Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ не аддае музыку гітару


Ігар Сімбіроў
Ігар Сімбіроў
Асіповіцкі музыка, актывіст каманды экс-кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева Ігар Сімбіроў дамагаецца, каб КДБ вярнуў яму гітару й нэтбук з чарнавымі запісамі яго твораў. Іх забралі 20 сьнежня з кватэры, якую ён здымае ў Менску. Сімбіроў падчас ператрусу быў пад вартай у Жодзінскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

30 траўня музыка даслаў скаргу ў Генэральную пракуратуру Беларусі. У ёй ён вінаваціць старшыню беларускага КДБ Вадзіма Зайцава ў наўмысным бязьдзеяньні, зацягваньні справы, а таксама грубым парушэньні Закону аб зваротах грамадзянаў.

"Я ўжо зьвяртаўся ў менскі КДБ з патрабаваньнем вярнуць мне маю маёмасьць. Калі я тэлефанаваў туды, супрацоўнік мне пацьвердзіў, што такі зварот атрыманы й яго, як мне сказалі, пераадрасавалі "наверх". Я дамагаюся вяртаньня сваіх рэчаў, бо цяпер займаюся актыўнай канцэртнай дзейнасьцю. Я не зьбіраюся маўчаць, а буду кусацца як толькі магу. Вінаватыя ў парушэньні закону павінны быць пакараныя", заяўляе Ігар Сімброў.

Каб дамагчыся вяртаньня забраных рэчаў, музыка ўжо зьвяртаўся ў галоўнае ўпраўленьне папярэдніх расьсьледаваньняў.

"Я зьвяртаўся непасрэдна да сьледчага Дзянішчанкі. Ён паведаміў мне, што рэчы знаходзяцца ў менскай управе КДБ. Сказаў, каб я зьвяртаўся туды. У Менскае КДБ я пісаў супрацоўніку Калачу. Той адпісаў, што аддаць ня можа маіх рэчаў, бо заняты працай. У лісьце ён пазначыў, што я маю права скардзіцца ў рэспубліканскі КДБ. Я так і зрабіў — паскардзіўся Зайцаву. Ён не адказвае два месяцы. Паколькі мой зварот пісаўся Зайцаву, то я сёньня зьвярнуўся ў пракуратуру на яго асабіста".

Як заяўляе Ігар Сімбіроў, пасьля скаргаў невядомыя пачалі слаць яму на электронную паштовую скрынку лісты з абразамі і пагрозамі.

19 сьнежня Ігар Сімбіроў быў у калёне прыхільнікаў Уладзімера Някляева, на якіх напалі супрацоўнікі спэцслужбаў. Яго затрымалі ў ноч з 19 на 20 сьнежня. У Жодзіне ён адседзеў 15 сутак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG