Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рубель умацоўваецца, бо ў людзей заканчваюцца грошы


Цягам апошніх дзён пазыцыі рубля ў адносінах да замежных валют на чорным рынку, у інтэрнэт-крамах, на рэчавых рынках ўмацоўваюцца. Бальшыня валютчыкаў даюць за даляр ужо меней за 6000 рублёў, гандляры робяць пералік па курсе 5500—5800 рублёў. Афіцыйны курс, нагадаем, усталяваны на адзнацы 5000. Але, як кажуць экспэрты, вонкавыя праявы стабілізацыі рубля выкліканы зусім не аздараўленьнем эканомікі. Гэта першы паказьнік таго, што ў людзей папросту заканчваюцца грошы, што, адпаведна, цягне за сабой зьніжэньне пакупніцкай здольнасьці.

Неўзабаве пасьля дэвальвацыі і адмовы Нацбанку ад валютных інтэрвэнцыяў курс у гандлёвых разьліках дасягаў 10000 рублёў за даляр. Такую прапорцыю вызначылі найперш крамы д'юці-фры, турыстычныя кампаніі, гандляры запчасткамі ў крамах і на аўтамабільных рынках.

Цяпер жа сытуацыя зьмянілася. Па згаданых адрасах, а таксама ў інтэрнэт-крамах, салёнах мабільных тэлефонаў, кампутарных крамах даляр пералічваюць па курсе 5500—6000 рублёў. Дарэчы, яшчэ на пачатку тыдня бальшыня тавараў празь сеціва прадавалася з разьліку 7000 рублёў за даляр. Адкарэктавалі лічбы і валютчыкі: калі яшчэ нядаўна яны прымалі даляры па 6200, а буйныя сумы і па 6500 рублёў, то цяпер плянка апусьцілася ніжэй за 6000.

Прадпрымальнік Аляксандар Таўстыка кажа, што адыход ад ранейшых пазыцый вымушаны: людзі ня ў стане плаціць па рэальным — з гледзішча эканамічнай сытуацыі, — але непад'ёмным курсе:

"На самыя дарагія рэчы пералік ідзе па 6200 рублёў, а ўсё астатняе ў
Мы зыходзім з такой сытуацыі, каб хоць што-небудзь прадаць, нават па такім нявыгадным курсе, каб заплаціць арэнду, падаткі, за кватэру, за інтэрнэт ...

сярэднім 5500—6000. Мы зыходзім з такой сытуацыі, каб хоць што-небудзь прадаць, нават па такім нявыгадным курсе, каб заплаціць арэнду, падаткі, за кватэру, за інтэрнэт. Плаціць зь нечага ж трэба, гэтага ж ніхто не адмяняў. Толькі па сытуацыі — злавіць кліента і, як кажуць, не адпусьціць. То бок мы ідзем на любыя пакуль што ўмовы, таму што ў нас ёсьць сем'і, у нас ёсьць дзеці, і гэта наш заробак. Калі на заводах і на фабрыках, як мы бачым і ведаем, людзі працуюць, прадпрыемствы буйной вытворчасьці маюць доўгатэрміновыя кантракты з Расеяй, з Казахстанам, іншымі краінамі, то мы на сёньняшні дзень залежым ад іншых фактараў".

Паводле справаздачы Нацыянальнага статыстычнага камітэту, індэкс спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі вырас у траўні на 25% у параўнаньні са сьнежнем 2010 году. За год кошты павялічыліся ў сярэднім на 32%, тады як пасьля 56-працэнтнай травеньскай дэвальвацыі прыбыткі насельніцтва аўтаматычна скараціліся напалову. Платаздольнасьць асноўнай масы беларусаў зьвялася да мінімуму.

Ажыятажны попыт на некаторыя тавары і прадукты харчаваньня, як лічаць экспэрты, бліжэйшым часам наўрад ці паўторыцца. У красавіку і траўні людзі намагаліся перавесьці ў рэчы і харчы грашовую масу, яшчэ ня зьедзеную дэвальвацыяй ды інфляцый. Прытоку сродкаў у абарот паспрыялі ўклады, якія ва ўмовах недаверу да фінансавай сыстэмы кліенты банкаў пасьпяшаліся зьняць і таксама перавесьці ў лядоўні, пральныя машыны, тэлевізары. Па ацэнках эканамістаў, у выніку дэвальвацыі больш за мільярд даляраў у рублёвых дэпазытах папросту "згарэлі", а абясцэненых заробкаў хапае толькі на самыя неабходныя прадукты ды аплату камунальных паслугаў.

Як кажа эканамічны аглядальнік Канстанцін Скуратовіч, падставаў для выпраўленьня сытуацыі няма. Улады Беларусі па-ранейшаму спадзяюцца на зьнешнія крэдыты і ня хочуць нават паспрабаваць правесьці рынкавыя рэформы. Людзі тым часам застаюцца міжволі ўцягнутымі ў экспэрымэнт на выжываньне:

Канстанцін Скуратовіч
"Ну, што народ будзе рабіць? Трэба проста азірнуцца ды паглядзець, бо нешта падобнае ўжо было, калі савецкая ўлада закалыхалася… Падставаў для аптымізму няма. Паглядзіце на балянс зьнешняга гандлю. Адмоўнае сальда падвышаецца кожны месяц на мільярд даляраў. Нам якія грошы сюды ні дай, у такую эканоміку, яна ўсё роўна на выхадзе будзе даваць меней, чым было ўкладзена рэсурсаў на ўваходзе. Гэта ж ня вечны рухавік, а такая чорная скрыня. Нічога ж не рабілася дзеля таго, каб зрабіць эканоміку эфэктыўнай, каб ажыцьцявіць структурныя зьмены. Нічога не рабілася цягам 17 гадоў. На што разьлічвалі — я, прынамсі, дык і ня ведаю".

Бязьдзеяньнем уладаў абураюцца нават тыя вядомыя асобы, якія дагэтуль не былі заўважаныя ў крытычным стаўленьні да рэжыму. Так, былы прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Лінг падчас апошняга паседжаньня Рэспубліканскай рады дзелавых колаў усклаў адказнасьць за фінансавы крызіс на Нацыянальны банк і Савет міністраў:

"Урад павінен адказваць за свае справы, Нацбанк — за свае. І няма чаго
насамрэч за кожным радком — рост коштаў ...

сядзець як мышы пад мятлой, да людзей трэба ісьці і тлумачыць…". Замест гэтага, па словах Лінга, чыноўнікі склалі пастанову, асноўная мэтай якой — ня пошук спосабаў разьвязаньня праблемы, а канчатковае заблытваньне людзей: "Такія выразы, што мала вышэйшай адукацыі, каб разабрацца. Але насамрэч за кожным радком — рост коштаў", — падсумаваў спадар Лінг.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG