Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: “Беларуськалій каштуе” 30 мільярдаў даляраў, але перамоваў пра продаж не было


Аляксандар Лукашэнка ацэньвае кошт ААТ "Беларуськалія" у 30 мільярдаў даляраў. Ён кажа, што пакуль ні зь кім ня вёў перамоваў пра продаж.

Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.

"Мы абсалютна ня супраць продажу пакетаў акцый нашых акцыянэрных таварыстваў, у тым ліку "Беларуськалія". Што тычыцца"Беларуськалія", то я выразна сказаў: 30 млрд на стол, а з 1 ліпеня гэтая сума будзе індэксавацца на ўзровень інфляцыі даляру ", - заявіў Лукашэнка на нарадзе па пытаньнях разьвіцьця ААТ "Беларуськалія".

Лукашэнка патлумачыў: "паколькі ідзе інфляцыя, то з 1 ліпеня 30 мільярдаў даляраў мы будзем індэксаваць… Гэта значыць, цана "Беларуськалія"з 1 ліпеня можа быць не 30 мільярдаў, а 30 мільярдаў 10 мільёнаў. Гэта значыць уся цана будзе індэксавацца".

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што "ніхто нікому за бесцань і бясплатна ні адно прадпрыемства не аддасьць".

"Ужо пусьцілі чуткі, што гэтае прадпрыемства ўжо прададзена. Я наогул ні зь кім ня вёў перамовы пра продаж "Беларуськалія", – заявіў А. Лукашэнка.

"Што мне зь імі весьці? Цана названая. Калі грошы ёсьць – прыяжджайце. Якія могуць быць перамовы?", – заявіў Лукашэнка.



Раней мэдыі паведамлялі, што кампанія Сулеймана Керымава "Нафта Масква" блізкая да дасягненьня дамоўленасьці з беларускімі ўладамі аб набыцьці 50% + 1 акцыя "Беларуськалія".

Сума зьдзелкі зыходзіць з ацэнкі ўсёй кампаніі ў 30 мільярдаў даляраў можа скласьці 15 мільярдаў даляраў.

Керымаў зьяўляецца саўладальнікам "Уралкалію", які ў 2005 годзе стварыў з "Беларуськаліем" сумеснага трэйдара (ЗАТ "Беларуская калійная кампанія", БКК). Праз БКК "Уралкалій" і "Беларуськалій" сумесна забясьпечваюць 30% паставак хлорыстага калію на сусьветны рынак.

The Wall Street Journal паведамляла, што Беларусь абмяркоўвае магчымы продаж "Беларуськалій" як з кітайскай кампаніяй, так і з расейскім прадпрымальнікам, акцыянэрам "Уралкалія" Сулейманам Керымавым.

"Беларуськалій" ацэньваецца да 20 мільярдаў даляраў. Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што лічыць магчымым продаж да 25% акцый "Беларуськалія".

Першы намесьнік прэм'ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка казаў, што Менск гатовы прадаць долю ў "Беларуськаліі" за $ 6-7 млрд.

"Беларуськалій" зьяўляецца адным з трох найбуйнейшых пастаўшчыкоў калійных угнаеньняў на сусьветным рынку. Доля прадпрыемства ў сусьветнай вытворчасьці калійных угнаеньняў складае каля 15%, у сусьветным экспарце калію – звыш 16%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG