Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Кабанаў пра А.Тура і ўлады: калі кіруеце дзяржавай, будзьце адказнымі


Андрэй Тур, скандальнае відэа
Андрэй Тур, скандальнае відэа
Госьць «Начной Свабоды» – бізнэсовец Андрэй Кабанаў, аўтар скандальнага відэа, на якім намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур на дыпляматычным прыёме адказвае на пытаньні пра цяжкую эканамічную сытуацыю ў краіне.

Ганна Соўсь: Вы запыталіся ў намесьніка міністра эканомікі, чаму ваш некалі пасьпяховы бізнэс даведзены да галечы, і атрымалі адказ, што вы жывяце не па сродках. А якога адказу вы чакалі ад афіцыйнага прадстаўніка міністэрства эканомікі?

Андрэй Кабанаў: Ведаеце, нейкага ўцямнага адказу я й не чакаў ад гэтага чалавека, бо тое, што яны робяць нават не ў апошнія месяцы, а год, пяць гадоў, гэта, вядома, глупства, дарога нікуды. Я спытаўся: што мне рабіць, як нам жыць? Каб сябрам параіць. Зразумела, што ня бегаць па крамах і нешта скупляць, а як весьці бізнэс у гэтай краіне? Але ўцямнага адказу не пачуў.

Ганна Соўсь: Чаму вы вырашылі зьняць на відэа размову з намесьнікам міністра? Як вы мяркуеце, публічныя асобы мусяць усьведамляць, што яны заўсёды навідавоку, што трэба несьці адказнасьць за кожнае слова?

Андрэй Кабанаў: Гэта іх непасрэдны абавязак, калі яны займаюць такія пасады ў нашай дзяржаве. Іх слова павінна людзей да нейкага дзеяньня падштурхоўваць, кансультаваць, дапамагаць. У складаны час мусіць быць нейкі зварот да нацыі -- як сябе паводзіць у такой сытуацыі, у якой мы даўно не былі. Усё ў нас нібыта добра, усё прыгожа, але насамрэч людзі ня ведаюць, як жыць. Непрыхаваная хлусьня ліецца на людзей з эфіру ўсіх каналаў.

Я даўно перастаў слухаць тлумачэньні нашых афіцыйных асобаў. Я разумею, што ўсё вакол няпраўда, рэжым затыканьня дзір, сьведкамі і закладнікамі якога мы ўсе зьяўляемся, -- усё гэта вынік няправільнай эканамічнай працы, якая вялася, на жаль, на працягу не аднаго дзясятка гадоў.

Ганна Соўсь: Каго вы лічыце адказным за складаную эканамічную сытуацыю ў краіне?

Андрэй Кабанаў: Ня хочацца спасылацца на нашага ўсемагутнага прэзыдэнта, але немагчыма аднымі рукамі кіраваць усім, мусяць працаваць нармальныя законы эканомікі, а ня ўказы і загады. Гэта не працуе. Мяне гэта абурае. Мне сорак гадоў, у мяне двое дзяцей, неяк іх трэба карміць. Мне ня хочацца зьяжджаць з краіны, я люблю сваю Беларусь. Мне клімат падабаецца, тут мае продкі, я хачу тут прыгожа, шчасьліва хадзіць і езьдзіць на добрай машыне, я ўмею зарабляць. Але ў мяне куча пытаньняў -- чаму мы так дрэнна жывем? Калапс поўны. У нас 17 гадоў эканоміка працуе ня так, як яна павінна працаваць. Жыцьцё праходзіць, мы вымушаныя абмяжоўваць сябе толькі з-за таго, што ў нас ня ўсё так, як ва ўсіх. І першапрычына гэтага, натуральна, тое, што рыба гніе з галавы.

Ганна Соўсь: Сёньня Андрэй Тур назваў правакацыяй выкладзенае ў сеціве відэа? Як вы лічыце, якія будуць наступствы ад гэтага відэа для яго і для вас?

Андрэй Кабанаў: Мне няма чаго губляць. У мяне ёсьць дзеці, якіх трэба карміць, ёсьць пасьведчаньне інваліда, бо такое жыцьцё давяло ў 38 гадоў да інфаркту. Я не рэвалюцыянэр і не супэрбізнэсмэн, а проста нармальны сярэднестатыстычны чалавек, у якога ёсьць пытаньні. Чаму мы ня можам камунікаваць, задаваць адзін аднаму пытаньні і даваць адказы?

Да Тура я нічога асабіста ня маю. Але калі ўжо вы кіруеце дзяржавай, будзьце адказнымі. Чым вышэйшая пасада, тым большая адказнасьць. Калі ўрад не спраўляецца, калі прэзыдэнт ня можа, тады дайце іншым. Давайце зробім рэфэрэндум, выбары-перавыбары. Заявіце пра гэта афіцыйна. Давайце нешта зробім. Ня трэба хлусіць людзям, дзядулькам, бабулькам, дзецям.

Цалкам гутарку можна слухаць тут:

Размова з Андрэем Кабанавым, 7 чэрвеня 2011 году
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:50 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG