Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ноч на 12 чэрвеня Дзьмітрыя Буланава этапуюць у Магілёў


Дзьмітрыю Буланаву перад этапам у калёнію гэтак і не залячылі зуб. Уладзімер Лобан зрабіў першы званок з калёніі. Дзьмітрыя Дароніна наведала ў ізалятары сястра. Гісторык Дзьмітры Дрозд марыць на Валадарцы пра час, калі "засядзе" у архіве.

Вязень Валадаркі Дзьмітры Буланаў, асуджаны на 3 гады зьняволеньня за падзеі 19 сьнежня, сёньня ўначы будзе этапаваны ў магілёўскую калёнію № 15. Пра гэта Свабодзе паведаміла сяброўка Дзьмітрыя Надзея са спасылкай на ягоны ліст.

"Дзіму павязуць ў суботу ноччу ў калёнію і прыблізна ў панядзелак ён ужо будзе там. Калёнія Магілёў-15. Ён ужо напісаў і свой новы адрас".

Да суду Дзьмітры Буланаў перанёс на Валадарцы прыступ цяжкай хваробы суставаў. Пэўны час вязень ня мог хадзіць і лячыўся ў турэмным шпіталі. Сваякі Буланава кажуць, што прыступы могуць паўтарыцца. "Пасьля вызваленьня Дзіму спатрэбіцца абавязковая апэрацыя", — мяркуе Надзея. Як пачуваўся Дзьмітры Буланаў напярэдадні этапу?

"Яшчэ ў яго з зубам праблема, але яму гэтак і не заклалі лекі. Сказалі, што
ў яго з зубам праблема, але яму гэтак і не заклалі лекі...

стаматалягічны кабінэт на Валадарцы зачыніўся і што акажуць дапамогу ў панядзелак. Але мы ж ведаем, што ужо ў суботу ноччу ў яго этап і зразумела, што ніхто ім ужо займацца ня будзе".

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч даслаў жонцы Марыне Адамовіч ліст, у якім паведаміў, што зьбіраецца 8 чэрвеня напісаць заяву аб пераводзе ў калёнію. Ліст быў датаваны 7-м чэрвеня, такім чынам Марына Адамовіч мяркуе, што заяву Мікалай Статкевіч ужо напісаў. Вядома, што палітыка плянавалі накіраваць у Шклоўскую калёнію. Марына Адамовіч не выключае, што этап можа адбыцца таксама ў суботу-нядзелю.

Асуджаны за Плошчу на 3 гады Ўладзімер Лобан пазваніў сястры Сьвятлане са Шклоўскай калёніі. Гэта быў першы званок вязьня з калёніі. Сьвятлана распавяла:

"Ён мне сёньня званіў, патлумачыў адносна перадачаў. Яшчэ сказаў, што зь ім усё нармальна. Званіць яму дазволена раз на тыдзень. Канешне, усяго ён распавесьці ня змог, хвілін пяць мы размаўлялі, нават меней".

Дзьмітрыя Дароніна на Валадарцы наведала сястра. Маці вязьня Галіна кажа, што Дзьмітры "ў добрым настроі, а што там ўнутры яго, хто ведае, можа, гэта ён перад намі так трымаецца". Даронін не напісаў заявы аб пераводзе ў калёнію да разгляду скаргі на прысуд і чакае касацыі на Валадарцы.

Асуджанага за Плошчу Дзьмітрыя Дразда таксама дагэтуль трымаюць у менскім ізалятары. Сябра вязьня Язэп Янушкевіч працытаваў ліст Дзьмітрыя, які атрымаў днямі з Валадаркі.

Карэспандэнт: "Што зь ім? Калі яго адправяць ў калёнію, што ён піша?"

"Ён пра гэта нічога ня піша. Піша, што бясспрэчна хацеў бы замест таго месца, дзе цяпер сядзіць, ціха сядзець ў архіўнай чытальні і пісаць кнігі пра свой радавод. "Сядзець на беразе Драздоў" – гэткую мэтафару ён ужыў".

Дзьмітры Дрозд – гісторык. Пэўны час жыў у Маскве, вярнуўся ў родную Беларусь, дзе пачаў пісаць кнігі па гісторыі краіны. Суд прызнаў Дзьмітрыя вінаватым ва ўдзеле у масавых непарадках і асудзіў на 3 гады калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG