенты шэрагу паветаў, а таксама польскае войска, прысланае на падмогу. На жаль, паўтарыць трыюмф 1794 гэтым разам не ўдалося. Паўстанцы мусілі адступаць, і гэтая параза падкасіла дух усяго руху.

-- Наўрад ці існуе статыстыка чалавечых стратаў за ўсё паўстаньне. Верагодна, такі ўлік вёўся ў расейскім рэгулярным войску. Што да паўстанцаў, дык вядома, што яны хавалі свае страты і імёны палеглых інсургентаў, каб пасьля не падстаўляць пад рэпрэсіі іхныя сем’і. Наступнае маё пытаньне гісторыку Генадзю Сагановічу датычыць нацыянальнае прыкметы паўстаньня 1831 году. Сяргей Харэўскі ў сёньняшняй праграме ўжо згадаў, што тое паўстаньне найчасьцей называюць польскім. Скажы, калі ласка, Генадзь, як ахарактарызуеш яго ты, беларускі гісторык -- з гледзішча Беларусі як суб’екту гісторыі?

-- Паўстанцкі рух на абшарах былога Вялікага Княства разьвіваўся дастаткова незалежна ад Польшчы. Ён ахапіў практычна ўсе беларускія губэрні і доўжыўся тут з красавіка па лістапад 1831 г. За гэты час на нашых землях у ім брала ўдзел 15 тысяч чалавек. Аналіз складу ўдзельнікаў паказвае, што гэтае паўстаньне не выпадае лічыць ні адно польскім, ані толькі шляхецкім. Так, шляхта зьяўлялася галоўнай сілай, але ў паўстаньні ўдзельнічалі ўсе станы, зь якіх асабліва ўражвае адсотак сялян: мужыкі-касінеры склалі больш за чвэрць усіх інсургентаў. Рэшта – гэта каталіцкія і вуніяцкія сьвятары, гэбраі, мяшчане, студэнты. Так што рух быў фактычна народным. Застаецца згадаць ідэі, якімі паўстанцы кіраваліся. Іх адозвы заклікалі люд “брацца за зброю, каб здабыць Айчыну і свабоду”, дамагацца “вольнасьці і роўнасьці па праву”. Пад “вольнасьцю” разумелася вызваленьне ад расейскай акупацыі, пад “правам” – законнасьць, традыцыя, справядлівасьць. Так, асноўнай мэтай барацьбы было аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., але гэта азначала – і ВКЛ як яе суб’екта: ліцьвіны раўніва бераглі самастойнасьць сваёй дзяржавы ў Рэчы Паспалітай, якая, памятайма, была зусім ня Польшчай. А ў дзяржаўнасьці Вялікага Княства ўвасабляўся суверэнітэт і беларускага народу. Таму з гледзішча нашае гісторыі паўстаньне 1831 ёсьць несумненна важнейшым этапам беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. І з усіх трох, бадай, найменш вядомым...

Дубавец: ... Вярнуўшыся дахаты, мы са шваграм кінуліся да кніг. Жонка ўключыла тэлевізійныя навіны. “Аказваецца, з расейскага боку ў Панарскай бітве ўдзельнічала 20-тысячнае войска”, -- сказаў швагра. Я паспрабаваў уявіць сабе наступ гэтае армады на гару, дзе пад каплічкай на вясковых могілках паўстанцкія камандзіры аддаюць апошнія перад боем загады. Тэлевізійны дыктар распавядаў пра 50-тысячную югаслаўскую групоўку ў Косаве. Паказвалі наезд сэрбаў на албанскую вёску. Такая самая парослая дрэвамі гара... Усё пераблыталася -- часы, краявіды, твары… Бадай, нязьменнай засталася сутнасьць падзеяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG