Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Freedom House у Вільні — за свабоду слова ў Беларусі


Адной з асноўных місіяў офісу міжнароднай арганізацыі Freedom House, які сёньня быў адкрыты ў Вільні, стане барацьба за свабоду самавыяўленьня ў Беларусі. Пра гэта сёньня заявіў кіраўнік МЗС Літвы Аўдронюс Ажубаліс на адкрыцьці прадстаўніцтва арганізацыі, перадае партал DELFI.

Адкрыцьцё офісу арганізацыі, на думку кіраўніка МЗС Літвы, сьведчыць аб тым, што Літва зьяўляецца «надзейным і актыўным членам дэмакратычнай супольнасьці». Пра гэта ён казаў на адкрыцьці прадстаўніцтва арганізацыі 7 чэрвеня, паведамляе прэс-служба міністэрства.

Аўдронюс Ажубаліс
«Літва прайшла доўгі шлях барацьбы за свабоду і незалежнасьць, таму адкрыцьцё Freedom House зьяўляецца своечасовым і вельмі важным для нас. Мы спадзяемся, што гэта стане першым крокам да шматгадовага супрацоўніцтва », - сказаў міністар.

Паводле яго слоў, адной з асноўных місіяў арганізацыі ў Літве стане барацьба за свабоду самавыяўленьня ў суседнім рэгіёне.

«На жаль, палітвязьні, перасьлед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і незалежнай прэсы сёньня зьяўляюцца рэальнасьцю ў Беларусі. Я цьвёрда веру, што дзейнасьць Freedom House стане істотнай падтрымкай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і ў эміграцыі», -- сьцьвярджаў А. Ажубаліс.

Прадстаўніцтва Freedom House заснавана ў будынку Літоўскага радыё і тэлебачаньня, якое, са словаў міністра, 20 гадоў таму было «занятае і выкарыстоўвалася для савецкай прапаганды».

Freedom House, цэнтральны офіс якой знаходзіцца ў Вашынгтоне, займаецца і назіраньнем і аналізам становішча дэмакратыі, палітычных свабодаў і правоў чалавека ў розных краінах сьвету, спрыяе распаўсюджваньню дэмакратычных каштоўнасьцяў і свабодаў.

Кожны год арганізацыя публікуе справаздачу «Свабода ў сьвеце», у якой прадстаўлена адзнака забесьпячэньня палітычных свабодаў і правоў чалавека ва ўсіх краінах сьвету. У справаздачы 2011 году Літва названая вольнаю дзяржавай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG