Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква можа скараціць крэдыты для Беларусі


Эканоміка Беларусі, якой цяпер надзвычай не хапае валюты, можа застацца і без расейскіх крэдытаў. Пра гэта сёньня заявіў міністар фінансаў Расейскай Фэдэрацыі Аляксей Кудрын. Ён сказаў, што Масква можа абмежаваць крэдытную падтрымку Беларусі, калі афіцыйны Менск будзе перашкаджаць працы расейскіх мэдыяў.

Расейскія фінансісты могуць абмежаваць крэдыты для Беларусі ня толькі наўпрост, але і ўскосна. Другі варыянт стаў асабліва актуальным і канкрэтным якраз сёньня, калі Андрэй Данскіх -- адзін з намесьнікаў прэзыдэнта-старшыні Ашчаднага банку Расеі Германа Грэфа -- паведаміў, што Банк пачаў абмяркоўваць магчымасьць крэдытаваньня куплі кампаніяй Суляймана Кярымава "Нафта Москва" кантрольнага пакету акцыяў "Беларуськалію".

Кярымаў, які нібыта ўжо паабяцаў перадаць Беларусі адзін мільярд даляраў у якасьці перадаплаты за "Беларуськалій", сам просіць грошы ў расейскага Ашчаднага банку. Ці выдадуць яму пазыку? Некаторыя палітолягі адносна гэтай зьдзелкі выказваюць сумнеў. Ён павялічыўся пасьля заявы Аляксея Кудрына. Так, Андрэй Суздальцаў сёньня сказаў "Свабодзе":


"Тое, ці адбудзецца гэтая зьдзелка, вялікае пытаньне. Зьдзелкі такога роўню сапраўды вырашаюцца ў Крамлі. Даць такі велізарны крэдыт коштам Ашчаднага банку -- гэта вельмі сур'ёзная справа. Гэтае пытаньне вырашаецца на надзвычай высокім роўні. І на гэтым роўні, натуральна, будуць абмяркоўвацца пэрспэктывы існаваньня рэжыму Лукашэнкі і пэрспэктывы дачыненьняў паміж Масквой і Менскам".

Да продажу "Беларуськалію" адмоўна ставіцца беларуская апазыцыя. Пра гэта гаворыцца, напрыклад, у антыкрызыснай праграме, якую падрыхтавалі экспэрты Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Кажа лідэр партыі Анатоль Лябедзька:


"Што тычыцца Салігорску, дык ёсьць пералік прадпрыемстваў, на якія павінна быць табу. "Беларуськалій" – гэта адзіная наша прыродная манаполія. І, натуральна, яна павінна заставацца за дзяржавай. Гэта абсалютна зразумела. Натуральна, мы за прыватызацыю. Але разам з тым мы гаворым, што ёсьць пералік прадпрыемстваў, якія павінны знаходзіцца ў руках дзяржавы, у тым ліку і салігорскі камбінат".

Зноў абвастрылася і "малочная" вайна паміж Менскам і Масквою. 14 чэрвеня Нацыянальная рада вытворцаў Расеі прапанавала абмежаваць імпарт у краіну беларускіх сыроў па дэмпінгавых цэнах. Міністар сельскай гаспадаркі Расеі Алена Скрыннік абяцала ў гэтым разабрацца і магчыма паўтарыць апэрацыю з сухім малаком, якое з Беларусі часова не ўвозіцца.

Беларускі эканаміст Міхась Залескі камэнтуе:


"Атрымліваецца так, што расейцы, нягледзячы ні на якія дамовы, бароняць свой рынак. А мы – свой. Чым нашы сыры ім зашкодзілі? Нізкай цаной. А чаму цана нізкая? Таму што датацыі атрымліваюць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. А як яны іх атрымліваюць, адкуль? З расейскіх крэдытаў".

Андрэй Суздальцаў называе цяперашнія дачыненьні Расеі і Беларусі "вельмі няроўнымі":

"Цяпер у іх невялікая паўза. То бок, Масква для сябе пэўныя пытаньні вызначыла. І цяпер разьлічваць на тое, што Масква будзе ў былых аб'ёмах падтрымліваць Лукашэнку і мець зь ім кантакты, нельга. Тут трэба зьвярнуць увагу, што Мядзьведзеў зь ім ад сьнежня мінулага году ні разу не сустракаўся. Лукашэнка знаходзіцца ў ізаляцыі. І, мабыць, ужо навечна".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG