Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль беларусы толькі прыкідваюць выгаду ад турызму, іншыя зарабляюць


Штаб-кватэра Дэпартамэнту турызму Аджарыі
Штаб-кватэра Дэпартамэнту турызму Аджарыі
У той час, як у Беларусі толькі мараць пра звышпрыбыткі ад прыёму замежнікаў, іншыя пасьпяхова гэта рэалізуюць на справе.

Так, Грузія, якая страціла ў выніку расейскай акупацыі славутыя курорты Абхазіі, за кароткі час здолела прыцягнуць значныя інвэстыцыі на чарнаморскае ўзьбярэжжа Аджарыі, а цяпер замахваецца на прыём і абслугоўваньне ў сэзон 2 мільёнаў турыстаў. Дарэчы, месца беларусаў у гэтай статыстыцы зусім мізэрнае, а ва ўмовах валютнага крызісу можа страціцца ўвогуле.

Адміністрацыйны цэнтар Аджарыі перажывае пэрыяд маштабнай рэарганізацыі: усё татальна перабудоўваецца і рэканструюецца. Зь цяжкасьцю верыцца, што раскарчаваныя дарогі ды вуліцы Батумі будаўнікі пасьпеюць адрамантаваць да турыстычнага нашэсьця. Але прадстаўніца Дэпартамэнту турызму Аўтаномнай Рэспублікі Аджарыя Тамар Джыджавадзэ пераконвае ў адваротным:

Тамар Джыджавадзэ
"Дарогі да канца месяца будуць гатовыя. Наша мэрыя, іншыя дзяржаўныя органы, адказныя за добраўпарадкаваньне, абяцалі, што з гэтым праблем ня будзе. Цэнтральныя дарогі, 5-6 галоўных вуліц, пачынаючы ад мора, неўзабаве цалкам будуць завершаныя. А ўжо ўнутры горада, дзе не такія важныя турыстычныя маршруты і не так актуальна праводзіць туры, будуць даводзіцца да ладу паступова, на працягу году".

Летась Батумі з азнаямленчым турам наведалі журналісты зь Беларусі. Ці мела тая паездка эфэкт, каб у пэрспэктыве завабіць у Аджарыю беларусаў? І ці можна казаць пра павелічэньне патоку турыстаў, альбо беларускі сьлед па-ранейшаму амаль не прасочваецца?

"Мы зараз якраз над гэтым працуем, таму што Беларусь для нас – новы рынак. Накірунак Армэніі, Азэрбайджану мы пачалі распрацоўваць досыць даўно, гадоў ужо 5-6, рэгулярна удзельнічаем там у выставах. Зрэшты, у Беларусі мы некалькі разоў таксама былі, але без асаблівага плёну. А калі пачалі больш шчыльна дасьледаваць рынак – чаму такая малая колькасьць беларусаў прыяжджае -- то аказалася, што вырашальную ролю мае кошт квітка. Таму што вельмі дорага каштуе пералёт. І зараз наш урад якраз працуе над тым, каб нейкім чынам гэтую цану рэгуляваць. Бо сапраўды з гэтым трэба неяк змагацца…".

Карэспандэнт: "Калі толькі з дапамогай грузінскіх авіяліній, бо беларускі манапаліст кошты сапраўды трымае ўсясьветныя…".

"У гэтым сэнсе што добра ў прынцыпе, дык гэта тое, што ёсьць наўпроставыя рэйсы. Калі чалавек, да прыкладу, хоча трапіць зь Менска ў Батумі, то два разы на тыдзень лятае самалёт, і прынамсі з гэтым аніякіх праблемаў няма. А часам месцаў нават і не хапае. Таму, ня гледзячы на тое, што рэйсы двойчы на тыдзень, нам ужо хочацца большага, хочацца бачыць больш турыстаў зь Беларусі".

Над Батумі ўздымаюцца шыкоўныя корпусы ўсясьветна вядомых гатэльных комплексаў, пазнавальныя як формай, так і ідэалёгіяй – завабіць нават тых, хто звычайна спыняўся ў прыватным сэктары. Ці азначае гэта пераарыентацыю на заможных пастаяльцаў з такіх жа заможных краінаў?

"Так, у нас амбіцыі ёсьць і надзеі таксама. Але гэта будуюць не грузіны, а такія знакамітыя брэнды як "Шэратон", "Рэдысан", "Кемпіньскі", "Трамп Таўэр" (якраз новая інвэстыцыя). І калі такія людзі і кампаніі вырашылі інвэставаць у наш горад, дык спадзяемся, нашы чаканьні не безгрунтоўныя, мы верым, што ўсе гэтыя гатэлі будуць запоўненыя. Але калі сыходзіць з рэальнасьцяў, паглядзець на статыстыку мінулага году, то нам месцаў рэальна не хапае. Усё ў літаральным сэнсе забіта – і прыватны сэктар, і тыя гатэлі, якія ёсьць. Была рэальная патрэба будаваць новыя комплексы. Гэта таксама добра, таму што будзе канкурэнцыя, цана будзе больш рэгулявацца. Свабодны рынак дасьць больш зручны кошт для тых, хто адпачывае".

Ультрасучасны гатэль "Шэратон"




Вясной у Менску адбылася турыстычная выстава. Прапановы на супрацоўніцтва прывезьлі тыя, хто хацеў бы асабіста ангажаваць патэнцыйных турыстаў зь Беларусі. Але, як аказалася, паўсотні супрацоўнікаў Дэпартамэнту турызму Аджарыі былі адхіленыя ад пасадаў за неадпаведнае плянам прыцягненьне турыстаў, і да Беларусі не даехалі:

"Сапраўды, нашы прадстаўнікі не паехалі, хоць і доўга зьбіраліся. Якраз супала рэарганізацыя, прызначаліся новыя людзі і менавіта з-за гэтага не атрымалася трапіць у Беларусь. А так ужо і стэнд быў куплены, квіткі замоўленыя, нават прадукцыі рэклямную спакавалі. З-за таго, што паўнамоцтвы прыпынілі, не атрымалася. Тым ня меней, крыху дарогі прывядуць да ладу, наладзім інфатур, але ўжо ня столькі з журналістамі, колькі з турапэратарамі, якіх падбяром на папярэдніх сумоўях. Вызначым тых, хто рэальна зацікаўлены ў супрацоўніцтве, хоча прывозіць турыстаў. Бо рэклямы аб'ектыўна не хапае. Нашы дасьледаваньні паказалі: фактычна няма інфармацыі пра тое, што мы недзе ёсьць. Таму хочам арганізаваць сваю рэклямную кампанію ў Беларусі. І калі ў гэтым годзе не атрымаецца, то ў наступным – абавязкова. Але пэўныя зрухі будуць ужо сёлета, не сумняюся".

Вуліцы ў руінах...

… І пасьля марафету




Аднак на шляху глябальных плянаў могуць паўстаць перашкоды. У сувязі з уступленьнем Беларусі ў Мытны саюз, абмяркоўваецца верагоднасьць увядзеньня візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Грузіяй:

"Пакуль гэтае пытаньне ня вырашанае, я не магу дакладна сказаць, што будзе. Але спадзяюся, што візаў усё ж ня будзе. Таму што, зразумела, адсутнасьць візаў вельмі многае спрашчае. Для нас таксама вельмі добра, што мы без праблемаў можам паляцець у Беларусь, калі, прыкладам, дамовімся зь нейкай кампаніяй аб супрацоўніцтве ў галіне турызму. А калі будуць візы, то гэта, натуральна, суцэльныя праблемы. Таму ў любым выпадку гэта будзе ня самы добры і прыемны фактар. Адназначна, што турыстаў больш ня стане, калі гэта сапраўды ўвядуць".

Піяцца па-батумску

Як кажа Тамар Джыджавадзэ, мясцовыя ўлады распачынаюць яшчэ адзін выйгрышны праект – культывацыю настальгічных тураў для тых, хто адкрыў для сябе аджарскія субтропікі яшчэ за савецкім часам:

"Аказваецца, што сапраўды вельмі многія маюць настальгію па гэтых мясьцінах і шмат хто хацеў бы прыехаць сюды зноў. І гэты фактар мы хацелі б зараз выкарыстаць. Уе добра памятаюць Батумі, нашы пляжы, аджарскі хачапуры, чырвонае віно і пры гэтым гавораць: убачыўшы і паспрабаваўшы аднойчы, гэта забыць цяжка. Таму хочам актыўна скіраваць працу менавіта ў гэты бок, маючы на ўвазе, канечне, і Беларусь. У нас зараз некалькі новых рынкаў, і Беларусь – адзін зь іх. На іх за 2011 да 2013 гады мы хацелі б актыўна, скажам так, прасунуць наш горад".

Некаторыя аналітыкі лічаць, што штуршком для разьвіцьця Аджарыі стала сытуацыя ў Абхазіі, дзе цяпер уладараць расейскія гаспадары. Маўляў, афіцыйнаму Тбілісі нічога не засталося, як разьвіваць аджарскае ўзьбярэжжа. Наколькі праўдзівае сьцьвярджэньне -- цікаўлюся ў сваёй суразмоўніцы:

"Мяркую, што і да гэтага ў Савецкім Саюзе ўсё разьвівалася прыблізна ў аднолькавай ступені. Проста там, у Абхазіі, больш доўгі пляж, Сухумі сам па сабе літаральна на беразе. І калі параўноўваць з нашым горадам, то там, ведаеце, як два ці тры Батумі, калі разам скласьці. І месца болей, і турыстаў болей заўсёды было. Але такога, каб нам не хапала турыстаў, то не было ніколі. У нас у месяц мільён прыяжджала. Нават занадта шмат было людзей і не хапала ў тым жа Батумі месцаў. Бо калі, зноў жа, параўнаць, у Абхазіі проста большая людзкая "зьмяшчальнасьць". І калі вы паглядзіце фатаграфіі, убачыце, што вельмі падобныя і па клімаце, і па архітэктуры і Сухумі, і Батумі. Таму хто што выбіраў".

Батумі, Аджарская аўтаномія Грузія
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:18 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG