Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнік Свабоды


Дуст

Вячаслаў Ракіцкі
Дуст — ядавітае рэчыва для зьнішчэньня шкодных насякомых. І хоць гэтая атрута ўжо даўно забароненая для ўжываньня, памяць пра яе моцна жыве ў народзе.

Вось і я ўспамінаю сваё дзяцінства, калі мы, “пионэры советской страны”, крочылі бясконцымі калгаснымі палеткамі, і хто клізмаю, а хто венічкам пасыпалі капусту, бульбу, кукурузу шэрага колеру атрутаю. А часам, бавячыся, і адзін другога.

А ўзімку елі тую ж капусту з дустам — атрутаю, якая дзесяцігодзьдзямі не раскладаецца.

Пазьней мы ў разумным часапісе прачыталі, што нават у ільдах Антарктыды знайшлі няведама адкуль туды патрапіўшы дуст, і ён захаваў свае якасьці.

Дзякуючы дусту поўніліся засекі Радзімы вітаміннай прадукцыяй. Зноў жа – дзякуючы яму, дусту, расла вытворчасьць клізмаў і венікаў.

Дуст паўплываў на тэхнічны прагрэс: зьявілася сельгасавіяцыя. Выплылі з аблокаў «кукурузьнікі», і на вусеняў, і на людзей пасыпаўся зь неба дуст.

Памяць фіксуе агітацыйны плякат: корчацца, дохнуць вусені, а над імі тры злавесныя літары: ДДТ, што на мове людзей простых і азначае дуст.

Дохлі вусені, каларадзкія жукі й птушкі. Савецкі народ аказаўся больш жывучым. Выжыў… І слова дуст ужывае цяпер ужо ў ядавітых жартах.

Дустам іх пасыпаць, дустам!..— крычала сталага веку кабета на антыкамуністычнай акцыі ў Менску ў 1990-м годзе. А зусім нядаўна ад сябра-ўкраінца я пачуў: «А вас Лукашэнка дустам яшчэ не спрабаваў?». Падумалася: паспрабуе. Ні голадам, ні холадам, ні турмамі зламаць людзей не ўдаецца. Дустам трэба, дустам!

А ўвогуле, калі вяртаць камуну — дык з усімі яе атрыбутамі: і з дошкамі гонару замест заробкаў, і з палітінфармацыямі замест інфармацыі… І, натуральна, з дустам

Працэс пайшоў. Вынік інтэграцыі з Усходам увасобіўся ў дусьце. Нядаўна на Камароўцы я пабачыў новы прэпарат:

ДУСТ
кітайскі
супраць прусакоў

Дэмакрат

Вольга Караткевіч
На пытаньне: хто ты? беларускі апазыянэр сьціпла адкажа: дэмакрат. На пытаньне - хто ёсьць прычынай жабрацтва насельніцтва, вялікая частка апошняга, грэбліва названая дэмакратамі электаратам, упэўнена й адкажа - дэмакрат. У палітычных дэбатах каля гарадзкіх пад'ездаў і на вясковых лаўках беларускі люд чахвосьціць хвалёную заходнюю дэмакратыю, якая навязвае братам па славянскай крыві свае, прымітыўныя як гамбургер, дэмакратычныя стандарты. А таксама корміць тутэйшага дэмакрата, адзінай работай якога - ладзіць пэрфомэнсы каля менскага опэрнага тэатру ці дыскрэдытаваць палітыку дэмакратычна абранага першага прэзыдэнта Беларусі ў якім-небудзь Страсбуры.

Чаму на постсавецкай прасторы так ня любяць дэмакратаў? Таму што апроч "прыхільніка дэмакратыі" для савецкага чалавека дэмакрат быў яшчэ "чальцом буржуазнай дэмакратычнай партыі". У гэтым азначэньні тлумачальнага слоўніка слова "дэмакратычнай" дакладна саступае па экспрэсіі слову "буржуазнай". Да таго ж першыя пазытыўныя дэмакраты хутка станавіліся злодзеямі - дэмакрат Гарбачоў разваліў краіну, Шушкевіч яму дапамагаў, а таксама будаваў лецішча маладэмакратычным шляхам - нібыта краў цьвікі. Калі ж слова дэмакрат вымаўляецца невыразна, прыглушана ці сьцяўшы зубы, адразу адчуваецца перадсьмяротная артыкуляцыя камунізму.

Цяпер сярод беларусаў ёсьць нацыянальны дэмакрат, хрысьціянскі дэмакрат, сацыяльны дэмакрат і лібэральны дэмакрат. Усе абсалютна розныя. Спароджаныя адной кволай дэмакратыяй, таму павязаныя адной мэтай - хутчэй гэтую дэмакратыю аднавіць.

Заўзятар

Сяржук Сокалаў-Воюш
Гэтае слова зьявілася ў беларускай мове ў першай палове 1980-ых, калі нацыянальна сьведамая моладзь пайшла на стадыёны, каб пачаць адраджэньне Беларушчыны і на гэтай жыцьцёвай дзялцы.

Ужыванае перад тым запазычанае з расейскай балельшчык аніяк ня лезла ў сыстэму мовы і вымагала як найхутчэйшай замены. Вось тады два паэты Алег Бембель і Алесь Разанаў і запрапанавалі заўзятара. Пры гэтым сама зьява заўзятарства была падзеленая на тры катэгорыі:

1. Заўзятар -- той хто арыентуецца ў спорце, чытае адмысловыя выданьні, ведае лічбы і ймёны, карацей -- аматар прафэсійнага ўзроўню.

2. Заўзей -- той хто ходзіць на стадыёны, ведае, што адбываецца ў спорце, але ў адрозьненьне ад заўзятара ёсьць вылучна аматарам.

3. Заўзюк -- самая калярытная і небясьпечная постаць на трыбунах. Ён мала ў чым арыентуецца, почасту зьяўляецца на спаборніцтвы нападпітку. Гэта ён, заўзюк, роспачна вые, калі ягоная каманда прайграе і дзіка трыюмфуе, калі наадварот. Яго лёгка можна пазнаць на трыбуне па адкаркаванай бутэльцы і кавалку кілбасы.

Гэты падзел на катэгорыі як і слова заўзець (балець) у мове пакуль што не прыжыліся.

Цяпер слова заўзятар можна пачуць як з вуснаў саміх заўзятараў, так і ад тэле- і радыёкамэнтатараў, а таксама адшукаць у прэсе. Вось толькі ў грунтоўных слоўніках яго ўсё яшчэ няма.

Зразумела, што слова заўзятар -- вытворнае ад заўзяты, а гэта і той, хто стала і з захапленьнем займаецца чым-небудзь, гэта і ўпарты ды напорысты. Яно прыйшло да нас з польскае мовы ў якой азначала: ўзяты, захоплены.

Слова заўзяты мае бальшыня славянскіх моваў, а вось заўзятар -- толькі мы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG