Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мабільнікі афіцыйна прызналі «магчымым канцэрагенам»


Усясьветная арганізацыя аховы здароўя ўпершыню назвала выпраменьваньне ад мабільных тэлефонаў магчымым канцэрагенным фактарам для чалавека.

Такой заяве папярэднічала тыднёвае абмеркаваньне, у якім бралі ўдзел больш за трыццаць навукоўцаў на замову Міжнароднага агенцтва дасьледаваньняў раку. Экспэрты разглядалі дзясяткі ранейшых дасьледаваньняў, у тым ліку два яшчэ неапублікаваныя.

Год таму уласнае дасьледаваньне Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя не выявіла яснай сувязі паміж мабільнымі тэлефонамі і ракавымі захворваньнямі.

Гэтым разам навукоўцы кажуць, што іх выснова часткова грунтуецца на сувязі паміж выкарыстаньнем мабільных тэлефонаў і гліёмай – вельмі небясьпечным тыпам раку мозгу. Паводле аднаго з дасьледаваньняў, актыўныя карыстальнікі мабільнай сувязі мелі на 40 працэнтаў большую рызыку захварэць на гліёму.
Aктыўныя карыстальнікі мабільнай сувязі мелі на 40 працэнтаў большую рызыку захварэць на гліёму

Брытанскі штодзёньнік Financial Times цытуе прадстаўніка Ўнівэрсытэту Паўднёвай Каліфорніі Джонатана Сэмэта, які ачольваў рабочую групу навукоўцаў: «Сьведчаньні, хоць яны яшчэ накопліваюцца, дастатковыя для высновы аб такой клясыфікацыі [як патэнцыйнага канцэрагену]. Гэтая выснова значыць, што можа існаваць рызыка, і таму нам трэба ўважліва адсочваць дачыненьне паміж мабільнымі тэлефонамі і рызыкай раку».

Акрамя сувязі з гліёмай, некаторыя дасьледаваньні таксама паказалі магчымую сувязь паміж актыўным выкарыстаньнем мабільных тэлефонаў і акустычнай нэўромай – менш небясьпечнай пухлінай.

Міжнародная арганізацыя, якая прадстаўляе найбуйнейшых вытворцаў мабільных тэлефонаў, у сваім камэнтары падкрэсьліла, што ацэнкі навукоўцаў сьведчаць: небясьпека магчымая, але ня вельмі верагодная.

Самі навукоўцы адмовіліся даваць нейкія рэкамэндацыі на аснове новай клясыфікацыі, акрамя таго, што патрэбны дадатковыя дасьледаваньні. Паводле рабочая групы, канкрэтныя парады і дзеяньні павінна вызначаць Усясьветная арганізацыя аховы здароўя і ўрады асобных краінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG