Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДКБ хоча дзейнічаць пад эгідай ААН


Супрацьракетныя комплексы С-400.
Супрацьракетныя комплексы С-400.
Пытаньне пра тое, ці паставяць у Беларусь сучасныя расейскія супрацьракетныя комплексы С-400, застаецца пакуль без адказу. Удзельнікі сёньняшняга паседжаньня ў Менску міністраў абароны краінаў АДКБ не захацелі адказаць на гэта пытаньне журналістаў, затое ахвотна выказваліся наконт перспектывы стварэньня міратворчых сілаў АДКБ.

Анатоль Сердзюкоў
Міністар абароны Расеі Анатоль Сердзюкоў сёньня асноўную ўвагу засяродзіў на стварэньні міратворчых сілаў АДКБ. Ён паведаміў, што парадак выкарыстаньня Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ будзе адпрацаваны ўвосень на тэрыторыі Таджыкістану, а тактычныя дзеяньні адбудуцца на тэрыторыі Кіргізстану.

Расейскі міністар, а таксама ягоныя калегі з Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кіргізстану, Таджыкістану і Ўзбэкістану сёньня шмат гаварылі пра тое, як надаць сілам АДКБ мандат міратворчай дзейнасьці ААН. Найбольш пэрспэктыўнымі тут выглядаюць такія сумесныя кірункі, як барацьба з тэрарызмам і наркатрафікам, міратворчасьць і прэвэнтыўная дыпляматыя.

Так, міністар абароны Беларусі Юры Жадобін заявіў:

Юры Жадобін
«Асобная ўвага аддадзеная рэалізацыі ініцыятыў, якія вылучыла Рэспубліка Беларусь, калі яна пераймала старшынства ў АДКБ. Прынамсі аб разьвіцьці ініцыятывы наконт сумеснага фармату міратворчай дзейнасьці ААН — АДКБ. Міністры абароны ўзгаднілі пытаньне пра склад і дысьлякацыю міратворчых кантынгентаў дзяржаваў-чальцоў Дамовы аб АДКБ».

Беларускія кіраўнікі і іхнія калегі з АДКБ вельмі хацелі, каб ваенныя апэрацыі АДКБ атрымалі статус апэрацыяў пад эгідай ААН, кажа палітоляг Аляксандар Класкоўскі. Але для гэтага, цьвердзіць ён, лідэры краінаў АДКБ мусяць вызначыцца найперш паміж сабою:

«Мы памятаем леташнюю сытуацыю, калі ў Кіргізстане былі вядомыя падзеі. І тады лідэры краін АДКБ абсалютна не паразумеліся. Таму што занадта розныя мэты ў іх былі. І зараз таксама няма ўпэўненасьці, што састыкуюцца інтарэсы краін АДКБ і ААН. Так, мандат, сьцяг, легітымнасьць — усё гэта добрыя рэчы. Але ж і ААН сёньня фактычна слабая і друзлая арганізацыя.
АДКБ як постсавецкая арганізацыя — чыста фармальная.
А з другога боку, АДКБ як постсавецкая арганізацыя — чыста фармальная. Насамрэч у межах гэтага аб’яднаньня фактычна ідуць інфармацыйныя, эканамічныя ды іншыя войны. Таму сёньняшнія размовы выглядаюць як размовы на карысьць бедных. І іхныя пляны, калі і дойдуць да практычнай рэалізацыі, то вельмі ня хутка».

Беларусь на гэтых перамовах спадзявалася атрымаць бяз грошай лепшае расейскае ўзбраеньне. Яно прадугледжанае выключна для міратворчых сілаў АДКБ. Сёньня стала вядома, што Беларусь сапраўды можа атрымаць палепшанае ўзбраеньне. Але канчаткова гэтае пытаньне вырашыцца пасьля восеньскіх вучэньняў. Менавіта так бачыць сытуацыю Генэральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG