Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа напалоханая гуркамі


14 чалавек памерлі і больш як 300 інфікаваныя ў Нямеччыне, дзе распаўсюджваецца небясьпечная кішэчная інфэкцыя. Яе пашырэньня баяцца ў Эўропе. Чэхія і Аўстрыя ўжо зьнялі з продажу гішпанскія гуркі той самай сэрыі, што, як мяркуецца, выклікала інфэкцыю. Расея забараніла імпарт сьвежай гародніны ня толькі з Гішпаніі, але і з самой Нямеччыны.

У Нямеччыне на сёньня зарэгістраваныя 329 цяжкахворых, 36 выпадкаў хворых з падобнай карцінай у Швэцыі, некалькі выпадкаў адзначаныя ў Брытаніі, Нідэрляндах і Францыі – усе ў людзей, якія падарожнічалі ў Нямеччыну. Са словаў прафэсара Райнхарда Бургера, дырэктара інстытуту Робэрта Коха ў Бэрліне, апошнімі днямі за суткі рэгіструецца да 60 выпадкаў новых інфікаваных. Нямецкія экспэрты прыйшлі да высновы, што вінаваты небясьпечны патаген бактэрыі Escherichia coli (эшэрыхія колі), які быў знойдзены на агурках ад гішпанскага вытворцы Pepino Bio Frunet. Буйная партыя агуркоў прадавалася праз аптовы рынак Гамбургу. Менавіта ў Гамбургу былі зарэгістраваныя першыя выпадкі захворваньня. Але, як удакладняе радыё Deutsche Welle, крыніца інфэкцыі яшчэ няясная. Высьветлілася, што ў Гамбургу адзін эўрападдон з агуркамі ўпаў на брудную зямлю, аднак агуркі ўсё роўна паступілі ў продаж.

Нямецкія мэдыкі адзначаюць незвычайна цяжкое працяканьне інфэкцыйнага захворваньня, якое выклікае так званы гемалітыка-урэмічны сымдром. Нямецкі доктар Аляксандар Кекуле тлумачыць, што патагенная кішэчная палачка, якая распаўсюджваецца па краіне, была першапачаткова самай звычайнай кішэчнай палачкай, якая выконвала шэраг важных функцыяў у арганізме. Але на нейкім этапе яна набыла небясьпечныя рысы, і, падобна ўзбуджальнікам дызэнтэрыі, пачала выпрацоўваць таксін, які разбуральна дзейнічае на сьлізістую абалонку кішэчніка, выклікае боль, крывавы панос, вострую ныркавую недастатковасьць. Найбольш падатлівымі да захворваньня аказаліся пажылыя жанчыны.

У той час як нямецкія ды іншыя эўрапейскія спажыўцы на параду ўладаў адмаўляюцца ад агуркоў, салаты ці памідораў, гішпанскія вытворцы патрабуюць ачысьціць сваю рэпутацыю. Так, Дыега Лопэс Гарыда, прадстаўнік краіны ў Эўразьвязе, заявіў журналістам у справе інфікаваных агуркоў: “Гэтаму няма пацьвярджэньняў і мы патрабуем тлумачэньняў ад тых, хто зьвязаў гэтую праблему з Гішпаніяй”. Агенцтва Ройтэрс паведамляе, што толькі фэрмэрскія фірмы ў гішпанскім раёне Андалузія штодня губляюць 7-8 мільёнаў эўра з-за падазрэньняў да небясьпечных агуркоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG