Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Дубавец: Няма трох "Нашых Ніў", гэта адзін праект


29 траўня споўнілася 20 гадоў ад выхаду першага нумару адроджанай “Нашай Нівы”. Госьцем «Начной Свабоды» -- тагачасны рэдактар газэты Сяргей Дубавец.

Абламейка: Сяргей, як і калі нарадзілася ідэя аднавіць выхад самай старой і шанаванай беларускай газэты?

Дубавец: Ідэя нарадзілася яшчэ на пачатку 1980-х, калі ўзьнікла першая нефармальная арганізацыя Беларуская Майстроўня. Мы хацелі адрадзіць усё, што зьвязанае зь беларушчынай, і бралі для гэтага самыя высокія ўзоры. Мы былі маладыя, амбітныя, нам хацелася бачыць беларускую Беларусь. Працэс адраджэньня ўключаў у сябе шмат чаго -- адрадзіць народныя сьвяты, адрадзіць жывую мову, адрадзіць нацыянальную адукацыю, адрадзіць газэту... У гэтым коле і сфармавалася тое асяродзьдзе, якое пасьля аднавіла "Нашу Ніву".

Абламейка: Значыць, дзесяць гадоў вы выношвалі гэтую ідэю?

Дубавец: Можа нават і болей. Нельга было адрадзіць "НН", ня вартаю тое "НН", якая выходзіла напачатку стагодзьдзя і фактычна стварыла беларускую нацыю. Таму да адноўленай "Нашай Нівы" былі папярэднія выданьні -- падпольныя часопісы, аднадзёнка "Дзень Волі", цэлы год ідэя газэты ажыцьцяўлялася ў выглядзе "Свабоды". І пасьля ўжо пачалася «Наша Ніва».

Абламейка: А не бянтэжыла вас параўнаньне імёнаў – раней газэту рэдагавалі Аляксандар Уласаў, Янка Купала. А тут за яе бярэцца моладзь...

Дубавец: Нас гэта ня толькі не бянтэжыла, але дадавала сіл і натхненьня. Мы адраджалі ня нейкае заштатнае выданьне, а галоўную беларускую газэту.

Абламейка: Якой была рэакцыя ў пісьменьніцкіх колах, у колах нацыянальнай інтэлігенцыі больш сталага веку?

Дубавец: Пераважна станоўчая і ўхвальная і радасная. Былі і галасы, якія казалі: не чапайце помнік. Уся беларушчына для кагосьці помнік. А наша задача -- яе ажывіць, напоўніць новым зьместам, новым часам. Помнік можа быць па чымсьці сьмяротным, а нацыянальная ідэя і нацыянальная газэта не ўяўляліся нам такімі.

Абламейка: За часы вашага кіраваньня “Нашай Нівай” газэта мела ярка выражаны інтэлектуальны характар. Яна выходзіла раз на месяц і нагадвала сабой паводле зьместу элітны рафінаваны часопіс для выкшталцоных нацыяналаў. Пасьля вас газэта набыла зусім іншы характар. Як вы ацэньваеце два гэтыя абліччы адроджанай вамі “Нашай Нівы”?

Дубавец: Можна яшчэ далучыць і трэцяе аблічча -- газэты-пачынальніцы пачатку 20-га стагодзьдзя. Гэта ўсё, на маю думку, адзін праект. Бо гэта нацыятворчая газэта, якая ў пэўных абставінах зьмененага часу і грамадзтва набывае той выгляд і характар, які дазваляе ёй быць актуальнай і працягваць сваю нацыятворчую місію. У часе, калі мы аднаўлялі гэтае выданьне, мы адчувалі вельмі востры дэфіцыт інтэлектуальнай беларускай моладзі і таму газэта хілілася ў гэты бок. І наколькі я ведаю, шмат хто зь сёньняшніх ужо сталых дзеячоў беларушчыны гадаваўся менавіта на "Нашай Ніве" сярэдзіны 1990-х. Сёньня, напэўна, такога дэфіцыту няма, сярод сьведамай беларускай моладзі шмат інтэлектуальна разьвітых творчых людзей. Але ёсьць патрэба ў пашырэньні кола зацікаўленых беларушчынай людзей. І газэта мае выгляд больш папулярнага выданьня і мае папулярны сайт у інтэрнэце. Але пры гэтым галоўная місія выданьня -- нацыятворчая -- застаецца нязьменнай.

Абламейка: Што вам найбольш падабаецца і што не падабаецца ў сёньняшняй “Нашай Ніве”?

Дубавец: Шмат што падабаецца, шмат што не падабаецца. Галоўнае, што газэта выходзіць. Усе мы ведаем, што яна знаходзіцца пад пагрозай закрыцьця, і калі б гэта здарылася, гэта быў бы вельмі моцны ўдар па беларушчыне ў Беларусі.

Абламейка: Калі б такое здарылася і газэту закрылі, якой павінна быць рэакцыя тых, хто яе выдае?

Дубавец: Калі б такое здарылася ў сярэдзіне дзевяностых, газэта б выходзіла далей нелегальна. У параўнаньні зь сёньняшнім часам тады быў, з аднаго боку, больш мяккі рэпрэсіўны рэжым, зь іншага боку, было больш моцнае, трывалае незалежнае грамадзтва, якое зацята адстойвала нацыянальныя каштоўнасьці. Сёньня наадварот – жорсткі рэжым і слабы недзяржаўны сэктар. Але патэнцыял нацыянальнай ідэі невычэрпны, альтэрнатывы ёй няма. Гэта значыць, што калі «Нашу Ніву» закрыюць, празь нейкі час яна адродзіцца зноў.

Цалкам гутарку можна слухаць тут:

Размова зь Сяргеем Дубаўцом, 1 чэрвеня 2011 году
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:03 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG