Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Бундэстагу Мануэль Cарацін ўзяў шэфства над Мікітам Ліхавідам


Мікіта Ліхавід
Сябра нямецкага Бундэстагу і ПАРЭ ад фракцыі зялёных і Мануэль Cарацін заявіў пра шэфства над беларускім палітвязьнем, 21-гадовым актывістам руху "За Свабоду" Мікітам Ліхавідам, які быў пакараны 3,5 гадамі калёніі за ўдзел у падзеях 19 сьнежня.

Кампанію «Шэфства над палітвязьнямі» ініцыявала праваабарончая арганізацыя «Libereco — Partnership for Human Rights» са штаб-кватэрай у Боне. Яе мэта — каб кожны палітзьняволены ў Беларусі і яго сям’я атрымалі маральную ды палітычную падтрымку з боку нямецкіх парлямэнтарыяў. Сутнасьць такога падыходу ў тым, каб сачыць за праблемамі “падшэфнага” палітвязьня, падтрымліваць, у тым ліку і матэрыяльна, ягоную сям'ю, распаўсюджваць інфармацыю пра гэтага ды іншых палітзьняволеных у Беларусі з мэтай іх вызваленьня.

Камэнтуючы сваё рашэньне аб шэфстве над Мікітам Ліхавідам, Мануэль Сарацін адзначыў, што ён вельмі заклапочаны рэпрэсіямі рэжыму Лукашэнкі ў дачыненьні да ўдзельнікаў мірных дэманстрацыяў, нязгодных з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў:

"Яго не магу пагадзіцца з прысудам 3,5 гады ў дачыненьні да гэтага чалавека. Падобнымі палітычнымі працэсамі Лукашэнка літаральна топча нагамі ўсе дэмакратычныя прынцыпы. Гэтаксама я не магу прыняць рэпрэсіўнае абыходжаньне ў Наваполацкай калёніі, пра якое паведамляе сям'я Мікіты”.

На мінулым тыдні пра сваё шэфства над палітвязьнямі Паўлам Севярынцам і Зьмітром Дашкевічам заявілі сябра Эўрапарлямэнту Міхаэль Галер і сябра Бундэстагу, старшыня моладзевага саюзу ХДС Філіп Mісфэльдэр. Яшчэ раней пра падтрымку палітвязьня, экс-кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча абвясьціў дэпутат Бундэстагу ад фракцыі сацыял-дэмакратаў Франц Цёнэс. Дэпутат Бундэстагу ад фракцыі зялёных, каардынатар у пытаньнях Усходняй Эўропы Марылюіза Бэк узяла шэфства над былым кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах Андрэем Саньнікавым, а дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ад Польшчы, прадстаўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту па дачыненьнях зь Беларусьсю Марэк Мігальскі заявіў пра шэфства над палітвязьнем Зьмітром Бандарэнкам.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG