Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХК атрымаў другое папярэджаньне за год


Міністэрства юстыцыі вынесла другое ў гэтым годзе пісьмовае папярэджаньне Беларускаму Хэльсынскаму камітэту. Падставай для яго сталі "парушэньні падатковага заканадаўства, якія маюць працяглы характар".

БХК павінен заплаціць у бюджэт звыш 205 мільёнаў рублёў падаткаў і штрафных санкцый на выкарыстаныя ў 2002—2003 гадах гранты Эўракамісіі, якія паводле міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь падаваліся ў беспадатковым рэжыме. У рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі ад Эўракамісіі фінансаваліся больш за 30 грамадзкіх аб'яднаньняў. Аднак падатковыя плацяжы былі налічаныя толькі 2 арганізацыям, паведамляе прэс-служба БХК.

БХК лічыць рашэньне інспэкцыі Міністэрства падаткаў і збораў незаконным і абскардзіў яго ў судовым парадку. Суды пастанавілі, што праваабаронцы нічога не павінны пакрываць у бюджэт.

Аднак напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, маніторынг якіх ажыцьцяўляў БХК, рашэньні гаспадарчых судоў былі перагледжаныя прэзыдыюмам Вышэйшага гаспадарчага суду. Маёмасьць БХК была канфіскаваная, а рахункі арыштаваныя.

Разам з тым у 2006 годзе дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю спыніў у сувязі з адсутнасьцю падзеі злачынства крымінальную справу, пачатую за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у дачыненьні да службовых асобаў БХК.

Цяпер Мін'юст загадвае БХК ліквідаваць запазычанасьць у бюджэт у месячны тэрмін.

Першае ў гэтым годзе папярэджаньне было вынесена БХК 12 студзеня 2011 году пасьля таго, як праваабаронцы накіравалі спэцдакладчыку ААН па пытаньні аб незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў Габрыэле Кнауль паведамленьне пра ціск уладаў на адвакатаў, у прыватнасьці тых, якія абараняюць удзельнікаў падзеяў 19 сьнежня.

12 сакавіка Вярхоўны суд адмовіў БХК у задавальненьні скаргі на папярэджаньне Мін'юсту.

Заканадаўства дазваляе ініцыяваць судовы працэс аб ліквідацыі грамадзкага аб'яднаньня пры наяўнасьці двух папярэджаньняў за год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG