Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікіта Ліхавід: "У карцэры, бо змагаюся з рэжымам"


Маці Мікіты Ліхавіда ня ведае, за што сына чацьверты раз пакаралі карцарам. Юрыю Вінаградаву, які адмыслова прыехаў у калёнію пад Івацэвічамі, адмовілі ў сустрэчы з сынам, палітвязьнем Паўлам Вінаградавым. Ад Зьмітра Бандарэнкі патрабуюць напісаць заяву на перавод ў калёнію. Аляксандр Класкоўскі-малодшы пазваніў сваякам са Шклоўскай калёніі.

З 14 чэрвеня актывіста руху "За свабоду" Мікіту Ліхавіда зноў трымаюць у карцары. Гэтым разам яго пакаралі на 5 дзён, а за што – маці актывіста Алена Ліхавід ня ведае. Пра ўмовы ў карцары Алене вядома ад адвакаткі, якая бачылася зь Мікітам некалькі дзён таму:

"У камэры карцара цяпер яны удвох. Камэра разьлічаная на 4 чалавекі. Камэра памерам 3 на 3 мэтры. На дзень трэба прыкручваць да сьцяны нары, ці "шконкі", як іх называюць. Ён кажа, што ўжо прызвычаіўся: як у сьледчым ізалятары".

Наваполацкую калёнію, дзе трымаюць Мікіту Ліхавіда, наведала ягоная адвакатка Дар'я Ліпкіна. У калёніі адвакатку пазнаёмілі з пратаколам трох папярэдніх парушэньняў Ліхавіда, за якія яго пакаралі карцарам. Адзін з пратаколаў – ад 21 траўня. У той дзень Мікіта Ліхавід быў прызначаны дзяжурным па камэры. Праверка камэры выявіла, што некаторыя асуджаныя мелі цыгарэты. Пакаралі дадатковымі суткамі карцара Мікіту – за тое, што не паведаміў ахоўнікам пра забароненыя рэчы ў камэры. Алена Ліхавід мяркуе, што падобнае парушэньне знайшлі і цяпер, каб яшчэ раз пакараць яе сына за няўступлівасьць: што ён не прызнае сябе вінаватым і адмаўляецца выконваць некаторыя віды працы ў калёніі, на што пагаджаюцца іншыя вязьні. "Навошта табе гэта?" – пыталіся ў Мікіты Ліхавіда. Палітвязень адказваў, што гэтак змагаецца з рэжымам:

"Прасіў прыслаць яму бандэрольлю мыла гаспадарчае і зубную шчотку. Навошта? Кажа, каб былі зь ім у карцэры, бо як выпускаюць усяго на 1 дзень паміж пасадкамі, дык не пасьпявае гэта набыць у турэмнай краме".

Жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса Яўгенія паведаміла Свабодзе, што зьвестак ад мужа, якога накіравалі для адбыцьця пакараньня ў 19-ую магілёўскую калёнію, няма. "Ані званка, ані лістоў, ня ведаю, што і думаць", – сказала Яўгенія. Паводле яе, пачаў знаёміцца з пратаколам суду яшчэ адзін адвакат. Дата разгляду касацыйнай скаргі яшчэ не прызначаная, сказала жонка Дзьмітрыя Вуса.

Са шклоўскай калёніі далі магчымасьці пазваніць сваякам былому міліцыянту Аляксандру Класкоўскаму. Бацька вязьня Аляксандр Класкоўскі-старэйшы распавёў:

"Як высьветлілася, у карантыне ложкі майго сына і Мікалая Статкевіча стаяць побач. Мала пра сябе распавёў пэўнага, болей распытваў пра сям'ю, пра дзетак. Пакуль там у іх нявызначанасьць, дзе яны будуць знаходзіцца, ці будуць працаваць. А пакуль давядзецца сядзець у гэтым карантыне".

16 чэрвеня Юры Вінаградаў, бацька палітвязьня Паўла Вінаградава, асуджанага на 4 гады зьняволеньня, прыехаў на сустрэчу зь ім у калёнію "Воўчыя норы", але спатканьне не дазволілі:

"Не дазволілі. Сказалі, што паколькі справа на касацыі, нельга. Калі б справа была яшчэ ў Кастрычніцкім судзе, можа і дазволілі б спатканьне, а паколькі ўжо ў Менскім гарадзкім, то не".

Зь ліста Паўла стала вядома, што яго выклікалі ў апэратыўны аддзел на размову. Яшчэ адна навіна – сяброўка Паўла Сьвятлана Гарахавік падала дакумэнты на заключэньне з Паўлам Вінаградавым шлюбу. Калі адбудзецца шлюб, залежыць ад рашэньня адміністрацыі калёніі.

Ці палепшыўся стан здароўя вязьня Валадаркі каардынатара "Эўрапейскай Беларусі" Зьмітра Бандарэнкі? Жонка вязьня кажа, што патрэбнай мэдычнай дапамогі яму гэтак і не аказваюць, а замест гэтага патрабуюць, каб Зьміцер напісаў заяву на перавод у калёнію. Зьміцер Бандарэнка адмаўляецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG