Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшла акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі


Актывісты інтэрнэт-сайту pashtoukа.оrg супольна з прадстаўнікамі Эўрапейскай Беларусі зладзілі акцыю салідарнасьці з палітзьняволенымі. Зь менскага паштамту яны даслалі вязьням у розныя турмы некалькі сотняў паштовак.

Увечары каля менскага паштамту сабралася каля дзясятка маладых людзей. Неўзабаве яны рушылі ў будынак, дзе селі за сталы і пачалі падпісваць паштоўкі:

Карэспандэнтка: «Каму падпісалі паштоўку?»

Юначка: «Падпісваем паштоўкі ўсім палітвязьням, бо ўсе людзі роўныя і ўсе яны не на волі, а таму іх неабходна падтрымліваць».
Будзем падпісваць усім, бо ўсе яны і за нас сядзяць.

Неўзабаве да моладзі далучыліся людзі больш сталага веку:

Спадарыня: «Я прачытала ў інтэрнэце, што праводзіцца такая акцыя і вырашыла прыйсьці, каб далучыцца».

Карэспандэнтка: «Каму будзеце падпісваць?»

Іншая спадарыня: «Ну вось падпісалі Паўлу Вінаградаву, Зьмітру Дашкевічу, Васілю Парфянкову і будзем далей падпісваць».

Спадарыня: «Будзем падпісваць усім, бо ўсе яны і за нас сядзяць. Бо гэткія ж тэрміны, як яны, мог бы атрымаць кожны з 50 тысяч, хто выйшаў на плошчу 19 сьнежня. Кожны».

Людміла Мірзаянава прыйшла, каб падпісаць паштоўку свайму сыну, палітвязьню Фёдару Мірзаянаву, якога за Плошчу асудзілі на тры гады:

«Я пішу сыну штодня, бо гэта зваротная сувязь. На жаль, цяпер яна не зваротная, бо ад сына не атрымліваю лістоў. Але сёньня я прыйшла сюды і адчула, нібы сьвята: моладзь, сталыя людзі падпісваюць паштоўкі — і гэта тое, што нас аб’ядноўвае».

Увесь час, пакуль людзі падпісвалі паштоўкі, за імі сачылі супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным. Яны ж забаранялі журналістам рабіць фота- і відэаздымкі. Тым ня менш, арганізатары акцыі кажуць, што задаволеныя вынікам.

Валянцін Сакалоўскі: «Людзей трэба падтрымліваць, бо ў турме апынуліся і тыя, хто не ўваходзіў ні ў якія арганізацыі. Але людзі пазнаёміліся падчас судоў і цяпер да акцыяў салідарнасьці далучаецца ўсё больш народу. Калі нікога з нас не затрымаюць, то я буду задаволены».

Акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі прайшла без затрыманьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG