Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Народ у паніцы. Усе на мяжы бунту"


Вёска перажывае крызіс ня менш хваравіта, чым горад. Рэзка ўзьняліся цэны на апрацоўку прысядзібных участкаў, на паліва, хімікаты, многія тавары. Дзе-нідзе сяляне мусяць апрацоўваць пасевы ўручную.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Які народ — такі і "бацька"…"

На Гарадзеншчыне многія сяляне вымушаны апрацоўваць свае надзелы ўручную, а ня трактарам, бо паліва вельмі падаражэла.

Вёска Путрышкі Гарадзенскага раёну — за некалькіх кілямэтраў ад гораду. Шмат хто зь яе жыхароў езьдзіць на працу ў Горадню, але некаторыя традыцыйна працуюць на зямлі.

Першы сустрэчны спадар на вуліцы, калі я запытаўся, як іх тут закрануў крызіс, пачаў ледзь ня лаяцца.

Спадар: "Ды па ўсіх парамэтрах усё даражэе: малако дзьве тысячы каштуе, хлеб — больш за дзьве тысячы, заробкі не растуць, а 80-ты бэнзін амаль чатыры тысячы — мая машына стаіць у гаражы. Ну і што рабіць?".

"У краме нашай вёскі Путрышкі харчы ўжо даражэйшыя, чым у горадзе"

Падыходзіць яшчэ адзін, маладзейшы спадар і таксама распавядае пра крызіс у вёсцы.

Другі спадар: "Людзі зусім дрэнна жывуць, скардзяцца на жыцьцё. Заробак усяго каля 400 тысяч, самы вялікі — няхай 600 тысяч. Але ў краме ў Путрышках усе харчы даражэй каштуюць, чым у горадзе — усе абсалютна. Хто маладзейшы, то езьдзяць працаваць у Польшчу, Расею, а потым прывозяць грошы ў сям’ю і жывуць".

"Я галасаваў супраць Лукашэнкі, катэгарычна. Ён не гаспадар…"

Першы спадар перабівае суразмоўцу: "Я галасаваў супраць Лукашэнкі, катэгарычна. Ён не гаспадар і не падыходзіць да такой справы. І галоўнае, што ня толькі я, але ён, іншы галасавалі — супраць, а Лукашэнка набраў 80%...".

З крамы ідуць спадарыні і таксама далучаюцца да размовы.

Першая спадарыня: "Стараемся, змагаемся, таму што цэны падняліся, а ў вёсцы, самі разумееце, свая гаспадарка, то неяк выжываем. А цэны падскочылі на соль, цукар пакуль не, на муку, на крупы падняліся, як паўсюль".

"Гэта нам "падзяка" за тое, як мы галасавалі на прэзыдэнцкіх выбарах"

Другая спадарыня: "Усім страшна зараз жыць, бо ня ведаем, што будзе далей, нікому нічога невядома…".

Трэцяя спадарыня: "Я лічу, што гэта нам "падзяка" за тое, як мы галасавалі на выбарах. Цяпер маем тое, што маем, і, напэўна, гэта тое, чаго мы самі заслугоўваем: які народ — такі й "бацька"…".

А вось, бачу, спадар сам цёгае па гародзе сошку і асыпае бульбу. Разгаварыліся, і спадар кажа, што ў гародзе таньней цяпер трактар не заводзіць, бо паліва вельмі адчувальна падаражэла.

"Сёлета бульба будзе "залатая"

Спадар: "Сёлета бульба выйдзе "залатая". Бо тут, здаецца, няшмат поля, а 7 літраў заправіў у трактар, прайшоў паўгадзіны — і бака няма. А колькі зараз каштуюць гэтыя 7 літраў — каля 30 тысяч!".

Карэспандэнт: "Было б прасьцей не займацца такой гаспадаркай…".

Спадар: "Вось паглядзіце, каб парсюка выкарміць, бульбы трэба шмат, мукі. І працуюць людзі на гэтым толькі таму, што ўжо звыкліся і не разумеюць, як жыць інакш. Але гэта нявыгадна. Нават гэтую бульбу, што скормліваюць, то прадаўшы, за яе можна два парсюкі купіць, што яны выкормліваюць аднаго".

Селянін уручную сошкай асыпае бульбу, бо паліва падаражэла і трактар заводзіць дорага

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Вяскоўцы ў шоку: прасяныя крупы каштуюць даражэй, чым сала

Апавядае спадарыня Іна, жыхарка мястэчка Тураў, якому хоць і нададзены статус гораду, але лад жыцьця там вясковы:

"Проста кожны робіць тое, што можа. Хтосьці грошы здымае са сваіх рахункаў, картак, хтосьці крэдыты афармляе на набыцьцё тэлевізараў і лядоўняў, хтосьці бульбы больш пасадзіў, хтосьці бегае па крамах і скупляе ўсё, што можна. Разьмялі ўвесь цукар, усю соль — у нас у Тураве няма ні цукру, ні солі. Расхопліваюць хто што можа — нават бялізну і ўсё такое".

Натуральным шокам для людзей, якія маюць асабістую гаспадарку, сталі цэны на некаторыя харчовыя тавары. У крамы Петрыкаўскага раёну завезьлі прасяныя крупы — добры корм для свойскай птушкі й сьвіней.

Людзі ня вераць вачам, гледзячы на кошты:

"Усе незадаволеныя. А хто будзе задаволены, калі прасяныя крупы даражэйшыя за сала — па 12 тысяч за кілё нам прывезьлі, а каштавалі яны — 3 тысячы. Усе ў шоку".

Суразмоўца Анатоль кажа, што цяпер праблемай стала абрабіць "соткі", бо цыганы, якія маюць коней, патрабуюць за ўзараную й прабаранаваную сотку зямлі 10 тысяч рублёў:

"У нас цыганы бралі за ўзараную сотку 10 тысяч. Канём узараць — 10 тысяч".

Пра падаражэньне харчоў і вясковых паслуг кажа і Аляксандар Кавальчук зь вёскі Козенкі Мазырскага раёну, давераная асоба на выбарах экс-кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага:

"Народ проста ў паніцы. Усе на мяжы бунту".

"Калі ўзараць сотку ў мінулым годзе было самае больш 5 тысяч, то цяпер — 8. Зноў людзей "кінулі". Тыя людзі, што на выбарах і супраць мяне былі, як даверанай асобы, цяпер, наадварот, падтрымліваюць — у сэнсе, што правільна ім казалі".

Некаторыя вясковыя жыхары Ўваравічаў Буда-Кашалёўскага раёну лічаць, што цяперашняя сытуацыя ўсё больш нагадвае пачатак 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя, калі цэны пусьціліся ў галёп, прылаўкі апустошваліся, а ў грамадзтве расло ўзрушэньне.

Меркаваньне жыхара Ўваравічаў спадара Аляксандра:

"Жыхары — мы ўсе абкрадзеныя. Прадукты ў нас яшчэ падаражэлі. Народ проста ў паніцы, у шоку. Нават тыя людзі, якія заўсёды крычалі, што ў нас у кіраўніцтве той чалавек, зараз незадаволеныя. Усе на мяжы бунту".
Нават тыя людзі, якія заўсёды крычалі, што ў нас у кіраўніцтве той чалавек, зараз незадаволеныя. Усе на мяжы бунту

ВІЦЕБШЧЫНА


Народ сёлета садзіць больш бульбы і іншай гародніны

Пасьля падаражэньня харчовых прадуктаў шмат хто зь вяскоўцаў з большым імпэтам пачаў рабіць на ўласных сотках, спадзеючыся зэканоміць за кошт уласнай бульбы ці гародніны. Але абрабіць свой гарод таксама зрабілася значна даражэй, лічыць спадар Зьміцер, гаспадар з Глыбоцкага раёну:

"Я жыву ў малой вёсцы, у нас тут ужо многія адмовіліся кароў трымаць, бо малако ў краме таннае. Але вось гароды пачалі садзіць значна больш — бульбу садзяць, капусту, таму і расада на кірмашы дужа падаражэла — і капусты, і памідораў. Народ сёлета садзіць усяго больш!".

"Калгасных коней няма, мінэральныя тукі й гербіцыды даводзіцца красьці…"

Каб узараць зямлю, даводзіцца зьвяртацца да трактарыста-прыватніка або да ўладальніка каня, і гэтая паслуга таксама ня танная, працягвае спадар Зьміцер:

"Яшчэ ўдалося сёлета ўрабляць зямлю па леташніх коштах, салярка падаражэла тут на днях толькі. А вось калі канём, то ў нас калгасных коней няма. А гаспадар "за бутэльку" рабіць ня будзе, стараецца браць грашыма. І яшчэ ў нас тут людзі мінэральныя тукі не набываюць — стараюцца нешта скрасьці, ці паляводы "падгоняць" па ніжэйшых коштах. А так і яны падаражэлі".

Спадар Георгій з-пад Бешанковічаў мае вялікую гаспадарку: гарод і некалькі кароў. Утрыманьне абыходзіцца нятанна:

"У Бешанковічах за сотку канём узаранай зямлі просяць ад 5 да 10 тысяч рублёў. Калі бяру каня ў свайго знаёмага, то разьлічваюся мёдам ці якім іншым натурпрадуктам. А ня хочаш —дык бяры рыдлёўку ў рукі ды капай!"

Праблемы сёлета займелі тыя гаспадары, якія трымаюць сьвіней, — распавядае спадар Георгі, — бо істотна падаражэў камбікорм:

"Які месяц таму яго ні ў прыватным гандлі, ні ў краме не было дзе знайсьці. А зараз у Бешанковічах мех камбікорму каштуе каля 50 тысяч рублёў, а на Полацкім мелькамбінаце — яшчэ 28. Вось такія справы!".

Сваімі меркаваньнямі пра сёлетнюю пасадку бульбы дзеліцца спадарыня Марыя з Аршаншчыны:

"Бульба даражэе на сваіх сотках. Кіляграм элітнага гатунку на пасеў прадаюць па 5 тысяч рублёў. Вялікае вядро звычайнай "сямянкі" — неэлітнай — 20-25 тысяч. А каб узараць участак, у прыгарадзе гаспадар з канём просіць 10 тысяч за ўзараную сотку, у аддаленых вёсках — 7—8 тысяч".

"Падаражэла насеньне, а таксама ўгнаеньні і асабліва — ядахімікаты"

Гаспадыня падлічыла, што калі пасадзіць 10 сотак элітнай бульбы, то каштаваць гэта будзе сотні тысяч рублёў:

"А яшчэ падаражэла насеньне, а таксама ўгнаеньні і асабліва ядахімікаты — ад каларадзкага жука і гэтак далей. Што летась каштавала адзін "рубель", то цяпер — два, а што было два — цяпер чатыры".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG